Хлеборобы ОАО «Новоселки-Лучай» убрали половину посевов зерновых и зернобобовых

Сельское хозяйство

Тэмпы замарудзілі дажджы

Хлебаробам ААТ «Навасёлкі-Лучай» трэба ўбраць зерневыя і зернебабовыя на 2 650 гектарах. Пакуль жніво праведзена на палове плошчы.

У нядзелю надвор’е радавала сонцам. Але пачынаць абмалот збожжавых з раніцы было немагчыма з-за высокай вільготнасці. У поле камбайны выехалі бліжэй к абеду. У ААТ «Навасёлкі-Лучай» жніво ішло ў некалькіх аддзяленнях. Пры дарозе, што вядзе з Лучая на Карпавічы, пшаніцу ўбіралі Аляксандр Курдо і Сяргей Крацюк.

— Лавіце момант, калі камбайны будуць размінацца, можа, тым часам удасца сфатаграфаваць, — параіў начальнік лучайскага аддзялення Сяргей Савіцкі.

Больш за 450 тон збожжа перавёз з поля на зерняток Іван Юркайць

Неўзабаве Аляксандр падаў сігнал пра поўны бункер. На загрузку машыны пад’ехаў Іван Юркайць.

— Такіх ЗІЛоў ужо, напэўна, нідзе няма ў раёне, — гаварыў інжынер Леанід Дунец. — Машыне амаль 40 гадоў. 10 з іх на ёй працуе Іван. У іншых руках даўно б не служыла. А Юркайць яшчэ і ў перадавіках ідзе.

— Люблю тэхніку, — запэўніў ва­дзіцель. — На розных марках за свае гады давялося папрацаваць. Галоўнае — пільна сачыць за тэхнічным станам, своечасова рамантаваць. Інжынерная служба нашай гаспадаркі забяспечвае неабходнымі запчасткамі. Сёння адлегласць з поля на зернясклад — пару кіламетраў. Значыць, і больш рэйсаў змагу зрабіць.

Камбайнеры са стажам Аляксандр Курдо і Сяргей Крацюк

Равеснік ЗІЛа і «Джон Дзір» Аляксандра Курдо.

— Камбайн — памяць пра Алега Валодзьку, — уздыхае камбайнер. — Такая тэхніка! Якіх намалотаў я на ім дабіваўся! Сёлета шмат розных абставін перашкодзіла набраць тэмп. Цяпер яшчэ і надвор’е ставіць жніво на паўзу.

Сяргей Крацюк нарадзіўся ў Цалінградзе. На цалінных землях на «Ніве», «Енісеі» ўбіраў збажыну. Па волі лёсу прыехаў у Беларусь. Некаторы час жыў на Міншчыне, а два гады таму перабраўся ў ААТ «Навасёлкі-Лучай».

— Цяга да камбайнаў не прайшла, — расказваў Сяргей. — Тут мне прапанавалі паспрабаваць запусціць «Мегу». На ёй у свой час высокіх намалотаў дабіваўся вядомы ў раёне камбайнер Франц Каралёнак. Калі ён пайшоў на заслужаны адпачынак, камбайн некалькі гадоў стаяў. І мне ўдалося яго адрамантаваць, хоць не ўсё ішло гладка. Запчасткі былі, і дзесьці праз два тыдні я выехаў на ім у поле.

Далей па дарозе на Навасёлкі спынілася ля пшанічнага поля паміж Коўзанамі і Кролікамі. На вялікім участку тры камбайны працавалі далёка адзін ад аднаго. Тут жа рулонілі салому два прэс-падборшчыкі.

Вадзіцель Сяргей Варашкевіч ля новенькай машыны

— Сонечнаму надвор’ю рады ўсе, а камбайнеры — асабліва, — гаварыў начальнік коўзанскага аддзялення Славамір Ландышка. — Сёння тут рупяцца Андрэй Врублеўскі, Віталій Смолка і Віктар Дулінец. Некалькі дзён прастойвалі ці выязджалі ў поле на пару гадзін, як дождж зноў вяртаў у майстэрню. Уборка ідзе ў складаных умовах: загружаныя зернем машыны буксуюць. Таму дзяжурыць амкадор, які выцягвае тэхніку на дарогу.

Пакуль Сяргей Варашкевіч падчапляў трос ад амкадора да свайго новенькага ГАЗ-САЗа, удалося крыху пагутарыць. Сяргей — мясцовы. Закончыў Пастаўскі дзяржкаледж, адслужыў у арміі і вярнуўся на роднае сельгаспрадпрыемства. Ажаніўся. У сям’і нарадзіліся два сыны. Варашкевічы купілі дом. Пакуль там вядуць рамонт, жывуць з Сяргеевымі бацькамі. Спачатку на ГАЗелі Сяргей падвозіў на ферму жывёлаводаў. А калі ў пачатку жніва ААТ «Навасёлкі-Лучай» набыло новую машыну, перасеў на яе.

У Славаміра Ландышкі цікаўлюся, дзе працуе Віктар Рогаў, у якога самы высокі намалот. І даведваюся, што ён і Артур Вартазаран убіра­юць пшаніцу ў вайцяхоўскай зоне. Генадзій Анкудовіч, Леанід Сініца, Часлаў Пяткоўскі — у цешалаўскім аддзяленні.

Зерневыя і зернебабовыя ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» займалі больш за 2 600 гектараў. Убрана толькі палова. У нядзелю каля 19 гадзін у Навасёлках пачаўся лівень. Вечарам патэлефанавала Віктару Рогаву і Андрэю Врублеўскаму, каб даведацца, па колькі тон ім удалося намалаціць.

— Дзесьці каля 30, — адказаў Андрэй. — У пачатку ўборкі, калі спрыяла надвор’е, больш за 100 выходзіла.

— Летась у палове жніва зламаўся мой КЗС-10, — расказваў Віктар Рогаў. — А гаспадарка якраз купіла новы КЗС-1218. Выводзіць яго ў поле было бессэнсоўна. Я адрамантаваў стары, паставіў на захоўванне. А сёлета выехаў на новым. Пакуль надвор’е стаяла сухое, тэмпы былі нядрэнныя — намалаціў 800 тон збожжа. А пайшлі дажджы — і ў камбайна выявіўся заводскі дэфект: больш часу адчышчаю гліну, чым убіраю збажыну.

У пачатку жніва на палях ААТ «Навасёлкі-Лучай» было задзейнічана да 13 камбайнаў. За дзень яны ўбіралі больш чым па 200 гектараў. Тэмпы замарудзілі дажджы.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.