Без поля себя не представляет. Роман Панкрашов техникой увлекся в раннем детстве

Сельское хозяйство

Без поля сябе не ўяўляе

Раман Панкрашоў тэхнікай захапіўся ў раннім дзяцінстве. Калі вучыўся яшчэ ў 2 класе, дзед, які быў вопытным механізатарам, дазваляў яму паруліць на магутным «Кіраўцы». Пасля школы з выбарам прафесіі не вагаўся і паступіў у Пастаўскі дзяржаўны каледж.

— Атрымаў дыплом і вярнуўся ў родныя Лынтупы, — расказваў Раман Панкрашоў. — «Блакітнымі азёрамі» тады кіраваў Уладзімір Адамчык. У перыяд жніва ўгаварыў мяне сесці на КЗР. Цяпер, можа, я і не адважыўся б, а тады згадзіўся хутка, хоць да гэтага ні аднаго дня нават памочнікам не працаваў.

Справа пайшла. Вопытны кіраў­нік, як кажуць, сэрцам адчуваў, што з хлопца атрымаецца талковы механізатар. Налюбым участку работы Раман дабіваецца высокай выпрацоўкі, вызначаецца адказнасцю. Асабліва любіць жніво. Але калі «Блакітныя азёры-агра» далучылі да ААТ «Янавіца-агра», ён звольніўся.

Камбайнер-тысячнік Раман Панкрашоў

— Уладкаваўся ва УП ЖКГ слесарам, — расказваў. — Нарміраваны рабочы дзень, па графіку выхадныя. Але не маё гэта было. На перыяд жніва мяне з ЖКГ накіроўвалі на дапамогу хлебаробам, і я садзіўся на камбайн. Душа радавалася налітаму коласу, любімай справе. У мінулым годзе зразумеў, што без поля не ўяўляю свайго жыцця. Хоць хлебаробская праца цяжкая: ранні пад’ём, работа да змяркання, але мне яна падабаецца. Таму не вытрымаў і зноў уладкаваўся ў гаспадарку.

Свабоднай тэхнікі не было, і Раману прапанавалі сабраць трактар з таго, што знаходзілася на мехдвары. Ён хватка ўзяўся за работу. За зіму трактар склаў і паехаў на ім араць. Падчас корманарыхтоўкі на КВК падбіраў і здрабняў зялёную масу. Сёлета перад пачаткам жніва Панкрашову даверылі новы зерне­ўборачны камбайн «Палессе». На ім ён намалаціў больш за 1 000 тон збожжа. Віншаванні ад намесніка начальніка райсельгасхарчу Таццяны Андрэевай і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілія Катовіча прымаў на пшанічным полі каля Гіруцёў.

— Сорамна было б не дасягнуць такога намалоту, — гаварыў Раман. — Маё «Палессе» — асноўная сіла ў гаспадарцы. Рупяцца і Аляксандр Тамілін, Віталій Паўкштэла, але ў іх старыя камбайны. На «Нью Холандах» дапамагаюць Васілій Чабуранаў і Андрэй Сакалоў з малочнага завода. Прыемна прымаць віншаванні і прэміі. Калі стараешся, то і зарабіць можна. За корманарыхтоўку атрымаў паўтары тысячы рублёў. На жніве — больш. Вядома, трэба пашчыраваць.

Як працуе тэхніка ў полі, у многім залежыць ад яе падрыхтоўкі да работы. Перад кожным выхадам Раман дасканала аглядае камбайн, правярае механізмы, змазвае іх. Кожнае жніво мае свае асаблівасці. Сёлета ўраджай не вельмі радуе, тэмпы стрымлівалі дажджы. Працавітасць, руплівасць камбайнераў і вадзіцеляў заўсёды нязменныя.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.