Праздник микрорайона 6-го городка прошло в прошлое воскресенье

Общество

Праз гісторыю сем’яў

Свята мікрараёна шостага гарадка — гэта традыцыя. Яно штогод праводзіцца ў жніўні. Не стаў выключэннем і сёлетні.

Работнікі раённага Дома культуры зноў склікалі надвячоркам у мінулую нядзелю пастаўчан ва ўлюбёнае месца пад соснамі на беразе возера Задзеўскае, каб узгадаць гісторыю мікрараёна, ушанаваць яго жыхароў, парадаваць прысутных музыкай і песнямі. Адметна, што ў гісторыі гарадка прагучалі гісторыі многіх сем’яў.

Вялікая і дружная сям’я Аўгусціновіч
Успамінамі дзеліцца Ганна Аляксандраўна Гецьман

Вядучая Таццяна Кухальская першай запрасіла да сцэны 90-гадовую Ганну Аляксандраўну Гецьман — ураджэнку Смаленшчыны. 60 з іх яна жыве ў Паставах, куды прыехала з мужам-афіцэрам, і лічыць іх сваёй другой радзімай. Самыя балючыя ўспаміны жанчыны — пра ваеннае ліхалецце. Бацька і двое братоў пайшлі на фронт, і ніхто з іх не вярнуўся дадому. Будучы муж таксама ваяваў з ворагам, узнагароджаны некалькімі баявымі ордэнамі. Сама перажыла пакуты акупацыі. Таму вельмі добра ведае цану міру і заклікае ўсіх берагчы яго.

А потым перад удзельнікамі свята сталі разгортвацца іншыя — шчаслівыя сямейныя гісторыі. «Согласие да лад — в семье клад» — сцвярджае прымаўка. Менавіта такі скарб «адшукалі» Вайцех і Тамара Аўгусціновічы (46 гадоў у шлюбе), Андрэй і Наталля Ермалаевы (41 год), Андрэй і Святлана Громавы, якія 35 гадоў побач крочаць па жыцці. Намнога меншы стаж у сем’яў Карпей, Сіланавых, якія зусім нядаўна сталі жыхарамі мікрараёна, але і ім было чым падзяліцца, расказаць пра выхаванне дзетак. Гісторыі стварэння названых сем’яў розныя, але аднолькавыя каштоўнасці — каханне, павага адно да другога, узаемавыручка, адказнасць.

Мікрараён расце, мяняецца яго аблічча. За апошнія 6 гадоў тут здадзена ў эксплуатацыю 6 новых шматкватэрных дамоў. Будаўніцтва яшчэ аднаго 60-кватэрнага пачнецца ў лістападзе. І як было не ўшанаваць будаўнікоў? Прычым словы падзякі ім прагучалі з вуснаў не толькі вядучай, але і навасёлаў. А калі яны, навасёлы, выканалі для будаўнікоў уласна напісаную песню, гэта выклікала шквал апладысментаў.

Бяспройгрышны варыянт на любым свяце — выступленне малечы. У студзені бягучага года ў мікрараёне адбылася радасная падзея — адкрыццё дзіцячага садка, падобнага да казачнага замка. У ім выхоўваецца больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх працуюць 42 чалавекі, у тым ліку 16 педагогаў. Узначальвае калектыў Наталія Руткоўская, якая ў дашкольнай сістэме больш за 30 гадоў. І вось перад гледачамі — з вершамі і песнямі выхаванцы новага садка. Сваёй непасрэднасцю малыя расчульваюць і выклікаюць замілаванне. А іх саміх апякаюць і забаўляюць лялькі ў рост чалавека. У працяг тэмы — запрашэнне да сцэны мнагадзетных сем’яў і парад дзіцячых калясак. Дарэчы, усе, хто станавіўся героем свята, атрымлівалі невялікія падарункі. А спонсарамі ў іх набыцці сталі індывідуальныя прадпрымальнікі Ірына Свірыдава, Аляксей і Вольга Дзяхцяр, Людміла Мацвеева.

Салістка Ганна Антух

Дзеці падрастаюць і становяцца школьнікамі. Шмат цёплых слоў прагучала на свяце ў адрас педкалектыву СШ №3 на чале з Веранікай Казлоўскай. А вучаніцы школы Кацярына Таяновіч і Валерыя Домчанка выканалі песню.

Самыя юныя артысты — выхавальнікі дзіцячага садка

Свята мікрараёна ўключала ў сябе і спаборніцтвы па пляжным валейболе і дартсе, гульні і атракцыёны для дзяцей. Ахвотныя маглі пачаставацца шашлыкамі, марожаным, іншымі прысмакамі, якія прапаноўвалі работнікі Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства і індывідуальныя прадпрымальнікі. А цудоўны настрой прысутным стварала народная эстрадная група «25 плюс-мінус». Ганна Антух, Эла Панавас, Пётр Кароль, Аляксей Конанаў дарылі свае песні (а іх прагучалі дзясяткі) як персанальна тым, хто быў ушанаваны, так і ўсім прысутным. І да 22 гадзін пад запальныя мелодыі доўжылася ў сасонніку дыскатэка. Тыя, хто жадаў, павесяліліся ўволю. А хто паленаваўся прыйсці на мерапрыемства — недаатрымалі нямала станоўчых эмоцый. Бо, як ні кажы, а такія святы аб’ядноўваюць і натхняюць людзей, дораць цудоўны настрой і пазітыў.

Фаіна Касаткіна. Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.