Семья Махнис — яркий пример активного долголетия

Общество

Загартаваная  жыццём і працай

1 студзеня 2021 года ў Пастаўскім ТЦСАН пачалася рэалізацыя новага сацыяльнага праекта. Яго галоўная мэта — аказанне дапамогі вязням фашысцкіх канцлагераў і людзям, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года.

Партнёрамі праекта выступаюць Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне» і нямецкі фонд «Памяць, адказнасць і будучыня». На дапамогу вязням і дзецям вайны яны выдаткавалі 8 тысяч еўра. За гэтыя грошы ў асноўным набываюцца хадункі, каляскі і іншыя сродкі індывідуальнай мабільнасці, антыпролежневыя матрасы і не толькі.

Ганна Хромчанка змярае ціск Крысціне Махніс новым танометрам

…Панядзелак, 2 жніўня. 84-гадовая пастаўчанка Крысціна Махніс сустракала гасцей. Да яе з падарункамі завіталі кіраўнік вышэйназванага праекта, супрацоўнік ТЦСАН Ганна Хромчанка разам з работнікам цэнтра Гражынай Цымбалюк. Да іх далучылася і карэспандэнт «ПК».

Крысціна Уладзіміраўна жыве ў райцэнтры разам з дачкой Яўгеніяй. Абедзве — майстрыхі на ўсе рукі. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова акінуць вокам іх жыллё. Паўсюль акуратна расстаўлены разнастайныя вырабы з папяровай лазы, вязаныя сувеніры, пашытыя з тканіны кветкі, модныя сумкі-шоперы…

— Усё гэта ствараем разам з мамай, — расказвала дачка Яўгенія Паўлаўна, якой і самой пайшоў ужо сёмы дзясятак. — Рукадзеллем захапляемся даўно. Пяць гадоў назад пачалі асвой­ваць і сучасныя тэхнікі. Пачалося гэта пасля таго, як мая дачка (а яна жыве каля Іркуцка) падарыла камп’ютар. Інтэрнэт падказаў нам безліч варыянтаў, чым за­няць сябе ў вольны час. Асабліва нам з мамай спадабалася плесці з папяровай лазы. Канечне, трэба час і намаганні, каб нарабіць з паперы «будматэрыялу» — сотні, а то і тысячы трубачак. Але ж гэта і здароўю на карысць. Сваю двойчы паламаную правую руку толькі дзякуючы гэтаму і распрацавала.

Цяпер сямейны «падрад» пераключыўся на шыццё сумак-шопераў з джынсаў, якія ўжо аджылі свой век. Дачка шые, мама дапамагае наразаць палоскамі тканіну.

— Вы нават не ўсведамляеце, наколькі дапамагаеце сабе сваёй творчасцю, — гаварыла гаспадыням Ганна Хромчанка. — Любая дробная маторыка — выдатная прафілактыка дэменцыі. Гэта хвароба, на жаль, маладзее, яе праявы могуць быць і ў 45, і ў 50 гадоў. І тут вельмі важна дапамагчы сабе самому — пастаянна трэніраваць мозг і памяць.

У 84-гадовай Крысціны Махніс з памяццю ўсё выдатна. Яна гэта яскрава пацвердзіла, расказваючы пра сваю вялікую сям’ю, няпростае жыццё. Імёны, гады, назвы вёсак — усё ўзгадвала, не задумваючыся.

Паказала Крысціна Уладзі­міраўна і здымкі са свайго сямейнага альбома. На адным з іх яна, ужо дарослая жанчына, стаіць каля бетоннага бліндажа часоў Першай сусветнай вайны.

— У гэтым бліндажы каля вёскі Чэцверць я і яшчэ два дзясяткі малых дзяцей жылі падчас бамбёжак у гады Вялікай Айчыннай, — патлумачыла яна. — Гэта мне ўжо бацькі расказвалі. Гаварылі яшчэ, што ў бліндажы гэтым мы ўсе моцна захварэлі на коклюш. Кашлялі страшна. Добра, што карова ў некага была: пілі малако і неяк ачунялі.

Пасля вайны, як і ўсім, жылося цяжка. Родны хутар быў спалены немцамі, даху над галавой не было. Але паступова жыццё ўваходзіла ў сваё рэчышча. Крысціна Уладзіміраўна выйшла замуж, нарадзіла двух дзяцей. На жыццё зарабляла, працуючы спачатку даяркай у калгасе, затым — касірам у цэнтральнай аптэцы ў Паставах.

— 17 гадоў сядзела ля ўваходных дзвярэй на скразняку, — працягвала жанчына. — Але мы, людзі старэйшага пакалення, напэўна, больш трывалыя да хвароб. Само жыццё нас загартавала выпрабаваннямі. Вунь у маі каранавірус падчапіла, думала, не папраўлюся. З месяц праляжала ў бальніцы, у тым ліку ў рэанімацыі. І кісларод падключалі, і лекаў шмат перапіла. Але ж, на шчасце, абышлося. Пасля гэтага стала яшчэ больш цаніць кожны новы дзень, радавацца ўсяму, што маю.

Візіт гасцей скончыўся на пазітыўнай ноце — супрацоўнікі ТЦСАН падарылі доўгажыхарцы электронны танометр, салодкія пачастункі. І пажадалі, каб і далей не падводзіла здароўе, было яшчэ шмат цёплых сустрэч і душэўных размоў за кубкам духмянай гарбаты.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.