Краевед Игорь Прокопович выпустил новую книгу «Друцкія-Любецкія. Пастаўская галіна славутага роду»

Важное История

У новай кнізе – пра даўні род

Што адметнага зрабіў для Пастаўшчыны князь Уладзімір Друцкі-Любецкі? Якую ўвогуле спадчыну пакінулі ў нашым краі прадстаўнікі славутага роду? Яшчэ нядаўна адказы на гэтыя пытанні трэба было пастарацца знайсці: тэма амаль не даследавалася і не вывучалася. Аднак цяпер паглыбіцца ў яе можа кожны ахвотны. А ўсё дзякуючы таму, што выйшла з друку новая кніга краязнаўцы Ігара Пракаповіча «Друцкія-Любецкія. Пастаўская галіна славутага роду». Пагартала яе разам з аўтарам.

Чытачам «ПК» прозвішча Друцкіх-Любецкіх вядомае: напрыканцы мінулага — пачатку сёлетняга года ў нашай газеце ў скарочаным варыянце ўжо друкаваліся матэрыялы Ігара Міхайлавіча аб прадстаўніках гэтага роду і іх спадчыне. Кніга ж утрымлівае значна большую колькасць края­знаўчай інфармацыі. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пазнаёміцца са зместам выдання. У ім 10 невялікіх раздзелаў: «Сядзібна-паркавы ансамбль «Манькавічы», «Былая ферма (фальварак) Друцкіх-Любецкіх «Варанец», «Ся­дзібна-паркавы ансамбль «Казлоўшчына», «Асінагарадок», «Навадруцк», «Ажуны» і іншыя. Усе гэтыя падтэмы раскрываюцца на 100 старонках кнігі, у якой тэкст суправаджаецца старымі і сучаснымі фотаздымкамі, даўнімі картамі, планамі, схемамі…

Рэшткі былой пахавальні ў Манькавічах Друцкіх-Любецкіх

Новая кніга — вынік вялікай плённай працы пастаўскага края­знаўцы і яго вучняў. Яе выданне стала магчымым дзякуючы дапамозе нашага земляка Пятра Мурзёнка — паэта і публіцыста, сташыні Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе. Удзячнасць яму надрукавана на другой старонцы кнігі.

А з чаго ўвогуле пачалося яе напісанне?

— Калі я раней шукаў у розных крыніцах матэрыялы пра Пастаўскі раён, то нярэдка сустракаў у іх інфармацыю пра Друцкіх-Любецкіх, — гаварыў Ігар Пракаповіч. — Яны ўпаміналіся ў дакументах пра Манькавічы, Казлоўшчыну і іншыя мясціны. Прозвішча згадвалася і сярод уласнікаў маёнткаў і вёсак, сярод фундатараў касцёлаў і цэркваў… Яшчэ больш мяне зацікавіла дзейнасць Друцкіх-Любецкіх, калі мы разам з маімі вучнямі-гімназістамі збіралі матэрыялы пра паўднёвы ўчастак манькавіцкага лесу паміж вёскамі Сарочына і Пятроўшчына, які ў канцы XIX стагоддзя таксама належаў роду Друцкіх-Любецкіх.

Капліца-пахавальня ў Казлоўшчыне

Усё новыя і новыя факты, якія адкрывалі для сябе Ігар Міхайлавіч і яго вучні, падштурхнулі да збору больш грунтоўных звестак пра самога князя, яго радню, пакінутую імі спадчыну (прычым як зніклую, так і пра тую, што захавалася да нашых дзён). У 2012—2017 гадах педагог і гімназісты здзейснілі сем комплексных краязнаўчых экспедыцый, падчас якіх дэталёва вывучалі аб’екты, звязаныя з дзейнасцю Друцкіх-Любецкіх. Вучаніца Аліса Януш у выніку напісала даследчую працу пад назвай «Знікаючая спадчына князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага». А ў 2019 годзе гімназістка Дар’я Данілевіч разам з Ігарам Пракаповічам паглыблена вывучала тэму «Спадчына Друцкіх-Любецкіх ва ўсходняй Пастаўшчыне (Казлоўшчына, Асінагарадок, Навадруцк)».


Тыраж кнігі зусім невялікі – усяго 99 экзэмпляраў. Некалькі перададзена ў Пастаўскую раённую бібліятэку, дзе выданне можа ўзяць для чытання кожны ахвотны.


Асноўныя матэрыялы пра знакаміты род захоўваюцца ў гістарычных архівах у  Санкт-Пецярбургу і Вільнюсе. Частка звестак у кнізе ўзятая менавіта адтуль. Каштоўны матэрыял атрыманы з кнігі І. Зямчонка «Ваколіцы Парыжа. Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я». Важныя звесткі па тэме даследавання ўдалося атрымаць з музея Навадруцкай школы — гэта фрагменты летапісаў Асінагарадоцкай Свята-Пакроўскай царквы, выпіскі і копіі публікацый з газет канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Інфармацыйнымі аказаліся і апытанні мясцовых жыхароў, якія ў розны час праводзілі вучні пастаўскай гімназіі і СШ №1.

Царква ў Манькавічах

Пры вывучэнні спадчыны Друцкіх-Любецкіх аўтара найбольш цікавіла асоба князя Уладзіміра. Ён нарадзіўся ў 1845 годзе, у 1870-м пабраўся шлюбам з фанцужанкай Марыяй Брэлін. У другой палове XIX стагоддзя з’яўляўся ўласнікам маёнткаў Манькавічы і Казлоўск на Пастаўшчыне. Жыў князь у асноўным у Санкт-Пецярбургу, дзе служыў шталмайстрам (галоўным канюшым) пры двары рускага імператара Мікалая ІІ. Усвае маёнткі на Пастаўшчыне наведваўся час ад часу, тым не менш паспеў зрабіць для нашага краю вельмі многае.

Яго можна лічыць першым пастаўскім краязнаўцам, бо ў сааўтарстве з Аляксеем Сапуновым выдаў грунтоўную кнігу «Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии», у якой ўтрымліваюцца цікавыя і каштоўныя звесткі пра наш рэгіён.

Царква ў Асінагарадку

За сродкі князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага, які прыняў праваслаўе, была нанова пабудавана царква ў Манькавічах, праведзена карэнная рэстаўрацыя храма і ўзведзена невялікая царква на могілках у Асінагарадку, адбудавана царква ў Ажунах, створаны сядзібна-паркавыя ансамблі ў Казлоўшчыне і Манькавічах. Таксама князь перадаў свой фальварак «Варанец» для стварэння сельскагаспадарчага вучылішча для сялянскіх дзяцей (яно дзейнічала ў 1909—1915 гг.), фінансаваў яго будаўніцтва, заснаваў стыпендыі для навучэнцаў. Тут жа, непадалёк ад возера Варанец, князь Уладзімір і быў перапахаваны ў прыгожай капліцы-маўзалеі. На жаль, і яна, і сельскагаспадарчая школа былі разбураны ў час Першай сусветнай вайны (пра гэта «ПК» падрабязна пісаў у нумары за 25 ліпеня 2020 года). Дзе знаходзіцца сярэбраная труна з целам князя, які памёр у 1905 годзе, невядома.

Затое добра захавалася капліца-пахавальня Друцкіх-Любецкіх у Казлоўшчыне. Яна знаходзіцца на мясцовых каталіцкіх могілках. Пабудавалі яе ў 1842—1843 гг. па ініцыятыве бацькі князя Ула­дзіміра — Ігнацыя Ануфрыевіча Друцкага-Любецкага.

Капліца мае два паверхі. На верхнім праводзяцца службы, на ніжнім знаходзіцца крыпта. Яна ўяўляе сабой арачнае сутарэнне з двума радамі пахавальных ніш. Іх у сценах 12. Труны з нябожчыкамі, хутчэй за ўсё, былі толькі ў чатырох, бо на іх маюцца пліты з эпітафіямі. З іх вынікае, што ў капліцы пахаваны ўласнік Казлоўшчыны Ігнацый Друцкі-Любецкі, яго жонка, цешча, а таксама Марыя са Сніткаў (ступень яе роднасці пахаваным пакуль незразумелая).

На ўскраіне вёскі Казлоўшчына з часоў Друцкіх-Любецкіх таксама захаваўся вадзяны млын, пабудаваны там у 1859 годзе.

— Захапляе, як шмат Друцкія-Любецкія рабілі для развіцця нашага краю, — падсумоўвае Ігар Пракаповіч. — Бо не ўсе людзі, якія ў той час мелі грошы і маёмасць, займаліся дабрачыннасцю, вызначаліся высокімі духоўнымі справамі. Таму вельмі вартыя ўвагі ўчынкі князя Ула­дзіміра Друцкага-Любецкага, які даў грошы на будаўніцтва і рэканструкцыю ажно чатырох цэркваў на Пастаўшчыне. Гэта мог зрабіць толькі духоўна багаты чалавек. І пра яго, як і пра іншых прадстаўнікоў роду Друцкіх-Любецкіх мы, нашчадкі, забываць не маем права.

Новая кніга — толькі пачатак вывучэння спадчыны Друцкіх-Любецкіх. Гэта Ігар Пракаповіч адзначыў на апошніх яе старонках: «Адбылося першае набліжэнне да гісторыі і спадчыны славутага роду Друцкіх-Любецкіх. Наперадзе даследчыкаў чакаюць новыя адкрыцці і знаходкі, асабліва пры вывучэнні і аналізе багатых архіваў Вільні і Пецярбурга, пры правядзенні дадатковых пошукаў на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Але ўжо зразумела, што дзейнасць прадстаўнікоў гэтага роду, асабліва Уладзіміра Друцкага-Любецкага, вартая ўшанавання і папулярызацыі.

Адным з такіх крокаў на гэтым шляху магло б быць заснаванне раённай краязнаўчай прэміі імя У. Друцкага-Любецкага, што стымулявала б пашырэнне пошукавай дзейнасці на Пастаўшчыне. Распрацоўка турысцка-экскурсійных маршрутаў, правядзенне пэўных тэматычных мерапрыемстваў дадало б новых фарбаў у спектр духоўнага жыцця паўночна-заходняга рэгіёна краіны. І хочацца спадзявацца, што гэта справа недалёкай будучыні».

У тым, што імёны прадстаўнікоў роду Друцкіх-Любецкіх будуць цяпер гучаць на Пастаўшчыне часцей, можна не сумнявацца. Адным з такіх мерапрыемстваў, якое будзе папулярызаваць напаўзабытыя старонкі гісторыі, стане афіцыйная прэзентацыя кнігі Ігара Пракаповіча. Час яе правядзення пакуль яшчэ не вызначаны.

Дарэчы, «Друцкія-Любецкія. Пастаўская галіна славутага роду» — не адзіная новая кніга Ігара Міхайлавіча, выдадзеная ў гэтым го­дзе. Нядаўна быў надрукаваны тыраж яшчэ адной, не менш цікавай, якая называецца «100 адметных мясцін Пастаўшчыны». Але гэта ўжо тэма наступнага артыкула…

Падрыхтавала Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.