Выращенное — сохранить. Ночные рейды на зерносушильные комплексы сельхозпредприятий района

Сельское хозяйство

Вырашчанае – захаваць

Такая задача стаіць перад работнікамі зернесушыльных комплексаў. Як яна выконваецца ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», на КУСП «Ляхаўшчына-агра» і «Дунілавічы-агра», у ноч з аўторка на сераду правяралі члены рэйдавай групы.

У яе складзе — намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева, старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ АУС райвыканкама Андрэй Цымбалюк і інспектар інспекцыі па наглядзе і прафілактыцы РАНС Павел Лысёнак. Іх увага найперш была скіравана на захаванне супрацьпажарнага рэжыму, наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння, веданне аператарамі і работнікамі зернескладоў пажарна-тэхнічнага мінімуму.

Андрэй Цымбалюк правярае дакументы ў вадзіцеля Сяргея Тананы

Першым наведалі зернесушыльны комплекс у Навасёлках. Андрэй Цымбалюк праверыў наяўнасць ва­дзіцельскага пасведчання, пуцёўкі ў Сяргея Вараб’ёва, які працуе на амкадоры, і Сяргея Тананы, за якім замацаваны МАЗ. Асноўнае месца работы Сяргея Тананы — Старадворскае лясніцтва лясгаса. На перыяд жніва, згодна з распараджэннем райвыканкама, яго камандзіруюць на дапамогу навасёлкаўцам. Інспектар выявіў, што ў машыны няма допуску да ўдзелу ў дарожным руху.

— Нягледзячы на тое, што аўтамабіль выкарыстоўваецца не на ажыўленых дарогах, а толькі на тэрыторыі зернясклада, адпаведныя дакументы павінны быць, — тлумачыў Андрэй Цымбалюк. — Да вадзіцеля прэтэнзій няма. Свае заўвагі выкажу інжынернай службе гаспадаркі і спадзяюся, усё будзе аператыўна выпраўлена. Яшчэ перад пачаткам жніва супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама праверылі гатоўнасць уборачнай тэхнікі, арганізацыю вартавой аховы. Па выніках праверак кіраўнікам гаспадарак, у якіх былі выяўлены недапрацоўкі, накіравалі рэкамендацыі па іх ухіленні. Аднак не ўсе адказна да гэтага падышлі.

Павел Лысёнак у чарговы раз зазначае, што вогнетушыцелі няспраўныя

Аператараў зернесушыльнага комплексу Руслана Скавародку і Станіслава Наско па пытаннях супрацьпажарнай бяспекі праінспектаваў Павел Лысёнак. Руслан на сушылцы працуе 10 гадоў, яго памочнік — 2. Станіслаў камандзіраваны з УП ЖКГ. Кантроль за работай сушылкі ажыццяўлялі загадчык мехтака Вольга Шымко і бухгалтар Ганна Буката.

У Норыцы вароты на ўездзе на тэрыторыю зернесушылкі былі замкнёныя. А ля іх нас сустрэла загадчыца луцк-казлоўскай фермы Валянціна Курто.

— Сёння маё дзяжурства, — расказвала Валянціна. — Надвор’е стаіць спякотнае, ураджай — слабаваты, таму ноччу сушыць збожжа няма неабходнасці. Ды і паліва малавата. Аператар справіўся з запланаваным аб’ёмам і літаральна паўгадзіны назад паехаў дадому. Я тут буду да раніцы.

— Тэлефон пажарнай службы ведаеце? — цікавіцца Павел Лысёнак.

—101, — без прамаруджання называе дзяжурная. — За сваё жыццё не адзін раз даводзілася яго набіраць.

Таццяна Андрэева правярае, ці не грэецца збожжа, ссыпанае пад плёнку, і запэўнівае членаў рэйдавай групы, што ўсё нармальна.

Захаванне супрацьпажарнага рэжыму, наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння, веданне аператарамі і работнікамі зернескладоў пажарна-тэхнічнага мінімуму на кантролі рэйдавай групы.

Наступны аб’ект — зернесушыльны комплекс у Дунілавічах.

— Хочаце, ужо цяпер скажу, якія будуць заўвагі? — кажа па дарозе інспектар РАНС. — Няспраўныя вогнетушыцелі. Ніякія меры ўздзеяння з нашага боку на адказных за пажарную бяспеку ў гаспадарцы не мяняюць сітуацыю.

За пультам кіравання нязменна ўжо на працягу 12 гадоў знаходзіцца Аляксандр Казловіч з сынам. Яны назіраюць за двума маніторамі: ­адзін з іх фіксуе работу зернесушыльнага комплексу, другі — камер відэаназірання.

— Акрамя гэтага, мы стараемся падтрымліваць чысціню на зернесушылцы, парадак — на прылеглай тэрыторыі, — гаварыў Казловіч-старэйшы. — Пры неабходнасці рамантуем абсталяванне. Працаваць з сынам намнога лягчэй, чым з чужым чалавекам. За гады работы памяняўся не адзін памочнік. Мы робім усё магчымае, каб прывезеную з поля збажыну дасканала дапрацаваць і адправіць на захоўванне.

— Спякотнае надвор’е, якое ста­іць, ускладняе работу, — разважаў Павел Лысёнак. — Непатушаная цыгарэта, няспраўная тэхніка мо­гуць справакаваць узгаранне. Любая неасцярожнасць з агнём ператворыць залатое зерне ў чорны попел. Сушка збожжа — адзін з найбольш пажаранебяспечных працэсаў. З-за высокіх тэмператур ёсць рызыка ўзгарання. З ім можна аператыўна справіцца з дапамогай пярвічных сродкаў пажаратушэння. Але для гэтага яны павінны быць укамплектаваныя і спраўныя.

Падыходзім да супрацьпажарнага шчыта. На ім — тры вогнетушыцелі: аднаму больш за 5 гадоў, у другім нізкі ціск і адсутнічае колба. І гэта даказвае, што на КУСП «Дунілавічы-агра» пра бяспеку належным чынам не клапоцяцца. Бо як інакш растлумачыць такую безгаспадарчасць?

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.