Хлопотный август льноводов. Долгунец занимал 1.750 гектаров. На 77% площади он убран

Сельское хозяйство

Клопатны жнівень ільнаводаў

Даўгунец займаў 1 750 гектараў. На 77% плошчы ён выцераблены.

Першыя гектары льну вясной пастаўскія льнаводы засеялі на браслаўскай зямлі, дзе пад яго адвялі 550 гектараў. Там у першую чаргу прыступілі і да цераблення. Цяпер ільносаломка вылежваецца пад жнівеньскімі росамі, а 7 ільнокамбайнаў і 5 церабілак працуюць каля Лугоў і Пятрагаў. На іх рупяцца Віктар Аношка, Канстанцін Шэршань, Іван Загурскі, Сяргей Студзянкоў і іншыя. У найбліжэйшы час тэхніка пераедзе ў камайскую і лынтупскую зоны. З запланаваных 1 211 гектараў на землях нашага раёна лён выцераблены на 905, на 323 праведзена паварочванне трасты. На 55 ўжо вылежалася, і яе  спрасавалі, з 42 гектараў звезлі ў шохі.

На льняным полі дырэктар ільнозавода Іван  Машлякевіч з механізатарамі Канстанцінам Шэршнем і Віктарам Аношкам

Лён — культура капрызная. На адным полі яго вырошчваюць толькі раз на 7 гадоў. Каб атрымаць добры ўраджай, сеяць трэба ў вызначаныя і сціслыя тэрміны. Сёлета даўгунец вышынёй не радуе. На яго росце адмоўна адбілася неспрыяльнае надвор’е. Ільнозавадчане прыкладваюць максімум намаганняў, каб своечасова ўбраць вырашчанае, а зімой — перапрацаваць.

Тэмпы стрымлівае недахоп тэхнікі і механізатарскіх кадраў. Пэўную дапамогу аказваюць прадпрыемствы раёна. Сваіх работнікаў і тэхніку прыслалі УП ЖКГ, ААТ «Паставымэбля», Варапаеўская дыстанцыя пуці, лясгас. Згодна з рашэннем аблвыканкама, пастаўскім ільнаводам тэхнікай і людзьмі павінны дапамагчы іх калегі з ільнозаводаў вобласці. Унесены грошы за новую лінію па выпуску льновалакна. На працягу месяца абсталяванне паступіць на завод. Неабходна думаць і пра ўраджай наступнага года. Таму неўзабаве механізатары льнозавода прыступяць да ўздыму зябліва, унясення гліфасатаў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.