СТК «Озерки» принимал открытый областной туристический слет работников ЖКХ Витебщины

Главное Общество

Для турыстаў дождж – не перашкода

У мінулыя выхадныя СТК «Азёркі» прымаў чарговыя спартыўныя старты — тут прайшоў адкрыты абласны турыстычны злёт работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебшчыны.

Праявіць хуткасць, трапнасць і спрыт у спартыўных дысцыплінах, майстэрства ў абуладкаванні турыстычнага лагера і прыгатаванні страў у паходных умовах, а таксама свае творчыя здольнасці ў адным з самых маляўнічых куточкаў Пастаўшчыны сабраліся 12 каманд з Пастаў, Оршы, Верхнядзвінска, Браслава, Докшыц, Шуміліна, Полацка, Наваполацка, Віцебска і Віцебскага раёна. Пра маштабнасць спаборніцтваў сведчыў і прыезд вялікай колькасці ганаровых гасцей. Сярод іх былі старшыня Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Аляксей Юсікаў, дырэктар УП ЖКГ раёна Фёдар Танана і кіраўнікі прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці.

Вынікамі турзлёту задаволена каманда «Паставы-Life»

Нягледзячы на тое, што турзлёт пачаўся яшчэ ў пятніцу, калі адбыўся першы, кулінарны, конкурс «Гатуем разам», афіцыйнае адкрыццё мерапрыемства прайшло ў суботу раніцай. Яно атрымалася па-сапраўднаму ўрачыстым. На пляцоўку, дзе выстраіліся ўсе каманды, занеслі Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, флагі Віцебскай вобласці, Пастаўскага раёна, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, а таксама палотнішча з гербам Пастаў. Прагучалі гімны Рэспублікі Беларусь і Федэрацыі прафсаюзаў краіны. Ганаровыя госці па чарзе прывіталі ўдзельнікаў спаборніцтваў, пажадаўшы ім добрага надвор’я, выдатнага настрою, удачы, сумленнай і цікавай спартыўнай барацьбы. А Аляксей Юсікаў, акрамя таго, ад імя галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці і абласной агранізацыі прафсаюза падзякаваў гаспадарам за цудоўныя ўмовы, створаныя для правядзення турзлёту. Творчыя прывітанні турыстам адрасавалі работнік Пастаўскага Дома рамёстваў Ян Рубанюк і дзіцячы танцавальны калектыў РДК «Карамелькі», сваё майстэрства прадэманстравалі выхаванцы маладзёжнага ваенна-спартыўнага клуба «Азімут». Яны зарадзілі ўдзельнікаў энергіяй, пазітыўным, баявым настроем.

Пасля прадстаўлення судзейскай калегіі, якую ўзначаліў галоўны спецыяліст Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, суддзя нацыянальнай катэгорыі Аляксандр Авакумаў, і журы конкурсаў каманды разышліся да месцаў правядзення спаборніцтваў. А спаборнічалі яны традыцыйна ў тэхніцы веласіпеднага турызму, дартсе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, пляжным валейболе, пераадоленні паласы перашкод, найлепшым абуладкаванні турыстычнага лагера, конкурсе мастацкай самадзейнасці і кулінарным, пра які ўжо гаварылася вышэй. Ацэньвалі ­ўдзельнікаў пастаўскія спартсмены Мікалай Рамейка, Яўгеній Скрыдлеўскі, Павел Вавінскі, Андрэй Клімюк, а таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая, галоўны спецыяліст абласной арганізацыі прафсаюза Людміла Аржанеўская і вядучы спецыяліст Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Вольга Лойка.

Амаль ва ўсіх відах пастаўскія камунальнікі, аб’яднаныя ў каманду «Паставы-Life» на чале з намеснікам дырэктара УП ЖКГ Міхаілам Кабайлам, былі на вышыні. Яны занялі 1-е месца ў кулінарным конкурсе, дзе трэба было прыгатаваць на вогнішчы стравы з бульбы, 2-е — у стральбе, 3-е — у валейболе, пераадоленні паласы перашкод і абуладкаванні лагера і ў выніку заваявалі агульнакаманднае 3-е месца. На 2-м месцы каманда філіяла «Оршаводаканал» «АШ ДВА ВО!!!». А перамаглі «Экстрэмалы» з Докшыцкага УП ЖКГ. Прызёры атрымалі дыпломы, прызы і грашовыя сертыфікаты. А яшчэ — выдатны настрой, які зусім не сапсаваў дождж, што суправа­джаў спаборніцтвы.

Турыстычны лагер каманды УКВП «Віцебская ГЖКГ»

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.