Жизнь, сотканная по собственному образцу. История Ядвиги Петкевич

Общество

Мінулай восенню дачка ўгаварыла 89-гадовую Ядвігу Пяткевіч пакінуць дом у Каралінове і паехаць на зіму да яе ў Оршу. У пачатку снежня ў сям’ю прабраўся COVID-19. Не ўбераглі ад яго і Ядвігу Віктараўну. Ад лячэння ў бальніцы жанчына адмаўлялася, і толькі калі не змагла ўстаць з пасцелі, згадзілася на шпіталізацыю. У машыну хуткай дапамогі яе заносілі на насілках. 18 дзён была на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ніхто не меў надзеі, што будзе жыць. Вярнулася слабай. А як пацяплела, прыехалі з дачкой у Каралінова. Родныя сцены і вясковае паветра дадаюць сіл. Ужо паспела звязаць дачцэ кофту, цяпер давязвае шкарпэткі.

Ядзі было 8 гадоў, калі памерла маці. Сіротамі засталіся два сыны і дзве дачкі. Бацька праз пэўны час ажаніўся, толькі мачаха не мела ласкі да чужых дзяцей.

Я была наймалодшай, але не адчувала, што мяне шкадуюць больш, — туманяцца вочы жанчыны. — Мела здольнасці да вучобы, ды мачаха не пусціла ў школу, бо трэба было жыта жаць, лён ірваць, прасці, ткаць… А колькі страху нацярпеліся ў вайну! Немцы ў нашай вёсцы занялі панскі палац. Нярэдка прыходзілі ў хату, выстройвалі ўсю сям’ю і наво­дзілі на нас аўтамат. Ні за што маглі расстраляць. А яшчэ больш азвярэлі адступаючы — пад саламяную страху кожнай хаты паднеслі факел. На папялішчах засталіся толькі печы. Вяскоўцы пасяліліся ў палацы. Раніцай кожная гаспадыня ішла да месца свайго дома, распальвала ў печы і варыла ў ёй ежу.

90-гадовая Ядвіга Пяткевіч

Вярнуўшыся з фронту, мужчыны ўзяліся адбудоўваць дамы, палягчэла жанчынам. Новым выпрабаваннем стаў голад, калі ў першы пасляваенны год вымакла ўсё пасеянае.

Хлеб з лебяды пяклі. Некаторыя варон, галубоў лавілі і варылі.
Але людзі паміж сабой дружныя былі. Маладыя збіраліся на вячоркі і весела бавілі час.

Ядзя мела прыгожы голас, была здатная да танцаў. Не адзін мясцовы хлопец да яе заляцаўся. А яна выбрала франтавіка Адама Пяткевіча, які з Каралінова дайшоў аж да Берліна. Дадому вярнуўся з драўляным чамаданам. Ён і цяпер на пачэсным месцы ў пакоі, дзе ўнук Ядвігі Віктараўны захоўвае рарытэтныя рэчы: калаўрот, зроблены яе бацькам, прасніцу, дываны, сатканыя рукамі гаспадыні, кросны і іншае. Адам умеў шыць боты. За пару давалі пуд збожжа. Ядзя ткала на заказ дываны. Усё гэта рабілі ноччу, бо днём працавалі ў калгасе.

Як я цяпер зайздрошчу маладым! — гаварыла Ядвіга Пяткевіч. — Дзяржава плаціць грошы пры нараджэнні дзіцяці, дае водпуск па яго доглядзе. Я сваю Люсю ў полі пад бярозай нара­дзіла. А да гэтага з мужам улесе нарыхтавалі 3 вазы моху, каб лазню ім­шыць, затым вырвала 11 сотак ільну — і чую, падыхо­дзіць мой час. Пакуль Адам каня прывёў, пакуль запрог… Выехалі — і пачалося. Звярнулі з дарогі ў цень пад бярозу, там дзяўчынка і з’явілася на свет. А потым паехалі ў Камаі ў бальніцу. Праз некалькі дзён вярнулася дадому, мой Адам зрабіў каляску на драўляных колах. Паклала ў яе дзіця — і ў поле лён ірваць. Праз паўтара года зноў зацяжарыла. Тады ўжо даяркай працавала. Вярнулася з фермы і дома нарадзіла другую дачушку. Праўда, пражыла яна толькі тры месяцы. Перажыць гора дапамагла праца. Прыйду з фермы, сваю гаспадарку дагледжу і саджуся за кросны. Гэты занятак прыносіў задавальненне і прыбытак: было за што дом будаваць. Часам спала гадзіну ў суткі. Узоры запамінала хутка, дастаткова было адзін раз убачыць — і магла такі ж выткаць, звязаць.

Ядвіга Віктараўна была здольная да любой работы. Муж баяўся вышыні, і яна сама бляхай накрыла хату, шчапой — хлеў. Добра ведала грыбныя і ягадныя месцы. За сваё жыццё прыгатавала 40 вясельных сталоў. Яе запрашалі маліцца па нябожчыках. Сярод найлепшых была на ферме, дзе з мужам даглядалі цялят. Як перадавік сельгасвытворчасці ездзіла на Выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву. 32 гады назад аўдавела, але не страціла цікавасці да ўсяго, што адбываецца навокал.

Нялёгкім было маё жыццё, але плённым, сатканым па ўласным узоры, — гаварыла мая суразмоўца. — Кожнае лета забірала да сябе траіх сваіх унукаў і дваіх — маёй роднай сястры, якая рана памерла. І цяпер яны любяць прыязджаць да мяне ў водпуск. Чакаю іх і на юбілей.

Учора Ядвіга Віктараўна адзначыла 90-ы дзень нараджэння. У камайскім касцёле адбылася Імша падзякі за пражытыя гады. Вярнуліся з дачкой дадому, папілі чаю, і імянінніца села за кросны. У планах — даткаць пачаты летась дыван.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Областной молодежный форум прошел на Поставщине на прошлой неделе
Мастер из Шарковщины Инесса Дорощенок научила поставчанок выпекать итальянские палочки
Посмотрите, какую красоту создали в своем дворе Римма и Геннадий Лавниковские



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.