Виктория Курто из «Традыцыі» поделилась рецептами блюд из яблок

Культура

Пераняла ў спадчыну майстэрства

19 жніўня праваслаўныя вернікі адзначылі Яблычны Спас. Гэта свята вельмі старажытнае, і ў нашых продкаў з ім было звязана нямала павер’яў. Напрыклад, даўней лічылася, што да Спаса нельга ўжываць у ежу маладыя яблыкі — толькі пасля асвячэння ў царкве.

Цяпер, напэўна, мала хто прытрымліваецца такога «посту». Як толькі ў садах наліваюцца яблыкі, гаспадыні спяшаюцца прыгатаваць з іх хатнія прысмакі — пірагі, кампоты, варэнне… Нямала іх рэцэптаў ведаюць і ўдзельніцы клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя». У тым ліку яе малады кіраўнік Вікторыя Курто, якую распытала не толькі пра стравы з яблыкаў, але і пра шлях у прафесію.

З Вікай сустракаемся на яе рабочым месцы — у Цэнтры культуры і народнай творчасці раёна. У сферы культуры яна працуе з 2009 года.

— З кулінарыяй я тады яшчэ была на «вы», — прыгадвала Вікторыя. — Аднак мне пашчасціла трапіць у акружэнне таленавітых, творчых, апантаных сваёй справай людзей. Я з захапленнем назірала, як шчыруюць гаспадыні клуба «Традыцыя», якім тады кіравала Ганна Арсенцьеўна Балаш. Старэйшыя, больш вопытныя калегі дзень за днём, год загодам вучылі мяне ўсяму, што ўмелі самі.

Вельмі многа ведаў і эмоцый Вікторыі падарылі паездкі ў вёскі раёна да носьбітаў кулінарных традыцый. Ёй заўжды былі даспадобы шчырыя, цікавыя размовы з бабулямі і дзядулямі. Яны не толькі дзяліліся рэцэптамі, але і спявалі даўнейшыя песні, расказвалі шчымлівыя аповеды пра сваё жыццё, пра святы, абрады, традыцыі… З кожнай такой паездкай дзяўчына пераконвалася, што ўсе гэтыя ўспаміны — сапраўдны скарб народнай культуры. І ёй вельмі захацелася дапамагчы яго зберагчы…

У рабоце ўсё атрымлівалася, але прапанова ўзначаліць клуб «Традыцыя» ўсё ж была нечаканай. Тым не менш Вікторыя згадзілася, бо ведала, што яе падтрымаюць старэйшыя калегі.

— Мне тады было 25 гадоў, і я ўдзячная, што мне аказалі такі давер, — гаварыла кіраўнік «Традыцыі». — За час работы ў клубе я яшчэ больш захапілася беларускай нацыянальнай кухняй і пагружаюся ў гэту тэму глыбей і глыбей. Напэўна, любоў да кулінарыі перадалася мне ў спадчыну ад маёй бабулі. Ёй 94, яна гатавала ўсё жыццё, у тым ліку на вяселлях. І грыбкі салодкія пякла, і вожыкаў… Прычым мяне заўжды здзіўляла, што бабуля ўсе прадукты брала на вока, ніякіх рэцэптаў у яе нідзе не запісана.

Да выпечкі ў Вікторыі, як і ў яе бабулі, любоў асаблівая. Бачылі б вы, якія прыгожыя тарты выпякае маладая гаспадыня! Яны ў выглядзе і футбольнага мяча, і «клумбы» з салодкімі кветкамі…

— Свой «дэбют» на кухні заўжды прыгадваю з усмешкай, — расказвала Вікторыя. — Мне было гадоў 10, калі мы з сястрой вырашылі спячы «Напалеон». Мама была ў шоку, убачыўшы, як мы засмецілі мукой усю кухню. А тата падтрымаў, сказаў, што торт атрымаўся смачны. Хаця самі мы яго есці не адважыліся (смяецца — аўт.).

Віка пячэ не толькі для сябе і родных, але і для працы. Раней яна ў складзе «Традыцыі» сустракала групы турыстаў, якія прыязджалі на экскурсію ў раён. На жаль, з пачаткам пандэміі такіх гастранамічных мерапрыемстваў доўга не было. Аднак ужо заўтра яны адновяцца — у Дом рамёстваў арганізавана прыедуць турысты, якія пажадалі пакаштаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні. А значыць, у Вікторыі зноў будзе нагода апрануць свой прыгожы нацыянальны касцюм і ў чарговы раз адчуць асалоду ад любімай справы.

Пакуль «Традыцыя» яшчэ толькі рыхтуецца сустракаць гасцей, народны жаночы клуб «Юнчанка» ўжо прадстаўляе раён на абласным свяце аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст». Ён сёння праходзіць у в. Алашкі Шаркаўшчынскага раёна. Прымеркавана свята да Яблычнага Спаса.

Гэта не першы Спас у жніўні — 14-га чысла адзначаўся мядовы. І не апошні — 29-га будзе Арэхавы. Традыцыям іх святкавання, упэўненая, жыць яшчэ вельмі доўга…

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.