Адзін з дзесяці найлепшых
1-е месца заняў дажыначны сноп Пастаўскага раёна ў конкурсе снапоў, які ладзіўся ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021», што ў пазамінулую суботу прайшоў у Шуміліне.
Свой сноп з залатой нівы на галоўным свяце аграрыяў прадставіў кожны раён Віцебшчыны. Над іх стварэннем працавалі майстры Дамоў і Цэнтраў рамёстваў вобласці. А ацэньвалі работы, галасуючы за найлепшую па іх меркаванні, жыхары гарпасёлка, удзельнікі і госці свята, якія завіталі ў Цэнтр культуры, дзе была арганізавана выстава. Як аказалася, пастаўскі сноп спадабаўся многім.
Яго ідэя належыць дырэктару Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяне Петух. Увасабляць яе ў жыццё дапамагала калега — майстар Крысціна Брэская.
— Конкурс «Дажыначны сноп» на фестывалі-кірмашы традыцыйны. І кожны год мы стараемся прыдумаць штосьці новае і арыгінальнае, — расказвала Таццяна Мікалаеўна. — Сёлетняя ідэя была ў тым, каб паказаць працэс з’яўлення хлеба на нашым стале. Ніз снапа сведчыць пра тое, што зярняткі, якія ўпалі ў зямлю, нараджаюць каласы. Калі яны выспяваюць, людзі талакой (яе сімвалізуе карагод) жнуць іх. Затым зерне абмалочваюць і перамолваюць умуку (наступны рад млыноў). А вянцом нялёгкай хлебаробскай працы з’яўляецца каравай. Яго на версе кампазіцыі трымае на ручніку саламяная лялька ў народным строі. Усе дробныя дэталі: карагод, млыны, вышываныя элементы — рабіла Крысціна. Я займалася лялькай і зборкай снапа. Дарэчы, трымаецца ён на каркасе, які вырабіў наш загадчык гаспадаркі Валянцін Гуданец.
Трэба сказаць, што 1-е месца пастаўскія майстры раздзялілі з прадстаўнікамі яшчэ дзевяці раёнаў Віцебшчыны. Іх работы таксама набралі найбольшую колькасць галасоў.
Алена Шапавалава