День работников леса. Кто из представителей лесного хозяйства Поставщины удостоен высоких наград?

Главное Общество

У аўторак у канцэртнай зале «Віцебск» прайшоў урачысты сход, прысвечаны Дню работнікаў лесу. На ім ушаноўвалі найлепшых з Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Сярод удастоеных высокіх узнагарод і прадстаўнікі лясной гаспадаркі Пастаўшчыны. З некаторымі з іх знаёмім чытачоў «ПК».

Быць дынастыі

У мінулым годзе споўнілася 20 гадоў, як Валерый Гарбуль закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Летась студэнтам факультэта лясной гаспадаркі гэтай навучальнай установы стаў яго старэйшы сын Дзмітрый.

Нават у інтэрнаце засяліўся ў той пакой, уякім жыў я, — расказваў Валерый Аляксандравіч. — Спадзяюся, што ў вучобе не расчаруецца і стане прадаўжальнікам маёй справы.

Валерый нарадзіўся ў Казнадзеюшках, што на Лынтупшчыне. Жывучы сярод лясоў, і прафесію выбраў лясную. Падаваць дакументы на паступленне ў інстытут асабіста часу не меў: якраз стаяла сенакосная пара, і трэба было дапамагаць бацькам, таму паслаў іх па пошце. Затым паспяхова здаў уступныя экзамены і быў залічаны ў студэнты. Па словах Валерыя, вучыцца было цікава. А атрымаўшы дыплом, на пастаяннае месца работы прыехаў у Пастаўскі лясгас, дзе пачынаў майстрам. У 2013 годзе яго назначылі галоўным ляснічым. Пасада клопатная, бо трэба быць і тэхнолагам, і эканамістам, і эколагам, карацей — стратэгам лясной гаспадаркі.

Дзякуючы намаганням га­лоўнага ляснічага і яго камандзе вырастае штучны (паса­джаны) лес. Вялікая ўвага ўдзяляецца яго ахове ад пажараў, браканьераў і шкоднікаў, а таксама догляду пасадак, своечасова праводзяцца рубкі догляду, санітарныя рубкі.

Лес — гэта жывы прыродны арганізм, — гаварыў Валерый Гарбуль. — А пачынаецца ён з маленькага насення, якое высяваем у гадавальніку. Вынік нашай работы можна будзе ўба­чыць толькі праз 80-100 гадоў.

Пастаўскія лесаводы адзіныя ў вобласці сталі выся­ваць у гадавальніку вольху для пасадак. Тут вырошчваюць таксама 90 тысяч саджанцаў елкі першага года з закрытай каранёвай сістэмай і 55 тысяч — другога года, 10 тысяч саджанцаў сасны — на палях дарошчвання для аднаўлення гэтай пароды на пашкоджаных насаджэннях.

Пастаўскі лясгас займае плошчу больш за 90 тысяч гектараў. І галоўны ляснічы добра ведае свае ўладанні і асаблівасці работы ў іх. Яму шмат часу прыходзіцца працаваць з дакументацыяй. У Валерыя Гарбуля словы ніколі не разыходзяцца са справай. Разважлівы, ураўнаважаны, кампетэнтны ў любым пытанні.

Малады і перспектыўны

У наш раён Дзяніса Кавальскага прывяло каханне. Сам ён родам з Міёрскага. Закончыў Полацкі лесагаспадарчы тэхнікум і па накіраванні трапіў у Дзісненскае лясніцтва. Калі ажаніўся, перабраўся на радзіму жонкі і ўладкаваўся ў Пастаўскі лясгас. Паўгода працаваў памочнікам ляснічага ў Валкоўскім лясніцтве, затым яго перавялі на пасаду майстра пастаўскага лесапункта, а яшчэ праз паўгода назначылі начальнікам гэтага найбуйнейшага структурнага падраздзялення.

Дзяніс завочна закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, пастаянна цікавіцца навінкамі лясной гаспадаркі. Як начальнік лесапункта, адказны за нарыхтоўку лесу: падбірае лесасекі, распрацоўвае і прымяняе тэхналогіі і метады работы на іх з улікам асаблівасцей дзялянкі і пад’язных шляхоў да яе, умоў надвор’я. Своечасова выстаўляе лясную прадукцыю на таргі на Беларускай універсальнай таварнай біржы. Кантралюе работу лесанарыхтоўчых комплексаў, вызначае аб’ём рубак, адпраўляе туды тэхніку і людзей. Арганізуе і каардынуе іх дзейнасць у адпаведнасці з зацверджанымі рэгламентамі, схемамі, ажыццяўляе кантроль за правільным і рацыянальным выкарыстаннем матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў. У падпарадкаванні Дзяніса Кавальскага — майстры лесапункта, вальшчыкі лесу, машыністы тралёвачных машын, вадзіцелі. Начальнік з кожным імкнецца знаходзіць узаемаразуменне, працавіты і мэтанакіраваны.

Гаспадыня фінансаў

Так называюць у лясгасе галоўнага бухгалтара Алену Саўкову. Яна добра ведае фінансавае і падатковае заканадаўства, правілы разлікаў з дэбіторамі і крэдыторамі, прафесійна вядзе бухгалтарскі ўлік гаспадарча-фінансавай дзейнасці прадпрыемства.

У мяне выдатная каманда з ліку бухгалтараў лясніцтваў, лесапункта, іншых падраздзяленняў, — гаварыла Алена Тытусаўна. — Разам мы працуем на фінансавую стабільнасць лясгаса.

Алена — пастаўчанка. Закончыла СШ №2, а затым — Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. У працоўнай кніжцы мае ўсяго адзін запіс аб прыняцці на работу ў Пастаўскі лясгас. Прайшла прыступкі ад эканаміста па працы да галоўнага бухгалтара. Сёлета споўнілася 10 гадоў, як займае гэту адказную пасаду.

Вадзіцель-прафесіянал

Алег Шырко сярод калег вызначаецца ўзорным выкананнем ускладзеных на яго абавязкаў, любіць тэхніку і беражэ яе. Мае 35 гадоў вадзіцельскага стажу. З 2008 года працуе ў Пастаўскім лясгасе. Яго лесавозу — 11 гадоў. Калясіць даводзіцца па лясным бездарожжы. Тут патрэбны асаблівы спрыт. Навыкаў патрабуе і работа з маніпулятарам для загрузкі і выгрузкі драўніны. Цяпер Алег Шырко заняты ў асноўным на адгрузцы лесу. Нормы выпрацоўкі пастаянна перавыконвае. За добрасумленную працу неаднарозова заахвочваўся дырэкцыяй лясгаса, мае граматы Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, раённага Савета дэпутатаў.

Падрыхтавала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.