По просьбе поставчан в Поставах заасфальтированы дороги по ул.Вокзальной и Озерной

Важное Общество

З бюджэтаў раёна і лясгаса

Пытанні добраўпарадкавання райцэнтра заўсёды знахо­дзяцца ў цэнтры ўвагі мясцовай улады. Дзякуючы старанням многіх службаў Паставы з кожным годам набываюць усё больш прывабныя рысы: з’яўляюцца новыя малыя архітэктурныя формы і зялёныя насаджэнні, мяняюцца агароджы і тратуары, вуліцы горада ўтрымліваюцца ў чысціні, а ў сезон яшчэ і раскашуюць кветкамі. Людзі цэняць камфортныя ўмовы, створаныя для іх, таму, бачачы гаспадарлівасць кіраўніка раёна, нярэдка і самі падказваюць яму, што, на іх думку, варта было б удасканаліць.

Усе звароты, якія паступаюць старшыні райвыканкама падчас прамых тэлефонных ліній і сустрэч з насельніцтвам па месцы жыхарства, дасканала вывучаюцца і, калі ёсць падстава, вырашаюцца станоўча. Два апошнія прыклады — укладка асфальта на двух участках дарог у райцэнтры.

У сярэдзіне ліпеня да Сяргея Чэпіка паступіў калектыўны зварот ад жыхароў вуліцы Вакзальнай. Падпісалі яго 10 чалавек. «Калі ёсць такая магчымасць, — пісалі заяўнікі, — просім заасфальтаваць жвіровы ўчастак дарогі, які вядзе да цэха перапрацоўкі драўніны Пастаўскага лясгаса. Да месца вытворчасці рэгулярна курсіруюць лесавозы, і, калі доўга няма дажджу, пасля праезду тэхнікі ўзнімаецца слуп пылу».

Неадкладнаму вырашэнню пытання пасадзейнічаў дырэктар лясгаса Уладзімір Місачэнка: установа выдзеліла 50 тысяч рублёў на закупку асфальтабетона. Дапамога істотная.

— Праблема сапраўды існавала, і мы пра яе ведалі. Неаднаразова думалі, як выправіць становішча, але не мелі законных падстаў накіра­ваць грошы на асфальтаванне праезнай часткі, бо ўласнікам з’яўляецца камунальная служба раёна, — патлумачыў Уладзімір Місачэнка. — Такая магчымасць з’явілася дзякуючы Указу Прэзідэнта №169 «Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю».

Згодна з дакументам, у Пастаў­ска­га лясгаса з’явілася магчымасць зрабіць бязвыплатнае адчужэнне асфальтабетона на карысць камунальнікаў. А яны ў сваю чаргу аплацілі паслугі работнікаў ДРБУ-132, якія і «апранулі» дарогу ў асфальт.

— Прыклад паказальны і варты для пераймання іншымі кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, — канстатаваў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Мне падабаецца падыход Уладзіміра Місачэнкі да супрацоўніцтва з мясцовай вертыкаллю, яго гатоўнасць адгукнуцца на патрэбы раёна. 50 тысяч — грошы вялікія. Выдаткаваўшы іх, дырэктар лясгаса вельмі дапамог — знізіў нагрузку на раённы бюджэт. Дзякуй яму за гэта.

На мінулым тыдні новае дарожнае пакрыццё з’явілася і на вуліцы Азёрнай. Тут заасфальтавана 470 метраў жвіроўкі, якая злучае вуліцу з мікрараёнам новай забудовы ў 6-м гарадку. Восенню мінулага года там пабудаваны якасныя пляцовачныя сеткі, таму гэты невялічкі адрэзак дарогі вельмі кантраставаў з гла­дзенькім асфальтам, і людзі неаднойчы цікавіліся ў кіраўніцтва раёна, ці будзе ён заасфальтаваны. Пытанне ўпіралася ў грашовыя сродкі.

— Дарогу рэгулярна грэйдзіравалі, бо ад вялікага патоку аўтатранспарту, у тым ліку грузавікоў будаўнікоў, з’яўляліся шматлікія выбоіны, — расказваў намеснік дырэктара УП ЖКГ Сяргей Пляшкун. — Зараз там пакладзена якаснае пакрыццё і бардзюры, у хуткім часе з’явіцца і тратуарная плітка. Таксама заасфальтавана і месца развароту аўтобусаў, якое знахо­дзіцца побач.

На добраўпарадкаванне ўчастка выдзелены сродкі з раённага бюджэту, якія паступілі ў яго ад продажу ўчасткаў пад індывідуальную забудову па вуліцы Зялёнай.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.