Ирина и Николай Камсюки: «Мы сейчас не представляем своей жизни без Олехнишек»

Общество

На вясковай прасторы

Гэтага адраса не было ў маім журналісцкім блакноце. Але, праязджаючы праз Аляхнішкі, не прыпыніцца ля прасторнай, дагледжанай, у кветках вясковай сядзібы было немагчыма.

Аднак ля дарогі сядзеў пільны вартаўнік — раскошны белы сабака (помесь аўчаркі і самаеда). Хто ведае, што за нораў у яго і як сустрэне нязваных гасцей? Вадзіцель пасігналіў — і з дома выбег у двор хлопчык. Абняў за шыю свайго чатырохногага сябра і бойка паведаміў нам: «Не бойцеся Сеню! Ён не кусаецца, ён любіць… цалавацца».

У Мікалая шмат клопатаў з Орлікам, але і памочнік ён незаменны

Такім чынам, уваход на тэрыторыю сядзібы (дарэчы, неабгароджаную і ад гэтага яшчэ больш прасторную) быў «адкрыты». Знаёмлюся з гаспадарамі —  Ірынай і Мікалаем Камсюкамі. Яна працавала ў абутковай майстэрні райбыткамбіната, ён — на аграбудпрадпрыемстве «Рассвет Пастаўскі». Зараз абое на пенсіі. Уражаная ўбачаным, удакладняю: «Няўжо ў раёнцы ніколі не пісалі пра вас?» «Не пісалі, — адказваюць. — Ды ў нас няма нічога асаблівага. Усё проста і сціпла».

Радуе Ірыну ўраджай памідораў

А ў гэтай сціпласці столькі прыроднага і рукатворнага хараства! За многія гады працы ў рэдакцыі мне давялося пабачыць нямала пакінутых вясковых сядзіб, выгляд якіх наганяе сум. У бацькоўскага дома Ірыны ў вёсцы Аляхнішкі Камайскага сельсавета іншы, шчаслівы, лёс. Гледзячы на яго сёння, ніяк не верыцца ў амаль стогадовы ўзрост будынка. А ўсё таму, што ён фактычна атрымаў другое жыццё. Быў час, калі Ірынінамаці 15 гадоў жыла разам з ёй у Паставах, а вясковы дом паступова прыходзіў у запусценне, нават страха стала правальвацца.

Унукі Камсюкоў Злата і Кірыл са сваім улюбёнцам Сенем

— Маладыя былі — камфортна адчувалі сябе ў гарадской чатырохпакаёвай кватэры і ў вёску дужа не рваліся, — прызнаецца Ірына. — І толькі калі я пайшла на пенсію, узяліся за адраджэнне дома. Зрабілі шмат: памянялі дах, вокны, па-новаму залілі фундамент, абшылі пенапластам сцены, выкінулі шчыток і печ, змуравалі новую, усё адрамантавалі. Над ператварэннямі працавалі ўсе: муж, я, сыны, нявесткі, дачка.

Зараз радуе вока не толькі дом, але і тэрыторыя ля яго – акуратна абкошаная, з альтанкай, кветнікамі, градкамі з агароднінай.

— А якую гаспадарку трымаеце? — пытаюся ў гаспадароў.

— Дзвюх кошак — Багіру і Соню — і двух сабак — Сеню і Мухтара! — радасна выпаліў іх унук Кірыл.

Бабуля смяецца і працягвае пералік:

— Каня, в’етнамскіх свінак, курэй, качак, індыкоў.

Каб пракарміць столькі жыўнасці, трэба нямала папраца­ваць. Камсюкі апрацоўваюць шмат зямлі, сеюць усё, што толькі можна. У тым ліку вырошчваюць агародніну. Пасадзіць бульбу і ўбраць яе ўраджай, нарыхтаваць сена каню, справіцца з іншымі работамі дапамагаюць сыны, нявесткі, дачка, унукі. А як радасна, калі ўся вялікая радня збіраецца тут на якое-небудзь свята!

— Мы цяпер не ўяўляем свайго жыцця без Аляхнішак, — гаварылі Ірына і Мікалай Камсюкі. — З красавіка па лістапад жывём тут пастаянна. А пераехаўшы на зіму ў кватэру, не можам дачакацца вясны, каб зноў вярнуцца сюды. Хоць працы і шмат, але гэта такая раскоша жыць у еднасці з прыродай!

Як не пагадзіцца з гэтым і не парадавацца за людзей, якія не пакінулі родны куточак, а ператварылі яго ў месца прыцягнення.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.