Чемпионат Беларуси па футболу. Вторая лига. ФК «Поставы»—ФК «Нива» (Толочин)— 3:0

Спорт

Пад дыктоўку гаспадароў

ФК «Паставы»–«Ніва» (Талачын) – 3:0

Гэтым матчам пастаўчане парадавалі сваіх прыхільнікаў у родных сценах. Гульня пачалася з іх бесперапынных атак, і ўжо на 5-й хвіліне апорны паўабаронца Мікіта Пурлан з убойнай пазіцыі стрэліў вышэй за перакладзіну. Праз імгненне Уладзімір Камісарчук накіраваў мяч у пустыя вароты саперніка, але абаронца здолеў яго адбіць.

Талачынцы дзейнічалі на контратаках і пару разоў сур’ёзна патурбавалі нашага варатара Андрэя Чашуна, які згуляў бездакорна. Надзей­на дзейнічаў на апошнім рубяжы і 47-гадовы галкіпер «Нівы» Дзмітрый Малёнак. Ён двойчы не даў сябе абыграць пры выхадзе без перашкод на свае вароты. Націск пастаўчан не спыняўся, а першы гол сталічны суддзя адмяніў з-за становішча «па-за гульнёй». За 10 хвілін да перапынку нашы дабіліся свайго — пасля дакладнай перадачы свайго капітана вызначыўся Ула­дзімір Камісарчук.

Прарыў на ўдарную пазіцыю рэзервовага паўабаронцы пастаўчан Марка Хмяльніцкага

У другім тайме талачынцы ўвогуле перасталі паспяваць за імклівымі перамяшчэннямі пастаўчан. За некалькі хвілін лёс паядынку быў фактычна прадвырашаны. Спачатку Андрэй Вілейта падвоіў перавагу нашай каманды, прабіўшы ў пустыя вароты. Неўзабаве яго збілі ў штрафной пляцоўцы, а прызначаны пенальці рэалізаваў адзін з найлепшых бамбардзіраў у Віцебскім дывізіёне 2-й лігі Ігар Павініч — 3:0.

Пераканаўчай перамогі на сваім полі дабіліся Чашун, Гарнадуд, Рогач, Голубеў, М. Якаўлеў, Пурлан (Хмяльніцкі), Давідоўскі, Кабяк, Камісарчук, Павініч, Вілейта (к).

У 15-м, перадапошнім, туры вызначыўся ўладальнік другой пуцёўкі ад Віцебшчыны ў рэспубліканскі фінал плэй-оф. Сенненцы на выездзе ў Гарадку перамаглі з лікам 1:2 і заваявалі «серабро» абласнога першынства. Гэтаму поспеху ўзрадавалася каманда Міёр, якой уру­чаць бронзавыя медалі пасля тэхнічнай перамогі (3:0) над аршанцамі. Таксама міёрцы хутка згуляюць у фінале Кубка Віцебскай вобласці па футболе, паколькі федэрацыя задаволіла іх пратэст, так як у паўфінале гуляў незаяўлены ігрок. Двухразовы чэмпіён вобласці — віцебскі «Газавік» — згуляў унічыю (1:1) з «Полацкам-2019».

У суцяшальным турніры за 7—12-е месца глыбачане дабавілі сабе яшчэ 3 балы за тэхнічную перамогу над віцебскім «Харчцэнтрам», які пасля папярэдняга этапа зняўся з чэмпіянату краіны.

У заключным туры пас­таў­чане ў абласны цэнтр не паедуць і будуць мець без гульні чарговую перамогу. Іх канкурэнт, ФК «Лепель», толькі ў другім тайме змог перамагчы на выездзе ФК «Чашнікі» з лікам 1:5. За тур да заканчэння барацьбы турнірнае становішча ў групе наступнае: 7-е месца — ФК «Глыбокае» — 22 ачкі; 8-е — ФК «Лепель» — 16; 9-е — ФК «Паставы» — 15; 10-е — «Ніва» (Талачын) — 11; 11-е — «Харчцэнтр» (Віцебск) — 10, 12-е — ФК «Чашнікі» — 3. Пастаўчане змогуць падняцца на 8-е выніковае месца, калі лепяльчане дома не перамогуць талачынцаў.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.