Что произошло с мигрантами на участке погранпоста «Полесье» Сморгонской пограничной группы?

Безопасность

Не пакінулі ў бядзе

У пачатку тыдня літоўскія пагранічнікі прыцягнулі са свайго боку цяжарную жанчыну ў беспрытомным стане і пакінулі яе ляжаць на лініі Дзяржаўнай граніцы з Беларуссю. Кадры з надзвычайным здарэннем зафіксаваў на камеру яе суайчыннік — грамадзянін Ірака. Гэта адбылося на ўчастку пагранпаста «Палессе» Смаргонскай пагранічнай групы.

Разам з жанчынай былі чацвёра дзяцей, муж і яшчэ 4 чалавекі. Усе яны накіроўваліся ў Еўрапейскі саюз, але былі сілком выдвараны з Літвы. Дапамогу мігрантам аказалі беларускія пагранічнікі і медыкі — стан жанчыны патрабаваў неадкладнай шпіталізацыі. Разам з ёй у педыятрычнае аддзяленне Пастаўскай ЦРБ былі дастаўлены 4 яе дачушкі ва ўзросце ад 4 да 11 гадоў.

— На выклік, які паступіў у панядзелак у 22.15, выехала брыгада хуткай дапамогі Лынтупскай участковай бальніцы, — паведаміў галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ Уладзімір Чакавы. — Фельчар Алена Макаранка аказала бежанцам першую меддапамогу і накіравала ў райцэнтр. Тут жанчыну з дзецьмі ўжо чакала брыгада дактароў: дзяжурны ўрач, акушэр-гінеколаг, рэаніматолаг і педыятр.

Сясцёр змясцілі ў асобны бокс педыятрычнага аддзялення. У медыцынскай дапамозе дзеці патрэбы не мелі. Таму галоўнае назначэнне ім — сон і чатырохразовае харчаванне. Як толькі дзяўчынкі адпачылі і набраліся сіл, пачалі гуляць. Як і ўсе дзеці, яны актыўныя, лёгка ідуць на кантакт. А вось за станам іх маці — 36-гадовай Беравон Раматан Мустафа — давялося сачыць пільна. Ёй зроблена УГД, холтараўскае манітарыраванне, комплекс біяхімічных даследаванняў. У жанчыны, якая знаходзіцца на 21-м тыдні цяжарнасці, зафіксавана абязводжванне арганізма, тахікардыя, паніжаны ціск. Але пасля назначанага лячэння яна хутка пайшла на папраўку. У чацвер разам з дзецьмі яна выпісана і накіравана ў цэнтр часовага знахо­джання бежанцаў у Віцебску.

Гэты выпадак выклікаў шырокі рэзананс у грамадстве. На абвінавачванне беларусаў у наўмысным пакіданні чалавека ў небяспецы літоўцы адрэагавалі наступным чынам: маўляў, жанчына беспрытомнасць імітавала і ніякая меддапамога ёй не была патрэбна. Але гэта, як зараз прынята казаць, фэйк. Неабходнасць яе шпіталізацыі падцверджана аналізамі і аб’ектыўнымі даследаваннямі.



Каментарый у тэму

Васілій Куратнік, камендант пагранкамендатуры «Паставы»:

Пасля мінулагодніх падзей у Беларусі Літва заявіла на ўвесь свет аб сваёй прыхільнасці да еўрапейскіх каштоўнасцей, паабяцаўшы даць прытулак усім бежанцам з нашай краіны. Таму няма нічога дзіўнага, што гэтай магчымасцю вырашылі скарыстацца і іракцы. Людзі распрадаюць усю маёмасць на радзіме і накіроўваюцца ў Еўрасаюз у пошуках лепшай долі для сябе і сваіх дзяцей. Але літойцы ў аднабаковым парадку выдвараюць замежнікаў на тэрыторыю нашай краіны, становячыся саўдзельнікамі ў парушэнні Дзяржграніцы. На працягу 2-х тыдняў абстаноўка ў зоне нашай адказнасці застаецца напружанай, але кантралюемай. Пастаўскія пагранічнікі нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме і своечасова рэагуюць на ўсе выклікі і пагрозы, накіраваныя на Рэспубліку Беларусь.



Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.