Яркость красок и тепло души вкладывает в свои работы рукодельница из Постав Геноэфа Трошко

Общество

Яркасць фарбаў і цяпло душы ўкладвае ў свае работы рукадзельніца з Пастаў Генаэфа Трошка.

Шукала тэму чарговага артыкула. Даўняя знаёмаяМарына Кавалёнак прапанавала: «А хочаце, пазнаёмлю вас са сваёй мамай? У яе залатыя рукі». Яшчэ б не хацець! Мы такіх людзей па ўсім раёне адшукваем. Накіроўваюся на вуліцу Кірава ў райцэнтры, дзе тры з паловай гады назад сям’я з траімі дзецьмі купіла невялікі домік (да гэтага здымала прыватную кватэру). У цеснаце — не ў крыўдзе. А самае галоўнае — змаглі забраць да сябе з апусцелай вёсачкі ў суседнім раёне маці.

— Амаль усё маё жыццё прайшло ў браслаўскіх Растанішках, — расказвала Генаэфа Трошка. — Пасля сямігодкі стала ў калгасе даяркай. У 19 выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей. Цяжкасцей хапала, але мы з мужам былі маладыя, здаровыя, працавітыя, усё пераадольвалі.

Генаэфа Трошка на фоне сваіх работ

Слухаю бабулю і разглядваю прыгожыя накідкі на крэслах, пакрывала на ложку, палавікі на падлозе. Разумею, што ўсё гэта — ручная работа, таму і пераводжу размову на рукадзелле. Марына тым часам дастае з шафы цэлы стос хустак. Ад яркіх фарбаў разбягаюцца вочы.

— Як вы змаглі столькі навязаць, працуючы даяркай? — здзіўляюся. — Ды яшчэ ўласную гаспадарку трымалі, дзяцей гадавалі…

— Дык вечары ж былі свабодныя, — адказвае з усмешкай. — Усе палягуць спаць, а я сяджу з пруткамі ў руках. А потым цяжка хварэла, падоўгу ляжала ў бальніцах (мне мянялі тазасцегнавы сустаў) і там вязала. А калі ў 50 гадоў пайшла на льготную пенсію, то часу на рукадзелле стала намнога больш.

Генаэфа вязала рэчы з нітронавых нітак. Успамінала, як сваяк прывёз ёй з Наваполацка цэлы багажнік нітронавых «падушак», а потым і сама ездзіла купляць такія ж. Яе маці, гадзінамі праседжваючы за калаўротам, ператварала штучнае валакно ў тонкія роўныя ніткі. Напрала іх столькі, што вяжы што заўгодна.

Адзін з дываноў майстрыхі паказваюць яе ўнук Сцяпан з сябрам

— А зараз мы вам пакажам вось што, — інтрыгуе Марына і выкладвае ў разы большы стос вырабаў. — Але ў пакоі не хопіць месца разгарнуць усе. Хадзем у двор.

Унук майстрыхі з сябрам адзін за адным разгортваюць пяць вялікіх вышываных дываноў. На іх — прыцягальныя пейзажы і казачныя героі. Нават уявіць не магу, колькі часу спатрэбілася на стварэнне такіх работ, колькі працы ў іх укладзена.

— Ніводнага дывана не прадала, — расказвала майстрыха. — А на выставу ў Паставы мае работы бралі. Напэўна, спадабаліся, бо пасля я нават грашовы перавод атрымала. Во радасці было! Па праўдзе кажучы, і на рынак аднойчы вынесла дыван. Многія разглядвалі, хвалілі. А адна жанчына падышла і кінула: «Не было чым заняцца, вось і вышывала». Так крыўдна стала! Паспрабавалі б самі вязаць ці вышываць, дык ведалі б, як гэта няпроста. Зграбла я свой дыван — і дадому! Болей на рынак не ступіла. Усе мае рэчы застаюцца ў сям’і.

Зараз Генаэфа Альбертаўна ўжо мала рукадзельнічае — падво­дзіць зрок. Але за зіму звязала пяць снудаў для дарослых унукаў. Ну а шкарпэткі і рукавіцы яна і ў лік не бярэ. Такія рэчы для яе ўвогуле драбяза. Навязала іх за жыццё дзясяткі, а можа, і сотні.

Ва ўсіх работах таленавітай рукадзельніцы, акрамя яркіх фарбаў, мне бачылася дабро і цяпло яе душы, пра што і не прамінула сказаць. «Дык для мяне ж вязанне і вышыванне — найвялікшая ра­дасць! — маладым бляскам успыхнулі вочы бабулі Гені. — Вось яна і адсвечваецца…»

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.