Чемпионат Беларуси па футболу. Вторая лига. ФК «Чашники»—ФК «Поставы»— 4:7

Спорт

У атацы – уся каманда

ФК «Чашнікі»–ФК «Паставы» – 4:7

Гульня праходзіла на стадыёне «Энергетык» у Новалукомлі, бо ў Чашніках няма гарадскога стадыёна. Напярэдадні выязнога паядынку пастаўчане даведаліся, што ў першынстве ім засталося правесці толькі 4 матчы. З-за фінансавых праблем з чэмпіянату Беларусі зняўся адзін з лідараў турніру за 7—12-е месца — віцебскі «Харчцэнтр». Згодна з рэгламентам, ва ўсіх запланаваных сустрэчах віцябчанам будуць залічаны тэхнічныя паражэнні з лікам 0:3. Таму нашым на выездзе неабходна было гуляць толькі на перамогу.

Ужо ў самым пачатку перавагай завалодалі пастаўчане і смела пайшлі наперад. На 3-й хвіліне з перадачы юнага абаронцы Глеба Касенкі лік адкрыў наш бамбардзір Ігар Павініч. Ён па-майстэрску гуляў у звязцы з цэнтрфорвардам і капітанам Андрэем Вілейтам. Іх дуэт правёў шэсць мячоў і аддаў яшчэ тры выніковыя перадачы. Адну з такіх камбінацый пачаў варатар ФК «Паставы» Андрэй Чашун, а завяршыў яе Андрэй Вілейта — 0:2. Неўзабаве нашы яшчэ павялічылі сваю перавагу, але і сапернік не думаў здавацца.

З мячом найлепшы бамбардзір пастаўчан Ігар Павініч

ФК «Чашнікі» на 19-й хвіліне скараціў розніцу ў ліку — 1:3, але наш 17-гадовы правы абаронца Павел Гарнадуд далёкім стрэлам зноў змяніў лік на табло. Першы тайм завяршыўся з лікам 3:5.

Пасля перапынку сапернік вялікімі сіламі пайшоў наперад і праз гадзіну барацьбы змог звесці адставанне да мінімуму — 4:5. Але пастаўчане ўзялі мяч пад свой кантроль, а Ігар Павініч зноў правёў вельмі важны мяч. На яго рахунку стала яшчэ 4 галы, а ўсяго — 11. Наш снайпер — адзін з найлепшых у Віцебскім дывізіёне.

Сапернік занерваваўся, у дадатак зарабіў выдаленне. Пераможную кропку перад фінальным свістком паставіў капітан пастаўчан.

Пераканаўчай буйной перамогі на выездзе дабіліся Чашун, Гарнадуд, Голубеў, Камісарчук, Касенка (Ярома), Д. Зелянкевіч, Пурлан (М. Якаўлеў), Давідоўскі (Хмяльніцкі), Кабяк, Павініч, Вілейта. Наш наступны сапернік — «Ніва» (Талачын) — у неаптымальным стане быў разгромлены ў Глыбокім з лікам 7:0. Але гэта не азначае, што пастаўчанам у Талачыне можна расслабіцца — іх чакае там няпростая сустрэча. ФК «Лепель» без барацьбы дадаў сабе 3 ачкі, што зробяць і пастаўчане ў адмененай гульні з «Харчцэнтрам». А пакуль яны з 5 баламі падняліся на 10-е месца ў турнірнай табліцы.

У шасцёрцы наймацнейшых барацьба за званне чэмпіёна вобласці ўпартая. «Полацк-2019» у канцоўцы вырваў перамогу (2:1) над камандай Гарадка. Аршанцы згулялі ўнічыю 0:0 з сенненцамі. У Міёрах дзеючы чэмпіён — віцебскі «Газавік» — дабіўся валявой перамогі з лікам 4:1. Пастаўчане пасля выезду ў Талачын 4 верасня дома правядуць перадапошні матч сезона з футбалістамі Чашнікаў.

Уладзимір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.