Тяжелая тысяча: комбайнер молочного завода Василий Чебуранов стал тысячником

Сельское хозяйство

Цяжкая тысяча Чабуранава

Яшчэ 10 дзён таму камбайнер малочнага завода Васілій Чабуранаў быў за крок ад тысячнага намалоту — не хапала ўсяго 140 тон. Але задажджыла, таму ўборка замарудзілася. Бывалі дні, калі на поле не выязджаў увогуле. На панядзелак сіноптыкі перадалі добрае надвор’е, і Васілій вырашыў, што ў гэты дзень тысяча павінна яму абавязкова пакарыцца.

— Прысвяціў яе жонцы, у якой якраз быў дзень нараджэння, — расказваў Васілій. — Тысячнікам станаўлюся трэці раз запар. Сучасныя камбайны Андрэю Сакалову і мне кіраўніцтва малочнага завода даверыла ў 2018-м. Тады Андрэй стаў першым тысячнікам у раёне, а я больш унікаў у работу тэхнікі, таму намалот быў меншы. У наступныя гады па тысячы тон намалочвалі з Андрэем адначасова, хаця ў яго большы вопыт. Сёлета ў пачатку жніва ў калегі зламаўся камбайн. Пакуль ён яго адрамантаваў, я выйшаў наперад. Але тысяча далася цяжка: сёлета і ўраджай слабейшы, і надвор’е неспрыяльнае. Рады дасягненню, падарункам, віншаванням, аж няёмка ад такой увагі.

У аўторак у полі за Свіранамі Васілій Чабуранаў, як першы ў раёне камбайнер-тысячнік, прымаў віншаванні і падарункі ад старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка, старшынь раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў АПК Іны Далецкай і Васілія Катовіча, прадстаўнікоў малочнага завода на чале з дырэктарам Канстанцінам Гайлеўскім, кіраўніка ААТ «Камайскі-агра» Уладзіслава Шаршнёва. Музычнае прывітанне герою жніва падрыхтавалі работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.

Сяргей Чэпік віншуе з тысячным намалотам Васілія Чабуранава

— Мне вельмі прыемна, што першую тысячу тон збожжа запісаў на свой рахунак менавіта ты, Васілій, — паціскаючы руку камбайнеру, гаварыў Сяргей Чэпік. — Я ў цябе верыў! Твае карані з Курапольшчыны, там пры мне ты пачынаў сваю працоўную дзей­насць. Сачу за тваімі дасягненнямі. Трымай марку пераможцы!

— У чарговы раз першая тысяча тон збожжа ў раёне намалочана на камайскай зямлі работнікам малочнага завода, — гаварыў Канстанцін Гайлеўскі. — У гэтым заслуга найперш самога Васілія Чабуранава, а таксама іншых механізатараў. Ураджай сёлетняга года закладваўся яшчэ мінулай восенню, калі вялося ворыва глебы, уносіліся гліфасаты. Васілій спачатку працаваў з плугамі, затым з культыватарам. Цяпер убірае збажыну. Акрамя тысячы тон збожжа, на яго рахунку больш за паўтысячы тон рапсу. Важкі ўклад у тое, каб вырас нядрэнны ўраджай, унеслі галоўны аграном гаспадаркі Аксана Касякова, іншыя спецыялісты, кіраўнік Уладзіслаў Шаршнёў. Агульнымі з малочным заводам намаганнямі дасягнуты такі поспех.

Адгучалі музыка і песні, Васілій склаў падарункі і граматы ў кабіну New Holland, запусціў матор, апусціў жняярку, якая павольна стала захопліваць каласы пшаніцы, і ў бункер пасыпаліся зярняткі. Пайшоў адлік чарговых тон.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.