Сегодня — День шахтера. Полный кавалер ордена шахтерской славы Леонид Вербицкий из д. Норковичи

Общество

Пракладваў шляхі ў нетры зямлі

Сёння — Дзень шахцёра. «Але якое дачыненне да яго мае Пастаўшчына? — спытаеце. — У нас жа няма ніякіх радовішчаў…»

Затое ёсць людзі, якія ў свой час дзесяцігоддзі адпрацавалі ў нетрах зямлі. Адзін з іх — поўны кавалер ордэна шахцёрскай славы Леанід Вярбіцкі з вёскі Норкавічы, з якім я па падказцы старшыні Ярэўскага сельскага Савета Паўла Скрыдлеўскага пазнаёмілася напярэдадні.

На карагандзінскую шахту Лёня трапіў у 1964 годзе па камсамольскай пуцёўцы. Да гэтага была праца ў калгасе (з 11 гадоў!) і служба ў арміі. Звольніўшыся ў запас, нават не заехаў дадому, у Малую Вольсю, а накіраваўся ў шахцёрскі пасёлак Шахан, дзе жыла з сям’ёй родная сястра. Яна і прытуліла на першым часе.

Аліна і Леанід Вярбіцкія

— Я ў сям’і быў апошнім, пятым, дзіцем. Жылі бедна. Нават пасля службы ў арміі не меў ні адзення, ні абутку. З позняй восені да вясны прахадзіў у ваеннай форме, — успамінае Адамавіч той далёкі час і жартуе: — Затое мне, «салдату», не трэба было купляць білет у аўтобусе. Уладкаваўся ў Шахтабудупраўленне №6 праходчыкам. Праца цяжкая, з ёй маглі спраўляцца фізічна моцныя і вынослівыя людзі. Чаго толькі вартыя інструменты, з якімі даводзілася працаваць! Напрыклад, вага перфаратара — 35 кілаграмаў, адбойнага малатка — 15, ды яшчэ пояс з батарэяй для ліхтара — 6 кілаграмаў. Мы будавалі шахты, усюды ішлі першымі. Я быў старшым змены. Сярод шахцёраў сустракаліся людзі розных нацыянальнасцей: рускія, беларусы, башкіры, чувашы, мардвіны, немцы. Але жылі ўсе, як адна сям’я, не тое што цяпер. Нярэдка падсцерагала небяспека, здараліся абвалы і завалы, атручэнні метанам. Вельмі балюча было, калі гінулі людзі. Засталіся адмеціны і на маім целе.

— Як жа я хвалявалася кожны раз, калі Лёня затрымліваўся пасля змены! — уступае ў размову жонка шахцёра Аліна Мар’янаўна. — У такія хвіліны ўся ператваралася ў слых: ну калі ж пачуюцца на лесвіцы яго крокі, якія я адразу пазнавала сярод іншых?! Трывожылася заўсёды.

Аліна і Леанід пабраліся шлюбам, калі яму споўнілася 26 , а яна не дасягнула і 17-ці. Доўгіх заляцанняў да гэтага не было. Прыехаў у родныя мясціны ў водпуск, пазнаёміліся і раз’ехаліся: ён — у Караганду, яна — у Калінінград.Пісалі адно аднаму пісьмы. Калі хлопец прапанаваў руку і сэрца, згадзілася і паехала за ім у далёкі незнаёмы край. 30 жніўня іх сямейнаму саюзу споўніцца 54 гады. А падчас залатога вяселля, якое спраўлялі ў 2017-м, яны ў камайскім касцёле ўрачыста абнавілі сужэнскую прысягу. Вернасць адно аднаму пранеслі праз усё жыццё. Нарадзілі і выхавалі двух годных сыноў. Адзін з сям’ёй жыве ў Карагандзе, другі — у Кастраме, на днях павінен прыехаць да бацькоў у водпуск.

Аднак вернемся да работы. Леанід Адамавіч працаваў не толькі ў Карагандзе, але і вахтавым метадам у Ташкенце. Затым яго накіравалі ў Манголію (а адбор туды вопытных спецыялістаў праводзіўся вельмі сур’ёзна). Усюды праявіў сябе адказным і нястомным працаўніком. Сведчаннем гэтаму служаць узнагароды: мноства знакаў ударніка пяцігодак, пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, медаль «За працоўную доблесць», тры ордэны шахцёрскай славы.

У жніўні 1998 года Вярбіцкія вярнуліся на радзіму (дабіраліся на таварняку на працягу паўмесяца). Абуладкаваліся ў доме Алінінай маці, у якім жывуць і зараз. Думаеце, прыехалі ўзбагачаныя? Як бы не так! Як расказалі, усе іх грошы «згарэлі». Толькі за заробленае ў Манголіі на той час маглі купіць «Волгу», а купілі карову. Леанід даглядаў быкоў на ферме, затым пайшоў вартаўніком. Аліна працавала сацработнікам, паштальёнам. 15 верасня Леанід Адамавіч адзначыць сваё 80-годдзе. Аднак, гледзячы на чалавека і размаўляючы з ім, зусім не верыцца ў гэту лічбу — настолькі маладжава выглядае ветэран.

— Сіла ў руках ёсць, — канстатуе ён сам. — А вось хадавая знасілася. Баліць нага, прыходзіцца абапірацца на кіёк. Але я не здаюся. На днях нават у арэхі хадзіў.

Шахцёрская загартоўка не знікла.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.