Какие виды кредитов предлагают своим клиентам белорусские банки?

Главное Общество

Аптымальны партнёр для ўсіх

З кожным годам крэдытаванне набывае ўсё большую папулярнасць у грамадстве. Калі гадоў 20 назад пазычыць у дзяржавы грошы пад працэнты рашаліся нямногія, не раз узважыўшы ўсе «за» і «супраць», то сёння амаль не знойдзецца тых, хто хаця б аднойчы не звяртаўся ў банк з гэтай нагоды.

Беларускія банкі прапануюць сваім кліентам самыя розныя віды крэдытаў: на пакупку і будаўніцтва нерухомасці, набыццё аўтамабіляў, тавары і паслугі, па ўказах Прэзідэнта краіны на рэканструкцыю жылля, газіфікацыю прыродным газам, навучанне і інш. Па словах кіраўніка аперацыйнай службы ЦБП №230 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Паставы Вольгі Урбель, толькі ў нашым раёне Беларусбанкам штомесяц заключаецца ад 30 да 40 крэдытных дагавораў. Значная частка з іх прыходзіцца на «Партнёр Аптымальны».

Сёння гэта самы папулярны спажывецкі крэдыт з вельмі нізкай працэнтнай стаўкай — 12,75% гадавых. (Для параўнання: стаўкі па іншых крэдытах на спажывецкія патрэбы склада­юць ад 13,5 да 21,5%.) Выдаецца ён на набыццё любых тавараў беларускай вытворчасці. Апошні момант мае прынцыповае значэнне, бо купіць за крэдытныя грошы імпартную прадукцыю проста не атрымаецца.

— Калі вы робіце рамонт і вам патрэбны будматэрыялы, мэбля, бытавая тэхніка або проста захацелі новы тэлевізар ці пральную машыну, збіраеце дзіця ў школу і не хапае грошай — можаце ў любым магазіне ўзяць рахунак-фактуру на выбраны тавар і прыйсці з ім у аддзяленне банка па вуліцы Юбілейнай або Чырвонаармейскай, — расказвае Вольга Урбель.— Важна, каб у дакуменце было ўказана, што тавар беларускай вытворчасці. Ім з’яўляецца і прадукцыя, вырабленая нашымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Пры жаданні набыць тавар у розных магазінах можна аформіць адзін крэдыт па некалькіх рахунках-фактурах. Выдаецца ён безнаяўным шляхам, гэта значыць, грошы пералічваюцца непасрэдна магазіну ці арганізацыі.

Што да максімальнай сумы крэдыту, то яна залежыць ад даходу атрымальніка і ад таго, ці ёсць у яго яшчэ крэдыты. Так, напрыклад, пры даходзе 580 рублёў і адсутнасці іншых пазык грошай у дзяржавы можна ўзяць у банку 4 711 рублёў. Пры гэтым не патрэбныя паручыцелі, а пры пакупцы тавару на суму не больш за 20 базавых велічынь у вас не папросяць і даведку пра даходы.

Выплачваць пазыку трэба бу­дзе на працягу 3 гадоў. Першы год плацяцца толькі працэнты, другі і трэці — працэнты і асноўны доўг роўнымі долямі. Каб было зразумела, колькі грошай давядзецца аддаваць штомесяц, зноў прывяду лічбы. З 1 000 рублёў на працягу першых 12 месяцаў плацеж складзе ўсяго 10,63 рубля, у далейшым — 49,24 рубля.

— «Партнёр Аптымальны» — вельмі выгадная банкаўская прапанова, — зазначае Вольга Валер’еўна. — Я сама нядаўна ім скарысталася, каб купіць плітку «Керамін», і раю ўсім не ўпусціць такі шанц.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.