Свой — вкуснее: почему в семье юнчанки Светланы Юшкевич в магазин за хлебом не ходят?

Важное Общество

Свой – найсмачнейшы

Успамін дзяцінства: мама дастае з печы боханы хлеба, спечаныя на кляновым лісці, раскладвае на стале, спырсквае вадой і накрывае льняным абрусам. Хата напаўняецца смачным водарам. Хочацца адразу ж адшчып­нуць хоць невялікую духмяную скарыначку…

Такая карціна ўсплывае ў памяці кожнага чалавека старэйшага пакалення. Цяперашняе выбірае хлеб на паліцах магазінаў. Яго асартымент немалы, і можна вызначыцца, якому гатунку аддаць перавагу. А вось у сям’і юнчанкі Святланы Юшкевіч у магазін па хлеб не ходзяць: гаспадыня сама выпякае гэты найгалоўнейшы прадукт.

— Муж, дачка, нават малы ўнук вельмі любяць мой хлеб, — дзеліцца жанчына. — Пяку яго і для бацькоў, якія таксама жывуць у Юньках. Мама просіць з каляндрай, а нам больш падабаецца з кменам.

А як азартна яна расказвала пра тэхналогію! (Нават мяне, далёкую ад кулінарыі, захапіла.) Пра тое, як прыгатаваць жытнёвую закваску і рэгулярна яе «падкормліваць», як і калі яна «разгуляецца», у якой прапорцыі інгрэдыентаў (а гэта закваска, мука, вада, соль, цукар або мёд) замешваць цеста, дзе і на колькі пакідаць яго ў спакоі, каб падышло, колькі хвілін і пры якой тэмпературы выпякаць. Шкадавала, што няма печы і прыходзіцца карыстацца духоўкай газавай пліты (у печы хлеб атрымліваўся б яшчэ смачнейшым). Заўважыла, што спечаны бохан адразу ж загортвае ў ручнік і дае яму «адпачыць» да раніцы, ды і ўвесь час хлеб у доме захоўваецца такім чынам.

— Важна, у якім стане рыхтуеш закваску, замешваеш цеста, — падкрэсліла гаспадыня. — Яно вельмі чуйна рэагуе на тваю энергетыку. Ды і любыя іншыя прадукты або страву трэба гатаваць з добрым настроем. Тады атрымаецца смачна.

Святлана спрабавала пячы і белы хлеб, аднак пакуль узяла паўзу. Як пра жывую істоту, кажа, што ён вельмі капрызны і гатаваць яго трэба з асаблівай пяшчотай. А вось кулічы, пірагі, булачкі атрымліваюцца. У пэўнай меры яшчэ і таму, што выкарыстоўваюцца дамашнія малако, тварог, смятана — Юшкевічы набылі казу і задаволены яе прадукцыйнасцю, гадуюць яшчэ адну.

— А як жа вы будзеце пісаць пра мяне, не пакаштаваўшы хлеба?! — рэзонна заявіла Святлана і працягнула цэлы бохан, загорнуты ў бялюткі ручнік. Я запратэставала: «Не трэба так шмат! Дастаткова невялікага кавалачка». Але гаспадыня настаяла на сваім: «Пачастуеце калег!»

Дэгустацыя прайшла на ўра — калектывам умялі бохан за лічаныя хвіліны. Хлеб свежы, духмяны, смачны. Адным словам, адпавядае брэнду «свой».

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.