Трофей сменит прописку. Начался очередной розыгрыш Кубка Витебской области по футболу

Спорт

Трафей зменіць прапіску

Як і летась, пасля заканчэння папярэдняга раўнда першынства адразу пачаўся чарговы розыгрыш Кубка Віцебскай вобласці па футболе. Наша самая маладая каманда і яшчэ тры (з Глыбокага, Сянно, Талачына) Віцебскага дывізіёна 2-й лігі ў гэтым прэстыжным турніры вырашылі не гуляць. Упастаўчан не так багата футбалістаў у сваім складзе, каб удзельнічаць у дадатковых спаборніцтвах. Яны ў рэжыме трэніровак рыхтуюцца да двух заключных матчаў сезона.

Барацьба за абласны Кубак атрымалася вельмі ўпартай, бо далей праходзіў пераможца ў адным матчы. Спачатку аршанцы ў асноўны час у 1/4 фіналу адолелі (2:1) на сваім полі «Гарадскіх львоў» (Гарадок). Каманда Міёр толькі ў дадатковыя паўгадзіны вырвала перамогу (3:1) над палачанамі і ў паўфінале згуляла на выездзе ў Оршы. Міёрцы там першымі вызначыліся, але ў другім тайме сапернік адыграўся — 1:1. Гаспадары ў дадатковы час правялі яшчэ адзін мяч і святкавалі перамогу з лікам 2:1. Аднак трэнеры ФК «Міёры» падалі пратэст на вынік гэтага матча з-за незаяўленага іграка ў складзе пераможцаў. Абласная федэрацыя футбола прыме рашэнне па гэтым пытанні.

У абласным цэнтры ў матчы двух мясцовых клубаў — «Газавіка» і «Харчцэнтра» — пасля 120 хвілін супрацьстаяння лік на табло быў нічыйны (0:0). Серыю пенальці лепш прабілі (4:2) харчавікі, якія зняліся з чэмпіянату Беларусі. А вось аднаасобны лідар першынства — «Газавік» (Віцебск) — другі па значнасці трафей у Прыдзвінні страціў, бо газавікі былі ўладальнікамі Кубка вобласці. Наступны сапернік пастаўчан — ФК «Чашнікі» — саступіў (1:2) на выездзе ў Лепелі. У 1/2 фіналу на гульню ў Віцебск у мінулую нядзелю адправіліся лепяльчане.

ФК «Лепель» спачатку выглядаў на полі горш за віцябчан, якія да перапынку вызначыліся толькі аднойчы. Далей гульнявую ініцыятыву перахапілі лепяльчане, але адыграцца не змаглі і на 88-й хвіліне яшчэ раз прапусцілі гол з пенальці — 2:0. Каманда «Харчцэнтр» (Віцебск) святкавала перамогу і пазмагаецца затое, каб не толькі выйграць абласны трафей, але і ўдала выступіць далей у розыгрышы Кубка рэгіёнаў Беларусі па футболе. Шкада толькі, што пастаўчане з гэтым таксама маладым і сур’ёзным сапернікам у чэмпіянаце краіны сёлета не згуляюць. Пакуль вядома, што фінал розыгрышу Кубка Віцебскай вобласці 2021 года зноў адбудзецца восенню на стадыёне «Цэнтральны» ў Оршы.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.