Быть тысячником — дело привычное: Николай Чешун и Андрей Соколов

Сельское хозяйство

Быць тысячнікам – справа прывычная

Гэта пра Мікалая Чашуна, які сёлета, як і летась, першым у ААТ «Хацілы-агра» і другім наПастаўшчыне дасягнуў тысячнага намалоту, Андрэя Сакалова з малочнага завода — ён 1 000 тон намалаціў літаральна праз дзень пасля Васілія Чабуранава і стаў трэцім камбайнерам-тысячнікам раёна.

— Працавітасць, старанне, любоў да тэхнікі перадаліся Мікалаю з генамі, — гаварыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Вячаслаў Крыштафовіч. — Упэўнены ў гэтым таму, што ў яго бацькі я некалі быў памочнікам. Цяпер радуе поспехамі Мікалай.

Мікалай Чашун з памочнікам Сяргеем Буракасам

— Я камбайнерскаму майстэрству вучыўся ў Антона Браздаўскаса, — расказваў Мікалай Чашун. — Пачынаў з ім на «Ніве», бацька на той час ужо не працаваў. Потым самастойна ўбіраў на «Ніве», «Доне», КЗС-10. На апошнім, у якога 6-метровая жняярка, у 2015 годзе намалаціў 1 660 тон. Але ж тады ўраджайнасць у нашай гаспадарцы была больш за 80 цэнтнераў з гектара. Удзельнічаў у абласных «Дажынках». Сёмы год убіраю на КЗС-1218. Летась таксама быў першым сярод камбайнераў гаспадаркі. Сёлета ўсе планы на высокі ўраджай перакрэсліла надвор’е. Тым, хто працуе на айчынных камбайнах, крыху крыўдна, што іх параўноўваюць з тымі, у каго замежныя. У New Holland 11-метровая жняярка, а значыць, і выпрацоўка значна вышэйшая. Варта было б перагледзець умовы спаборніцтва.

Андрэй Сакалоў

Памочнікам у Мікалая Чашуна — Сяргей Буракас. Хлопец з мнагадзетнай сям’і, вучыцца ў Наваполацкім дзяржаўным політэхнічным каледжы. На час канікулаў уладкаваўся на работу ў ААТ «Хацілы-агра», тут жывуць яго бацькі. Задаволены, што назначылі памочнікам да Мікалая Іванавіча.

Колькі тысяч тон збожжа загады работы на зямлі намалаціў Андрэй Сакалоў, напэўна, ніхто не злічыць. Ён пастаянна сярод найлепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Самыя памятныя для яго «Дажынкі» — 2003 года, калі з рук Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі атрымаў ключы ад новенькіх «Жыгулёў». Настойліва ішоў і да сёлетняй тысячы.

— У пачатку жніва «злавіў» камень, — расказваў Андрэй Сакалоў. — Амаль тры тыдні прастаяў на рамонце. Праўда, тым часам і надвор’е не спрыяла жніву — іншыя камбайны таксама прастойвалі. Таму і розніца ў намалотах з Васіліем атрымалася невялікая. Усталяваліся сонечныя дні — і я хутка дабраў тысячу.

У дажджлівыя дні Андрэй рамантаваў New Holland, ноччу выязджаў на ворыва глебы пад азімую сяўбу. Андрэя радуе, што тэхнікай цікавіцца сын Саша, які пойдзе ў 9 клас. Ёсць упэўне­насць, што падрастае надзейная змена.



Сяргей Чэпік пра сёлетні і будучы ўраджай:

Няпроста праходзіла веснавая пасяўная. У маі ў нашым раёне выпалі тры месячныя нормы ападкаў. Увесь чэрвень і палову ліпеня стаяла 30-градусная спёка. Гэта адмоўна адбілася на ўраджайнасці. Па раёне ўбрана 60% плошчы зерневых і зернебабовых. Вынікі не радуюць. Прагназуючы канчатковы вынік, можна сказаць, што прыкладна каля 10 000 тон збожжа да ўзроўню мінулага года мы недабяром. Крыўдна, што такія гаспадаркі, як «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», дзе ўсе сельскагаспадарчыя работы праводзяцца строга з захаваннем тэхналагічных патрабаванняў, сёлета не могуць пахваліцца ўраджайнасцю. Напрыклад, хацілаўцы летась атрымалі ў сярэднім 72 цэнтнеры з гектара, сёлета — толькі каля 46. Колас з-за анамальнай засухі не наліўся, не сфарміравалася зерне. Зрабілі аналіз: маса 1 000 зярнятак у мінулым годзе была на 20% цяжэйшай, чым сёлета. Быў бы ўраджай вышэйшы, і першыя тысячнікі маглі б з’явіцца раней. Ускладняюць жніво і стрымліваюць яго тэмпы дажджы. Калі надвор’е ўсталюецца, то нам спатрэбіцца яшчэ тыдзень, каб завяршыць уборку. Многія гаспадаркі ўжо прыступаюць да сяўбы азімага рапсу. 9 жніўня на селектарнай нарадзе старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў паставіў задачу ў паўтара раза павялічыць плошчы пасеваў як азімых зерневых культур, так і крыжакветных. На ўласным вопыце пераканаліся, што азімыя даюць значна вышэйшую ўраджайнасць, чым яравыя. Ва ўсіх гаспадарках цяпер рыхтуюць насенне да сяўбы, назапашваюць калійныя, фосфарныя ўдабрэнні. Трэба прыкласці максімум намаганняў, каб сяўбу азімых правесці тэхналагічна правільна і ў аптымальныя тэрміны.



Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.