В кругу родных отметила 100-летний юбилей поставчанка Елена Васильевна Гутор

Общество

Павішаваць юбілярку прыехалі таксама старшыні: раённага савета ветэранаў — Ганна Літвіновіч, райкама прафсаюза работнікаў АПК — Васілій Катовіч, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Сцяг Перамогі-­агра» — Таццяна Чарняўская, намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Антух. Гаспадыня двухпакаёвай кватэры па вуліцы Станкевіча гасцям абрадавалася, распытвала, хто з якой арганізацыі, дзякавала за падарункі.

Мне, журналісту, заўсёды хочацца павучыцца ў чалавека такога паважанага ўзросту жыццёвай мудрасці, даведацца сакрэт даўгалецця. Алена Васільеўна лічыць, што даўжыня чалавечага шляху на гэтай зямлі прадвызначана Богам. Была малодшай з чатырох сясцёр. Калі Алене споўнілася тры гады, пасля цяжкіх родаў памерла маці. Бацька больш не жаніўся і прысвяціў сваё жыццё дочкам. Выхоўваць іх дапамагала бабуля. І ўсё ж мацярынскай ласкі не хапала. Страх і гора прынесла вайна. А калі з фронту сталі вяртацца землякі, прыгожая і працавітая Алена прыглянулася аднаму з іх.

Юбілярка з падарункамі

— Цяжка было зажывацца, — гаварыла Алена Васільеўна. — Але ў нашага пакалення, на долю якога выпала так шмат выпрабаванняў, былі іншыя каштоўнасці і падыходы да жыцця. Мы вызначаліся надзвычайнай працавітасцю, нястомнасцю, ва ўсім разлічвалі толькі на свае сілы. І я, і мой Валодзя не цураліся ніякай работы. Усё нажылі сваімі рукамі. І ў калгасе працавалі, і дома спраўляліся, дзвюх дачок выгадавалі. А калі пайшлі на пенсію, заняліся вырошчваннем агародніны. Якія ў нас агуркі, памідоры раслі! Хапала сабе, лішкі прадавалі на кірмашы. Ад гэтага мелі добры прыбытак. Грошы клалі на ашчадную кніжку ў банку. Муж усё казаў, што нам іх хопіць на старасць. Ды засталіся тыя грошы толькі на ашчаднай кніжцы. А вартасці ад іх ніякай. У чым выйгралі, дык гэта што купілі ў горадзе кватэру з усімі выгодамі. Валодзя так радаваўся, што не трэба дровы нарыхтоўваць, ваду з калодзежа насіць. На жаль, пацешыўся выгодамі ўсяго 10 дзён. Адышоў у вечнасць са спакойнай за мяне душой, што буду жыць па-гарадскому.

Алена Васільеўна акружаная цяплом і клопатам дзвюх дачок. Яе часта наведваюць унукі і праўнукі, якія вельмі ганарацца сваёй бабуляй, радуюцца кожнай хвіліне, праведзенай разам. Сабраліся яны і на 100-гадовы юбілей. Рабілі фота і відэа, каб захаваць для сямейнага альбома, паказваць і расказваць пра свае карані наступным пакаленням.

— Наша мама — вялікая малайчына, — казала дачка Ларыса. — Нягледзячы на цяжкасці і турботы, ніколі не наракала на лёс. Яна пастаянна ў руху, гэта і лічыць сакрэтам даўгалецця. І цяпер стараецца чым-небудзь займацца. Есці зварыць не толькі сабе, але і мяне запросіць, смачна пачастуе. І пакамандаваць можа, і свой пункт погляду адстаяць. Перажывае, што стала дрэнна чуць, бо заўсёды была вельмі камунікабельная. Жыве з Богам у душы. Пакуль была дужэйшая, ездзіла ў царкву. Цяпер моліцца дома. І не толькі за сваіх родных, але і за знаёмых, асабліва калі даведаецца, што некага напаткалі цяжкасці.

Алена Васільеўна дзякавала гасцям за ўвагу, жадала ўсім мірнага неба, моцнага здароўя і такога ж даўгалецця, якое Усявышні падараваў ёй.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.