Артистам – браво! В Ковзанах прошел праздник деревни

Общество

Артыстам – брава!

Увесь дзень пякло і рваў вецер. Затым сталі напаўзаць хмары. І коўзанцы занепакоіліся: калі пойдзе дождж, свята вёскі, аб’яўленае на 17 гадзін, можа сарвацца. Яшчэ больш хваляваліся культ­работнікі і самадзейныя артысты, якія падрыхтавалі вялікую канцэртную праграму і вельмі хацелі парадаваць ёй людзей.

Наталія Сцегніенка ўручае каравай старэйшыне вёскі Але Лешчык
Шмат вясёлых забаў было для дзяцей

На шчасце, хмары абмінулі Коўзаны і паплылі далей, сонца аблашчыла наваколле. І на пляцоўцы ля шматпавярховых дамоў распачалося дзейства. Найперш прысутных цёпла павіншаваў са святам старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанцін Мядзведзеў. Затым павялі рэй самадзейныя артысты. Прычым яны былі не толькі мясцовыя, але і з Валкоў, Лукашова, Юнек, Дунілавіч. Пахвальная традыцыя — аб’ядноўваць сілы, дакладней таленты, і дэманстраваць іх сумесна. Тон задавала загадчыца Навасёлкаўскага цэнтра культуры Наталія Сцегніенка. Яна не толькі вяла святочную праграму, але і артыстычна пераўвасобілася ў чараўніцу і празорцу і жартоўнымі прадказаннямі нямала павесяліла гледачоў.

Юная салістка Насця Дзідзевіч
Добры настрой ва ўсіх гледачоў

А якая вёска без лазні? І пайшлі ў ход бярозавыя венікі! Усіх пахвасталі і здароўя пажадалі. Калі ж на пляцоўку выйшлі Мядз­ведзь і Маша, іх адразу акружыў натоўп дзяцей. Захоплена гулялі з казачнымі героямі і шчыра весяліліся. А колькі эмоцый выклікалі музычныя паўзы, пусканне мыльных пузыроў!

Трыа ў складзе Марыны Пусько, Алены Іваніцкай і Тэрэзы Літовец

Не сумавалі і старэйшыя коўзанцы. Для іх гучалі песні, загадваліся загадкі, разыгрываліся сцэнкі, вёўся аповед пра вёску і яе жыхароў. Праўда, дарослых на свята сабралася не так шмат, як магло быць. Няўжо людзі так «прыліплі» да канап, тэлевізараў ды смартфонаў, што не пажадалі паглядзець канцэрт, які ладзіўся літаральна за парогам іх дома?

— А тыя, хто прыйшоў на свята, засталіся ў захапленні ад яго, — гаварыла мне пазней старэйшына вёскі Ала Лешчык. — Мы вельмі ўдзячныя ўсім артыстам. Якія яны малайцы! Назавіце, калі ласка, у газеце іх прозвішчы.

Называю: Наталія Сцегніенка, Іван Маслюк, Людміла Мелец, Марына Пусько, Алена Іваніцкая, Тэрэза Літовец, Часлаў Машніч, Ірына Смолка, Ігар Шкорнік. Асобна хачу адзначыць юную зорачку — шасцікласніцу Насцю Дзідзевіч. А яшчэ — сказаць пра тое, што ў Коўзанаў ёсць будучыня. На цяперашні час у вёсцы каля 200 жыхароў, 70 з якіх — дзеці да 18-гадовага ўзросту. Шмат іх было і на свяце, якое, безумоўна, надоўга запомніцца кожнаму.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.