Почему в д. Груздово так много аистов? Как относятся к ним местные жители?

Важное Природа

Аблюбавалі Груздава буслы

Будзеце ў Груздаве – звярніце ўвагу на бусліныя гнёзды, – падказала знаёмая. – Колькі іх там! І ў кожным – сям’я!»

І вось я ў «буслінай» вёсцы. Ужо на ўездзе бачу ў гняздзе, зла­джаным на электраслупе, чатырох прыгажуноў. Праз лічаныя метры, непадалёк ад магазіна і ФАПа, — яшчэ адно, таксама з насельнікамі. Кіруемся крыху далей, у напрамку каталіцкай і праваслаўнай святынь. І там гнёзды. Аб’ехалі ўсю вёску. На кожнай вуліцы побач з людскімі пасяленнямі — бусліныя.

Як ставяцца да птушак груздаўчане? Загадчыца магазіна Аксана Пястун гаварыла: «Асабліва прыбавілася гнёздаў у апошнія два-тры гады. І ля нашага дома ёсць на слупе буслянка. Кожную вясну радуемся прылёту буслоў, затым назіраем, як падрастаюць птушаняты». «Спакон вякоў лічылася добрай прыкметай, калі ля хат сяліліся буслы, — дзялілася меркаваннем Ганна Анкудовіч. — І працягвала жартоўна: — Можа, дзетак нанясуць у наша Груздава».

А калі сур’ёзна, то дзяцей у Груздаве, на жаль, менш, чым бусліных гнёздаў. З гэтай прычыны закрытыя школа і садок. Аднак ёсць і нованароджаныя. Напрыклад, гэтай вясной нарадзіла дзяўчынку Оля Талайка. Некалькі дзетак — школьнікі.

Пацярпеў у палёце

Іван Маслюк, едучы з Навасёлак у Паставы, заўважыў у прыдарожнай канаве ў Соўках маладога бусла, які не мог узляцець. І не змог абыякава пакінуць бедака. Прынёс птушку да знаёмага, Юрыя Вішнёва, а сам, занепакоены яе далейшым лёсам, пазваніў у рэдакцыю.

Калі я прыехала ў Соўкі, там ужо быў ветурач Станіслаў Кузняцоў. Ён забраў птушку і разам з вадзіцелем Фляр’янам Падрэзам адвёз у гарадскую ветлячэбніцу. А ветурач Дзяніс Саўчук наклаў гіпс на паламанае сцягно. «Бусел атрымаў траўму, вучачыся лятаць, — гаварыў спецыяліст. — Жыць і лятаць ён будзе. Толькі не зможа адправіцца ў вырай. Але нічога, перазімуе і тут. Мы ратуем буслоў не першы год, маем вопыт іх выходжвання. Пакуль што ён у нас са звязанымі лапкамі. Даглядаем, кормім. Усё будзе добра. Так і перадайце тым, хто хвалюецца за птушку».

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара

Ці ведаеце вы, што?

  • Дарослы бусел дасягае ў вышыню 1 метра. Даўжыня яго цела складае ад 80 да 105 сантыметраў, маса — 2-4,5 кілаграма, размах крылаў — 1,5-2 метры. У палёце развівае скорасць да 45 кіламетраў у гадзіну.
  • Стоячы на адной назе (у такой позе яны могуць і спаць), буслы ажыццяўляюць тэрмарэгуляцыю.
  • Маюць складаную сістэму камунікацыі пры дапамозе шчаўчкоў, шыпення, тонкага піску. Стукаючы дзюбамі, папярэджваюць родзічаў пра небяспеку, выказваюць сімпатыю.
  • Жыллё на працягу двух тыдняў будуе самец. Зносіць сукі і буйныя галінкі і сплятае іх паміж сабой. Дно высцілае травой, сенам або саломай. Не цураецца і рыззя, паперы.
  • Самка, якая першай прыля­ціць да «новабудоўлі», становіцца тут гаспадыняй. Калі наступнай вясной гняздо зойме іншая самка, а потым з’явіцца папярэдняя, паміж імі ўзнікае барацьба. Застаецца тая, якая пераможа.
  • Самка нясе 2-5 яек. Птушанят пара выседжвае 33 дні: самец — днём, самка — ноччу.
  • Буслы — клапатлівыя бацькі. Але калі заўважаюць, што ёсць слабыя, хілыя птушаняты, бязлітасна задзёўбваюць іх або выкідваюць з гнязда. А ў галодныя гады выкідваюць нават здаровых, пакідаючы толькі 1-2 птушанят, якіх змогуць выкарміць.
  • Буслы харчуюцца чарвякамі, мядведкамі, дробнай рыбай, яшчаркамі, мышамі, пацукамі, кратамі, хрушчамі, лічынкамі ліставых вос і інш.
  • Зімуюць на поўначы афрыканскага кантынента, пера­адольваючы падчас міграцыі 6-9 тысяч кіламетраў.

Падрыхтавала Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.