В ОАО «Камайский-агро» завершили убирать озимый рапс и приступили к уборке озимых зерновых

Сельское хозяйство

Абъёмы вялікія, намалоты – нядрэнныя

У ААТ «Камайскі-агра» пабывала, калі там завяршалі ўбіраць азімы рапс і прыступалі да ўборкі азімых зерневых. Рапсам камбайнеры былі задаволеныя. А вось пры параўнанні намалотаў збожжавых з мінулагоднімі, іх твары хмурнелі: сярэдняя ўра­джайнасць на той час складала ўсяго 13 цэнтнераў з гектара.

— Спачатку абмалочваем горшыя ўчасткі, дзе збажына слабая, — супакойвала іх галоўны аграном гаспадаркі Аксана Касякова. — Зерне плюшчым на корм жывёле. Напера­дзе больш ураджайныя палі. І думаю, што намалоты будуць вышэйшымі і ваш настрой палепшыцца.

На здымках: Сяргей Чэпік гутарыць з Васіліем Чабуранавым,

Мінуў тыдзень. Жніво набрала абароты. Кожны дзень уважліва вывучаю аператыўныя даныя па сельгасработах, якія вядуцца ў раёне. Камайцы па ўраджайнасці (28,7 ц/га) выйшлі на 3-е месца ў раёне, прапусціўшы наперад ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай». У суботу са старшынёй райвыканкама Сяргеем Чэпікам едзем у «Камайскі».

— ААТ «Камайскі-агра» — адна з найбуйнейшых гаспадарак не толькі ў раёне, але і ў вобласці, — гаварыў Сяргей Васільевіч. — Сёлета тут трэба ўбраць больш за 3 500 гектараў зерневых і зернебабовых. На палове плошчы жніво праведзена. Намалочана 4 960 тон. Нядрэнны вынік.

На полі за Старчунамі, побач з беларуска-літоўскай граніцай, працуюць камбайны New Holland малочнага завода, якімі кіруюць Андрэй Сакалоў і Васілій Чабуранаў. Першым пад’язджае Васілій. Сяргей Чэпік вітаецца з механізатарам, цікавіцца ўмовамі работы, намалотамі, зарплатай.

Задаволены новым камбайнам Ігар Кузьміч

— Разам з рапсам ужо больш за тысячу тон намалаціў, — паведамляе Васілій Чабуранаў. — А чыста збожжа — 700. Не ўсё ад мяне залежыць. На масіўным полі з чыстай збажыной тэмпы вышэйшыя, на меншых участках на камбайне з 11-метровай жняяркай працуецца марудней. Трывожыць прагноз сіноптыкаў: перадаюць дажджы. Калі задажджыць — страцім ураджай. Ды і тэхніка можа падвесці.

— Сёлетняе жніво асаблівае, — гаварыў Сяргей Чэпік. — Камбайны выйшлі ў поле на два тыдні раней, чым звычайна. Калі летась на пачатак жніўня было ўбрана працэнтаў 15 плошчы, то сёлета — амаль палова. Рапс, азімыя і яравыя збожжавыя саспелі адначасова, таму ўзрасла нагрузка на механізатараў: паралельна ідзе корманарыхтоўка з другога ўкосу траў, убіраецца салома, вядзецца ворыва пад сяўбу азімага рапсу. Пэўную дапамогу аказваюць гарадскія прадпрыемствы і арганізацыі, адкуль камандзіраваны людзі на зернесушыльныя комплексы, адвозку збожжа. З-за засухі сёлета валавы намалот збожжа па раёне будзе меншы. Таму вельмі важна ўбраць вырашчанае без прамаруджвання і без страт. І тут шмат залежыць ад адказнасці людзей.

Зварочваем на пшанічнае поле каля Мацут. Тут разам з Яркоўскімі ўбіраў збажыну Ігар Кузьміч. Родам ён з Барадзіна. Шмат гадоў адпрацаваў у дварчанскім аддзяленні, потым пераехаў у Навінкі. А зараз зноў шчыруе на радзіме. Сёлета яму таксама даверылі новы камбайн. Мікалай Махонь, Часлаў Карыцька, Вадзім Дуброўскі рупіліся на полі за Мягунамі. І камбайнеры, і вадзіцелі настроены на прадукцыйную працу. Не падвялі б тэхніка і надвор’е.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.