Дорога не прощает ошибок: правила дорожного движения для велосипедистов

Безопасность

Дарога не даруе памылак

На днях маёй калезе патэлефанавала знаёмая і, абураючыся, расказала пра тое, як толькі што трапіла пад колы веласіпеда. Жанчына перасякала вуліцу па пешаходным пераходзе. Аўтамабіль, пад’ехаўшы, спыніўся, каб прапусціць яе. А вось веласіпедыст, які рухаўся ўслед за машынай, абагнаў аўто і на поўным хаду збіў з ног грамадзянку. Яна атрымала сінякі і драпіны. Паведамляць пра здарэнне ў міліцыю не стала, але настойліва прасіла, каб пра яго напісалі ў газеце: маўляў, веласіпедысты не выконваюць правілаў дарожнага руху.

Зразумела, гэта датычыць не ўсіх кіроўцаў двухколавых транспартных сродкаў. Але праблема сапраўды існуе. Некаторыя веласіпедысты паводзяць сябе на дарозе вельмі свабодна: могуць ехаць ледзь не па сярэдзіне паласы, нечакана павярнуць налева, не папярэдзіўшы аўтамабілістаў пра свой намер жэстам, рухацца па левай паласе насустрач транспартнаму патоку. З такімі прыкладамі не раз сутыкалася сама як аўтааматар.

 

— Згодна з правіламі, веласіпедыст павінен рухацца па тратуары, не замінаючы пры гэтым пешаходам. Калі рух па тратуары немагчымы — не далей за 1 метр ад правага краю праезнай часткі дарогі. Выязджаць на большую адлегласць дазваляецца толькі для ажыццяўлення нейкага манеўра, напрыклад павароту налева, аб’езду перашкоды, — прыводзіць нормы ПДД часова выконваючы абавязкі старшага дзяржаўтаінспектара аддзялення ДАІ АУС райвыканкама Андрэй Сенін і зазначае, што невыкананне гэтага патрабавання, а таксама не абсталяваны належным чынам веласіпед з’яўляюцца асноўнымі парушэннямі з боку вадзіцеляў названых транспартных сродкаў.

— Спераду на веласіпедзе павінен быць святлоадбівальны элемент белага колеру, ззаду — чырвонага, па баках — жоўтага. Таксама ён павінен мець люстэрка задняга віду і званок, — працягвае Андрэй Сяргеевіч. — Але ў нас веласіпедысты не заўсёды разумеюць, што люстэрка неабходна для таго, каб глядзець, што адбываецца ззаду, бо скорасці руху веласіпеда і аўтамабіля адрозніваюцца ў разы. І перш чым аб’ехаць лужыну ці яму, вадзіцель двухколавага транспартнага сродку павінен пераканацца ў тым, што не створыць перашкоду для аўтамабіляў і гэта не пацягне за сабой стварэнне аварыйнай сітуацыі.

На жаль, такое на нашых дарогах здараецца, і закон даволі сурова карае за гэта. Штраф у дадзеным выпадку складае да 232 рублёў. Калі веласіпед не абсталяваны люстэркам, званком і святлоадбівальнымі элементамі, вадзіцель рухаецца на ім далей за 1 метр ад правага краю праезнай часткі дарогі або па левым яе баку, але не стварае перашкод, яму пагражае штраф у памеры ад 1 да 3 базавых велічынь. У выпадку, калі кіроўца яшчэ і нецвярозы, — ад 3 да 5 базавых.

Не менш важны момант — рух па пешаходным перахо­дзе. Па правілах, збіраючыся перасекчы па ім дарогу, веласіпедыст павінен спешыцца і перайсці надругі бок, коцячы веласіпед побач з сабой. Што таксама робяць далёка не ўсе. Увогуле, падыходзячы да «зебры», каб не трапіць пад колы аўтатранспарту, і веласіпедысту, і звычайнаму пешаходу Андрэй Сенін раіць пераканацца ў тым, што іх заўважылі вадзіцелі аўтамабіляў і ёсць зрокавы кантакт з імі.

Па словах суразмоўцы, не праходзіць і дня, каб на дарогах раёна дзяржаўтаінспектары не прыцягнулі да адказнасці хаця б аднаго веласіпедыста. Безумоўна, далёка не ўсіх штрафуюць. Многіх, хто здзейсніў правапарушэнне ўпершыню, папярэджваюць, як таго патрабуе новы адміністрацыйны кодэкс, які набыў моц 1 сакавіка 2021 года. Пры гэтым даныя пра вадзіцеляў уносяць у спецыяльны дзяржаўны банк, і ў выпадку паўторнага парушэння чалавеку назначаецца штраф. Большасці парушальнікаў дастаткова вынесенага афіцыйнага папярэджання, каб пачаць прытрымлівацца правілаў дарожнага руху. Але ёсць і такія, каго не спыняюць нават неаднаразова назначаныя штрафы. Такім грамадзянам у першую чаргу трэба памятаць: дарога не даруе памылак.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.