В Яревском и Куропольском сельсоветах прошло выездное заседание районного Совета депутатов

Местная власть

Галоўная тэма – добраўпарадкаванне

Выязное – значыць цікавае

Раённы Савет дэпутатаў практыкуе выязныя пасяджэнні прэзідыума. Чарговае адбылося ў мінулы чацвер. Маршрут — Ярэўскі і Курапольскі сельсаветы. Крыху падвяло надвор’е, але і аб’езд тэрыторый, і сур’ёзная размова адбыліся. А па дарозе ў першы пункт прызначэння — Задзеўе — старшыня Ярэўскага сельскага Савета Павел Скрыдлеўскі нават расказаў пра гісторыю вёскі. Яго калегам было цікава пачуць яе і пабачыць сучасны выгляд мясцовасці. Асабліва ўразілі чысціня і парадак на мясцовых могілках. А праяз­джаючы па цэнтральнай вуліцы Хаціл, нельга было не заўважыць яе добраўпарадкаванасць. Нездарма ж большасць дамоў тут маюць шыльдачкі «Дом узорнага парадку». У Волахах цікава было наведацца на новую малочнатаварную ферму з даільнай залай. Яе загадчыца Алена Лаўрыновіч расказала пра калектыў жывёлаводаў, умовы іх працы і яе аплату, надоі. На тэрыторыі Курапольскага сельсавета здзівіла сваім размахам і канструкцыямі размеркавальная электрападстанцыя, узведзеная кітайцамі, спадабалася невялікая, але дагледжаная дзіцячая пляцоўка, кветнікі каля школы і будынка сельвыканкама.

Загадчыца волахаўскай малочнатаварнай фермы Алена Лаўрыновіч расказвае пра ўмовы працы жывёлаводаў

Пад пастаяннай увагай

Навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню тэрыторый населеных пунктаў прэзідыум райсавета надае пастаянную ўвагу. Штогод зацвярджаюцца адпаведныя мерапрыемствы. На пасяджэннях прэзідыума, сесіях райсавета заслухоўваюцца справаздачы кіраўнікоў УП ЖКГ, дарожных службаў, старшынь сельскіх Саветаў. Праводзяцца суботнікі, месячнікі па добраўпарадкаванні.

Сёлета на тэрыторыі раёна высаджана больш за 600 дрэў, 350 кустарнікаў, разбіта каля 1 гектара газонаў, праводзіцца догляд засеяных раней.

Напрыклад, у скверы аг. Камаі газон плошчай амаль гектар рэгулярна падкошваецца, у добрым стане ўтрымліваецца размешчаная тут дзіцячая пляцоўка. Прыемныя ўражанні пакідае 5-гектарны парк у Варапаеве. У гарпасёлку ўстаноўлена новая дзіцячая пляцоўка каля садка, а ля школы — новая альтанка. У аг. Юнькі пафарбаваны агароджы. Ачышчаны тэрыторыі ляснога фонду, якія прылягаюць да месцаў адпачынку на азёрах Дубок, Белае, Варанец і іншых.

Пэўную дапамогу ў добраўпарадкаванні сельскім Саветам аказвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У мінулым го­дзе да гэтай справы былі прыцягнуты 22 беспрацоўныя, якія адпрацавалі 694 чалавека-дні, у першым паўгоддзі бягучага — адпаведна 11 і 169.

За 7 месяцаў 2021 года шмат зроблена па добраўпарадкаванні райцэнтра: высаджаны дрэвы і кустарнікі, адрамантаваны кантэйнерныя пляцоўкі для збору цвёрдых камунальных адходаў, спартыўныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, частка вуліц. У сектары індывідуальнай забудовы ўстаноўлены 2 тысячы пластыкавых кантэйнераў для раздзельнага збору смецця.

А што ў гаспадароў?

Натуральна, што падчас аб’езду часткі тэрыторый Ярэўскага і Курапольскага сельсаветаў удзельнікаў пасяджэння прэзідыума найбольш цікавіла пытанне парадку дня — добраўпарадкаванне. Як праінфармаваў старшыня Ярэўскага сельскага Савета Павел Скрыдлеўскі, усе пункты, зацверджаныя рашэннем сельвыканкама на 2020 год і сем месяцаў 2021-га, выкананыя. Прыведзеныя ў належны парадак 5 прыпынкаў грамадскага транспарту і прылеглыя да іх тэрыторыі (у Хацілах, Куртах, Ярэве, Мольдзевічах, Вялікай Вольсі), адрамантаваны 2,1 кіламетра дарог, на 0,7 кіламетра ачышчаны кюветы. Пасаджаны дрэвы, дэкаратыўныя кустарнікі, кветкі, абуладкавана спартыўная пляцоўка ў Хацілах. Праведзены касметычны рамонт фасадаў адміністрацыйных будынкаў ААТ «Ярэва-агра» і сельвыканкама, прадоўжана добраўпарадкаванне прылеглых да іх тэрыторый. Летась у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі закладзены сад і разбіты сквер з лаўкамі і пешаходнымі дарожкамі на тэрыторыі, прылеглай да пагранзаставы.

Пэўная работа па добраўпарадкаванні праводзіцца і на Курапольшчыне. Старшыня сельвыканкама Мікалай Яльчык адзначыў, што сёлета на тэрыторыі сельсавета пасаджана больш за 200 дрэў і 150 кустарнікаў, спілавана 9 небяспечных дрэў, знесены тры трухлявыя дамы, адрамантаваны агароджы на могілках у Андронах, Дзеткаве і Васілінах, шэраг могілак ачышчаны ад смецця. Грэйдзіраваліся і абкошваліся дарогі. Выконваліся іншыя работы.

Аднак зроблена далёка не ўсё. Сельскае насельніцтва старэе, а моладзь з’язджае ў гарады. Таму вёскі пусцеюць, і з кожным годам усё складаней падтрымліваць у іх парадак. З мэтай прыцягнення большай колькасці насельніцтва да добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый сельвыканкам штогод право­дзіць конкурс «Сельскі дворык». 51 дом на тэрыторыі сельсавета прызнаны ўзорным.

Месцы спачыну – святыя

На тэрыторыі раёна размешчана каля 200 грамадзянскіх могілак. Сельскія саветы сумесна са старэйшынамі арганізоўваюць насельніцтва на навядзенне парадку на іх, праводзяцца суботнікі. Сёлета на 30 могілках высечаны кустарнікі, на 11 —адрамантаваны і пафарбаваны агароджы,  спілавана 12 аварыйных дрэў.

Як ужо гаварылася вышэй, удзельнікі пасяджэння прэзідыума райсавета пабывалі на задзеўскіх могілках. Старшыня Ярэўскага сельскага Савета Павел Скрыдлеўскі расказаў што яшчэ 10 гадоў назад яны знаходзіліся ў даволі запушчаным стане: старыя аварыйныя дрэвы, хмызняк, трава, паваленыя помнікі. Аднак узяліся — і навялі парадак. Зараз яны тут узорныя. Мясцовая ўлада не толькі арганізоўвае людзей на правя­дзенне добраўпарадкавання, але і сочыць за тым, каб пахаванні вяліся не хаатычна, а строга па радах. А старшыня райсавета Пётр Курто падкрэсліў, што людзі павінны ведаць: каб пахаваць нябожчыка на тых ці іншых могілках, абавязкова трэба звярнуцца па дазвол у сельскі Савет.

Капліца на задзеўскіх могілках

Трухлявыя – зносіць

На Пастаўшчыне 461 населены пункт. У 85-ці з іх ніхто не пражывае. Пустыя трухлявыя дамы псуюць выгляд любой вёскі, уяўляюць сабой небяспеку. Таму вядзецца пастаянная работа па іх зносе. На працягу мінулага года ў раёне знесена 13 такіх дамоў за бюджэтныя сродкі і 21 — за кошт уласнікаў пры дапамозе сельгасарганізацый.

На 1 жніўня бягучага года выяўлена 156 пустуючых дамоў. 10 з іх знаходзяцца ў рэестры, па 14-ці пададзены паведамленні грамадзянам з патрабаваннем прывядзення ў парадак і выкарыстання, 18 знесены за бюджэтныя сродкі, 4 — гаспадарчым спосабам, 2 на тэрыторыі Ярэўскага сельсавета адчужаныя і прада­дзеныя за 1 750 рублёў, якія папоўнілі бюджэт Савета.

Знос трухлявых дамоў працягваецца. Трэба актывізаваць работу і па ўцягненні ў сельгас­абарот участкаў, якія вызваляюцца пасля гэтага.

Чым абы-якія, лепш ніякія

Гэта пра агароджы, якія з гадамі састарэлі і выглядаюць вельмі непрыгожа. А такіх у сельскай мясцовасці нямала. «Сельскія Саветы ўжо заняліся іх зносам і абавязаны актывізаваць гэту работу, — гаварыў старшыня райсавета Пётр Курто. — Трэба гутарыць з людзьмі, пераконваць у яе мэтазгоднасці, дапамагаць у гэтым. Ёсць прыклады, калі вяскоўцы неахвотна згаджаліся пазбавіцца ад старых агароджаў, а цяпер задаволены, што знялі іх. Старыя, з аблупленай фарбай, нахіленыя агароджы вельмі псу­юць выгляд прыдамавых тэрыторый. А карысці ад іх ніякай. Калі раней яны ахоўвалі ад пранікнення жывёлы, то зараз яе на падвор’ях практычна няма. Дык навошта такія ўбогія агароджы? Ідэальны варыянт — жывая агароджа з дэкаратыўных кустарнікаў, якія вельмі распаўсюджаныя ў Прыбалтыцы. Месцамі такія ўжо ёсць і ў нас».

Задачы акрэслены

Перад прыняццем рашэння на выязным пасяджэнні прэзідыума райсавета былі заслуханы інфармацыі не толькі старшынь сельскіх Саветаў, але і галоўнага спецыяліста аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ніны Зілгалавай, урача-гігіеніста райЦГЭ Кацярыны Бервячонак, начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Гатоўчыка.

З улікам выказаных усімі выступоўцамі заўваг і прапаноў акрэслены задачы на найбліжэйшую перспектыву.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.