Новый виток инфекции: В Поставскую ЦРБ вновь начали госпитализировать больных коронавирусом

Важное Здравоохранение

Новы віток інфекцыі

На мінулым тыдні ў Пастаўскую ЦРБ зноў пачалі шпіталізаваць хворых на каранавірус. Для іх лячэння перапрафіляваны 5 ложкаў у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі і 15 — у інфекцыйным.

На піку мінулай хвалі каранавіруснай інфекцыі ў райцэнтры было разгорнута 106 ложкаў у пяці аддзяленнях бальніцы. Паступова эпідэмія пайшла на спад, што дазволіла медыкам вярнуцца да звычайнага рэжыму работы, зрабіць у гэтых аддзяленнях бягучы рамонт, правесці атэстацыю сістэмы кіслародазабеспячэння, абнавіць частку абсталявання.

— У ліпені ў раёне выяўляліся адзінкавыя выпадкі захворвання на каранавірус. Таму па ўзгадненні з галоўным упраўленнем аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама пацыентаў са станоўчым ПЦР-тэстам на COVID-19 мы накіроўвалі ў інфекцыйнае аддзяленне браслаўскай бальніцы, — паведаміў галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ Уладзімір Чакавы. — За месяц курс лячэння там прайшлі 9 чалавек. Калі сітуацыя пачала пагаршацца, мы спачатку перапрафілявалі рэанімацыю, а потым і інфекцыйнае аддзяленне для лячэння пацыентаў з каранавірусам. Для працы ў іх мабілізавалі ўрачоў, медыцынскіх сясцёр і санітарачак, якія ўжо маюць вопыт работы з інфекцыяй.

Сярод іх — урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Андрэй Самовіч, які выконвае абавязкі загадчыка інфекцыйнага аддзялення. У Паставах ён працуе 1,5 года. Прывабіла магчымасць набыць уласны дом. Жыллёвае пытанне для маладой сям’і, у якой выхоўваецца чацвёра дзетак, было ключавым. Да гэтага Андрэй Валер’евіч працаваў у дзіцячай рэанімацыі ў Гродне. Зараз усе намаганні спецыяліста накіраваны на барацьбу з кавідам.

— Паступова падыходы ў лячэнні каранавіруса ўдасканальваюцца, — расказваў Андрэй Самовіч. — Крыху змянілася гарманальная тэрапія, пры пнеўманіі для паляпшэння вентыляцыі лёгкіх раім хворым большую частку сутак ляжаць на жываце. Са з’яўленнем новых рэактываў удасканалілася і лабараторная дыягностыка. Напрыклад, пачалі рабіць аналізы на пракальцытанін, ферыцін, ЛДГ і СРБ, якія абавязкова ўлічваюцца пры назначэнні лячэння.

Урач Андрэй Самовіч

Усе шпіталізаваныя ў пастаўскую бальніцу пацыенты не маюць прышчэпкі ад COVID-19. Назіраецца вялікая ўдзельная вага хворых з цяжкімі формамі інфекцыі: кіслароднай недастатковасцю, двухбаковай пнеўманіяй.

На сёння двума кампанентамі вакцыны ў раёне прышчэплена 13,16% насельніцтва, сярод работнікаў ЦРБ – 81,78%.

Затое ў тых, хто вакцынаваўся, расказвае Уладзімір Мікалаевіч, хвароба працякае ў лёгкай форме альбо без клінічных праяўленняў. Пра наяўнасць інфекцыі многія даведваюцца пры накіраванні на планавае лячэнне альбо пасля ПЦР-даследавання перад выездам за мяжу. Гэта нагода задумацца пра эфектыўнасць імунізацыі і самому зра­біць прышчэпку, тым больш што вакцынацыя зараз знаходзіцца ў актыўнай фазе.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.