На линейке готовности — собственная техника: Какие тракторы чаще всего работают на полях Поставского района?

Сельское хозяйство

На лінейцы гатоўнасці – уласная тэхніка

Якія трактары найчасцей працуюць на палях раёна?

У асноўным сучасныя МТЗ-82, -1221, -3532. А вось на тэхаглядзе, які праводзіў галоўны дзяржінспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання па Пастаўскім раёне Дзмітрый Касцень у суботу ў Варапаеве, Ляхаўшчыне і Дунілавічах, можна было ўбачыць і сапраўдныя рарытэты.

— Тэхагляд сельскагаспадарчай тэхнікі праводзім раз на год, — расказваў Дзмітрый Касцень. — Загадзя складаю графік і згодна з ім наведваюся ў населеныя пункты. Ва ўласнасці жыхароў Пастаўшчыны знаходзяцца каля 1 000 трактароў. Тэхагляд праходзяць значна менш, бо многія з іх з-за розных прычын не эксплуатуюцца, але з уліку пакуль не зняты.

У Варапаеве месца правядзення дзяржтэхагляду традыцыйнае — майстэрні былога саўгаса «Варапаева». Першым сюды прыехаў Валянцін Жагула. Цікаўлюся, як даўно і дзе набыў свой Т-25, на якіх работах выкарыстоўвае.

Дзмітрый Касцень правярае дакументы ў гаспадара рарытэтнага Т-150 Генадзія Гваздзеўскага

— Гісторыя даўняя, — пачынае расказ Валянцін Пятровіч. — Мой сябра, які жыве ў Маскве, працаваў начальнікам фірмы па рэалізацыі сельгастэхнікі. У 90-я гады яе там набывалі як сельскагаспадарчыя арганізацыі, так і прыватнікі. Купіў і я сабе. Некалі апрацоўваў трактарам шмат зямлі. Цяпер плошчы пасадак зменшыў. Захапляюся вырабамі з дрэва. На трактары важу неабходны спадручны матэрыял. У Ясюках пасадзіў малады сад — там без тэхнікі таксама не абысціся.

— А я працаваў вадзіцелем крана ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці і марыў пра сваю тэхніку для апрацоўкі прысядзібнага ўчастка, — уступае ў размову Іосіф Гваздзеўскі. — Ку­піць новы трактар было дорага, а вось скласці сваімі рукамі — цяміў як. Аднаго разу разгружаў у Глыбокім металалом, і на вочы трапіў рухавік. Купіў. Закруцілася работа. Збіраў запчасткі па знаёмых, складаў у адно цэлае — і атрымаўся трактар. Мінула больш за 30 гадоў. У самога здароўе дало збой, а жалезны конь служыць.

Яўгеній Даражынскі ўспамінаў, як купіў у Будславе кучу металалому і за зіму сабраў сабе Т-25. Вось ужо на працягу 30 гадоў ён у гаспадарцы надзейны памочнік.

На дзяржтэхагляд выстраіліся трактары варапаеўцаў

— Нагрузка і на нас, і на тэхніку цяпер значна зменшылася, — гаварыў Сямён Лысёнак.— Раней у мяне самога былі 3 гектары зямлі, яшчэ па гектару — у маці і цешчы. Зямля знаходзілася за Лісіцамі. А трактар быў адзін на дваіх з суседам. Пазней абзавёўся сваім. Саджу бульбу, сею зерневыя. Але аб’ёмы ўжо не тыя.

— Паліва, запчасткі дарагія, — канстатаваў Касен Адамовіч. — Але ў душы засталася цяга да тэхнікі. Я доўгі час працаваў вадзіцелем на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце, затым — на хлебавозцы ў райспажыўтаварыстве. Цяпер рулю на трактары.

Уладальнікі вышэйпералічанай тэхнікі — людзі ва ўзросце. Яны былі гатовыя доўга расказваць, як падбіралі дэтальку да дэталькі, вінцік да вінціка, каб атрымалася тое, пра што яны марылі. І толькі я падумала, што сучасная моладзь не такая апантаная сельскагаспадарчай тэхнікай, як на пляцоўку заруліў чарговы трактарок. Мужчыны ажывіліся і накіраваліся да навічка: адны згіналіся, каб агледзець днішча, іншыя засыпалі пытаннямі пра рухавік, кабіну, пагрузчык.

Гаспадар Юрый Балай тлумачыў: «Трактару гадоў 15. І ўвесь гэты час я яго ўдасканальваў, мадэрнізаваў. Спачатку паставіў рухавік ПД-10, затым — ад «Запарожца». Цяпер стаіць ад «Опеля». Сам зварыў пагрузчык — рэч вельмі патрэбная: снег пачысціць, смецце пагру­зіць. Да наступнага тэхагляду, можа, яшчэ што прыдумаю».

У Ляхаўшчыне на тэхагляд прыехаў спачатку толькі Валерый Вештарт. Т-25 і Т-16 ззялі яркай фарбай так, што здавалася, сышлі з заводскага канвеера. Не было ў галоўнага дзяржінспектара заўваг і па тэхнічным стане.

— Адзін трактар — памяць пра бацьку, — расказваў Валерый. — Другі — мой. Ёсць сын і дачка, якія жывуць у Глыбокім, і часта наведваюцца да нас. Цікавяцца тэхнікай, дапамагаюць на сельгасработах. На адным дачка ездзіць у лес у грыбы. Так што трактары не прастойваюць.

З Дзмітрыем Касцянём сабраліся пераязджаць з Ляхаўшчыны ў Дунілавічы, як на тэрыторыю мехмайстэрняў, дзе праходзіў дзяржаўны тэхагляд, завярнуў сапраўдны рарытэт.

— Гэты трактар сабраны ледзь не з усіх узораў тэхнікі, якая была ў Савецкім Саюзе, — кажа Дзмітрый. — Гаспадар вам сам лепш пра яго раскажа.

Генадзій Гваздзеўскі загінае пальцы на руцэ і пералічвае тое, чым начынены яго Т-150: «Рама ад ГАЗ-66, пярэдні мост — ад БТРа, кабіна — ад гусеніка, паваротнікі — ад матацыкла «Усход». Больш за 30 гадоў назад яго сабраў. Сам жыву ў Варапаеве, бацькі — у Кейзіках. Калі прыехаў да іх першы раз на самаробцы — уся вёска прыйшла паглядзець. А цяпер хоць у музей здавай».

—Усе, хто прыгнаў на тэхагляд сваю тэхніку — адказныя людзі, — падвёў вынік Дзмітрый Касцень. — Рыхтуюцца дасканала. Самі бачылі, як акуратна трактары памаляваныя, у тэхнічна спраўным стане. І дакументы ў парадку.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.