12 сентября — профессиональный праздник сотрудников СК РБ. Интервью с Александром Четовичем

Общество

Задача адна – аб’ектыўнасць і незалежнасць расследавання

Заўтра сваё прафесійнае свята будуць адзначаць супрацоўнікі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У календары яно з’явілася ў 2016 годзе ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта краіны. А яшчэ раней, 1 студзеня 2012-га, быў утвораны сам Следчы камітэт. Напярэдадні свята з начальнікам Пастаўскага раённага аддзела СК Аляксандрам Чатовічам сустрэлася карэспандэнт «ПК».

Аляксандр Чатовіч

— Аляксандр Аляксандравіч, хто амаль 10 гадоў назад увайшоў у склад новага органа?

— Ён быў утвораны шляхам зліцця следчага апарату органаў пракуратуры з падраздзяленнямі папярэдняга расследавання з сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Калі гаварыць пра Пастаўскі РАСК, то ў яго перавялі супрацоўнікаў, якія займалі пасады следчых і дазнаўцаў у аддзеле папярэдняга расследавання РАУС, і следчых пракуратуры. Першапачаткова было 12 чалавек, уключаючы начальніка аддзела і яго намесніка. Аднак у далейшым у выніку аптымізацыі дзве пасады следчага скарацілі. Таму сёння наша штатная структура — гэта 8 следчых, начальнік, намеснік кіраўніка, інспектар па справаводстве і загадчык гаспадаркі.

— Якія задачы былі пастаўлены перад супрацоўнікамі Следчага камітэта і ці змяніліся яны з цягам часу?

— Асноўная задача, якая застаецца нязменнай па цяперашні дзень, — аб’ектыўнасць расследавання крымінальных спраў і незалежнасць пры расследаванні. Уласна кажучы, гэта і было мэтай стварэння Следчага камітэта, закліканага павялічыць абарону законных правоў і інтарэсаў грамадзян і дзяржавы. Крымінальна-працэсуальным заканадаўствам прадугледжана, што кожны следчы з’яўляецца працэсуальна незалежнай асобай, а яго даручэнні і пастановы абавязковыя для выканання ўсімі органамі і арганізацыямі.

— Наколькі паспяхова спраўляецеся з ускладзенымі на вас абавязкамі?

— Што да пакрыцця ўрону, прычыненага злачынствамі, то сёння гэты паказчык складае ў нашым аддзеле 93% і з’яўляецца адным з самых высокіх у вобласці. Заўважу, што для пацярпелых важна не столькі тое, як пакара­юць злачынца, колькі каб ім вярнулі ўкрадзенае, кампенсавалі нанесеную шкоду. У дадзеным выпадку кожны следчы імкнецца такім чынам абараніць законныя правы і інтарэсы грамадзян.

— Раскажыце, калі ласка, якія справы расследуеце.

— Практычна ўсе катэгорыі крымінальных спраў: кра­дзяжы, хуліганствы, угоны транспартных сродкаў, дарожна-транспартныя здарэнні, махлярствы, прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, забойствы і пакушэнні на іх, карупцыйныя і іншыя злачынствы. Безумоўна, асноўную масу складаюць крадзяжы, сярод якіх у апошні час асабліва частымі сталі крадзяжы грашовых сродкаў з разліковых рахункаў грамадзян, здзейсненыя шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі. Самы распаўсюджаны варыянт — калі махляры тэлефануюць чалавеку, прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка і ў ходзе размовы даведваюцца ідэнтыфікацыйныя даныя банкаўскай плацежнай карты, а затым здымаюць з рахунка грошы. Каб такога не здарылася, я раю ўсім зрабіць да зарплатнай дзве дадатковыя карты. Адну — толькі для разлікаў у інтэрнэце, другую — накапляльную, якой вы наогул не будзеце нідзе разлічвацца. Праўда, з улікам праводзімай Следчым камітэтам, іншымі праваахоўнымі органамі і сродкамі масавай інфармацыі вялікай прафілактычнай работы зараз нашы людзі сталі больш пільнымі, і такія злачынствы пайшлі на спад.

Калі звярнуцца да лічбаў, то за 8 месяцаў бягучага года намі ўзбуджаны 53 крымінальныя справы па фактах здзяйснення кра­дзяжоў, 36 — па злачынствах у сферы высокіх тэхналогій, 8 — па фактах махлярства, 4 — незаконнага палявання, 3 — прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. 10 спраў звязаны з мінулагодняй электаральнай кампаніяй. Яны датычаць псавання грамадскай маёмасці, апаганення будынкаў і збудаванняў, абразы, у тым ліку ў інтэрнэце, службовых асоб.

За кожнай справай стаіць вялікая, карпатлівая работа следчага. Што можаце сказаць пра сваіх падначаленых?

— Калектыў наш невялікі, а работы шмат, таму нярэдка даводзіцца падстаўляць плячо адно аднаму. А гэта вельмі з’ядноўвае, пры тым што калектыў пастаянна абнаўляецца. У нас пачынала службу шмат следчых з іншых гарадоў: Віцебска, Полацка, Наваполацка. Тут яны атрымалі пэўны вопыт, пасля чаго былі пераведзеныя па месцы свайго жыхарства. Вось і зараз маем двух маладых супрацоўнікаў. Аднаго з іх прынялі на работу ў верасні мінулага года, другога — сёлета ў ліпені. Гэта Назар Карпеня і Аксана Зайцава. Абое — жыхары Віцебска, скончылі юрыдычныя факультэты грамадзянскіх ВНУ і выказалі жаданне служыць у Паставах, паколькі тут меліся вакантныя пасады.

З першага дня ўтварэння Следчага камітэта ў райаддзеле працуем толькі я і мой намеснік Яўгеній Сініла, які раней узначальваў РАСК. Затым да выхаду на пенсію яго кіраўніком быў Уладзімір Фамін. Ёсць некалькі чалавек, якія працуюць з 2013-га, 2014 года. Трэба сказаць, што палова нашых следчых — дзяўчаты, якія дастаткова ўмела і прафесійна спраўляюцца са сваімі службовымі абавязкамі, ні ў чым не саступаюць мужчынам.

— А каго хацелі б адзначыць асобна?

— У першую чаргу старшага следчага Наталлю Міснікевіч-Астаніну. Яна расследуе карупцыйныя злачынствы і злачынствы ў сферы эканомікі. Гэта вельмі аб’ёмныя крымінальныя справы, кожная з якіх складаецца з вялікай колькасці тамоў. Работа над імі патрабуе павышанай уважлівасці і скрупулёзнасці, паколькі звязана з лічбамі і дакументамі. Таксама на высокім узроўні выконвае свае службовыя абавязкі старшы следчы Святлана Паўловіч, якая пачынала службу яшчэ ў райаддзеле ўнутраных спраў, а затым перавялася ў Следчы камітэт. Святлана Мечыславаўна займаецца расследаваннем злачынстваў, звязаных з арганізацыяй незаконнай міграцыі. Такія злачынствы спецыфічныя для нашага аддзела і рэгіёна, які з’яўляецца прыгранічным. Малайцы і маладыя супрацоўнікі, у прыватнасці Назар Карпеня. Ён дастаткова кампетэнтны, хутка ўсё схоплівае, стараецца. Увогуле, я ўдзячны ўсім супрацоўнікам аддзела за зладжаную работу, адказнасць, самаадда­насць, вернасць абранай справе і службоваму абавязку.

— З якімі структурамі ўзаемадзейнічаеце ў рабоце?

— У найбольшай ступені — з органамі ўнутраных спраў. Іх супрацоўнікі ажыццяўляюць аператыўнае суправаджэнне па крымінальных справах, выконваюць даручэнні следчых. Па пэўных катэгорыях спраў — з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Таксама дастаткова цесна — з Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз. Разам са следчымі эксперты выяз­джаюць на месцы здарэнняў, удзельнічаюць у правядзенні аглядаў, следчых эксперыментаў. Узаемадзейнічаем і з пагранкамітэтам, ваенкаматам, пракуратурай. Кожную расследаваную справу мы перадаём пракурору, які яе вывучае і накіроўвае ў суд, а затым падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачванне.

— Значыць, віншаванняў з прафесійным святам заўтра будзе шмат. Далучаюся да іх і я. Жадаю здароўя і яшчэ большых поспехаў у службе!

Гутарыла Алена Шапавалава
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.