Чемпионат Беларуси по футболу. Вторая лига. «Продцентр» (Витебск)–ФК «Поставы» – 0:3

Спорт

Найлепшыя матчы – наперадзе

«Харчцэнтр» (Віцебск)–ФК «Паставы» – 0:3

У гульнявую праграму заключнага, 16-га, тура чэмпіянату краіны ў паўночным дывізіёне дабавіўся фінал розыгрышу Кубка Віцебскай вобласці па футболе. Наш сапернік — «Харчцэнтр» (Віцебск) — зрабіў стаўку на гэты турнір, але датэрмінова зняўся з першынства. Таму пастаўчанам аўтаматычна прысудзілі чарговую тэхнічную перамогу, і яны чакалі вынікаў апошніх матчаў сезона. Але віцябчанам у мінулую суботу не пашанцавала: у гульні ў Оршы яны прапусцілі адзіны мяч пасля штрафнога ўдару, і ганаровы трафей дастаўся міёрцам. ФК «Міёры», які нашы двойчы перамаглі, прадоўжыць барацьбу за Кубак рэгіёнаў Беларусі. Яго ўладальнік вый­дзе на еўрапейскі турнір UEFA.

На наступны дзень міёрцы паехалі ў Гарадок, дзе саступілі (0:2) мясцовай камандзе. Аднак гэты вынік не паўплываў на канчатковае размеркаванне месцаў, бо сёлета «Гарадскія львы» фінішавалі чацвёртымі. Перад турам ужо былі вядомыя 13 з 16 каманд-удзельніц рэспубліканскага фіналу плэй-оф. Чэмпіён вобласці — віцебскі «Газавік» — на выездзе прайграў футбольнаму клубу «Сянно» (0:2). Сенненцы таксама прадоўжаць барацьбу на рэспубліканскім узроўні за медалі ў 2-й лізе. У групе наймацнейшых «Полацк-2019» дома разграміў аршанцаў з лікам 5:1.

У суцяшальным турніры за 7—12-е месца адбыўся толькі адзін матч, бо каманда Чашнікаў зноў не паехала на гульню ў Глыбокае. На сваім полі ФК «Лепель» прадказальна быў мацнейшым (4:0) за талачынскую «Ніву». У выніку сёлета ў турнірнай табліцы Віцебскага дывізіёна каманды размясціліся так: 1-е месца — «Газавік» (Віцебск), 2-е — ФК «Сянно», 3-е — ФК «Міёры», 4-е — «Гарадскія львы» (Гарадок), 5-е — «Полацк-2019», 6-е — «АвіяДАР» (Орша), 7-е — ФК «Глыбокае», 8-е — ФК «Лепель», 9-е — ФК «Паставы», 10-е — «Ніва» (Талачын), 11-е — «Харчцэнтр» (Віцебск), 12-е — ФК «Чашнікі». У групу найлепшых бамбардзіраў дывізіёна ўвайшлі двое пастаўчан — Ігар Павініч і Андрэй Вілейта.

Для большасці футбалістаў вобласці чарговы сезон у 2-й лізе завяршыўся. Толькі тры каманды — з Віцебска, Сянно і Міёр — прадоўжаць змагацца з наймацнейшымі клубамі іншых рэгіёнаў Беларусі.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.