Отпраздновали вместе: в Поставах прошли мероприятия, приуроченные ко Дню народного единства

Общество

Адсвяткавалі разам

16—17 верасня ў Паставах прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства. Сярод іх — сустрэча ў раённым краязнаўчым музеі, адкрытыя дыялогі ў СШ №4 і №2 імя Н. Асяненкі, велапрабег і лёгкаатлетычны забег, урачысты канцэрт у раённым Доме культуры. Расказваем падрабязней пра кожную з гэтых падзей.

Згуртаваныя адной мэтай

Пастаўскі райкам БРСМ сёння аб’ядноўвае каля тысячы чалавек: школьнікаў, навучэнцаў, працоўную моладзь. Каля паўсотні з іх далучыліся да рэспубліканскага саюза моладзі сёлета. У СШ №4 такіх навічкоў 20, і гэта лічба — адна з найбольшых сярод навучальных устаноў Пастаўшчыны. Такую інфармацыю агучыла першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч падчас адкрытага дыялогу «У адзінстве моладзі — сіла Беларусі». Ён адбыўся ў чацвёртай школе 16 верасня.

— Заўтра наша краіна ўпершыню будзе адзначаць Дзень народнага адзінства, — гаварыла Кацярына, вітаючы прысутную моладзь. — Што такое дружба, згуртаванасць, вы ведаеце даўно. Мне заўжды прыемна назіраць, як маладыя людзі падтрымліваюць адно аднаго. Згадзіцеся: калі ёсць плячо сапраўднага сябра, у жыцці атрымліваецца нашмат больш. Таму вельмі радасна, што шэрагі БРСМаўцаў папоўніліся мэтанакіраванымі, таленавітымі школьнікамі, гатовымі да плённага супрацоўніцтва, новых адкрыццяў і творчых вяршынь.

Кацярына Малевіч таксама заўважыла, што вучні СШ №4 асабліва актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія арганізуе райкам. Яны адгукаюцца на любыя ініцыятывы, і іх можна смела ставіць у прыклад іншым школьнікам.

Наша арганізацыя такая ж маладая, як і вы самі. Зусім нядаўна ёй споўнілася 19 гадоў, — гаварыла першы сакратар райкама БРСМ. — З часам у Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі з’яўляюцца новыя праекты, але галоўныя кірункі дзейнасці застаюцца ранейшымі. Валанцёрскі і студатрадаўскі рух, грамадскія пункты аховы правапарадку, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — на гэта ў нашай дзейнасці скіравана асноўная ўвага. Ваша школа адметная тым, што тут існуе адзіная ў вобласці ваенна-патрыятычная група пагранічнай накіраванасці, якая аб’ядноўвае вучняў з 7—11 класаў. Ведаю, што яна актыўна пачала новы навучальны год: школьнікі з’ез­дзілі ў Смаргонь, наведалі 90-гадовага ветэрана вайны, ёсць планы паехаць у Мінск… І гэта яшчэ раз пацвярджае: актыўнасць і пазнавальнасць — тыя рысы, якія дапамагаюць маладому чалавеку зрабіць жыццё ярчэйшым і цікавейшым.

Падчас мерапрыемства Кацярына Малевіч уручыла новаспечаным БРСМаўцам членскія білеты і значкі. Гэта яна зрабіла і падчас адкрытага дыялогу, які прайшоў 17 верасня ў СШ №2 імя Н. Асяненкі. Там у Дзень народнага адзінства білеты атрымалі яшчэ 6 новых сяброў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

У адукацыі – новыя магчымасці

Пастаўскі раённы краязнаўчы музей, здаецца, ідэальнае месца для таго, каб гаварыць пра падзеі 1939 года, якія і ляглі ў аснову новага дзяржаўнага свята. У фондах захаваліся здымкі, дакументы, кнігі, што дапамагаюць даведацца пра жыццё на Пастаўшчыне пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй.

Пра змены, якія ў той час адбываліся ў нашым краі ў сістэме адукацыі, можна было пачуць на мерапрыемстве пад назвай «Пуцёўка ў жыццё». Яно ладзілася ў музеі 16 верасня і аб’яднала зацікаўленых тэмай краязнаўства пастаўчан.

Станоўчым момантам уз’яднання было тое, што сялянскія дзеці змаглі вучыцца на беларускай мове і без перашкод атрымліваць сярэднюю, сярэднеспецыяльную, а пасля і вышэйшую адукацыю, — распавядала дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. — Раней навучанне было на польскай мове. І тыя падзеі верасня 1939-га далі вялікі штуршок развіццю нашага роднага, беларускага. Расла колькасць школ, настаўнікаў, якія ўмела даносілі да дзяцей усё, што ведалі самі. Як вынік — многія выхадцы з вёсак Пастаўшчыны дасягнулі ў навуцы неверагодных вышынь, сталі вялікімі людзьмі. Гэта, напрыклад, доктар сельскагаспадарчых навук Міхаіл Уладзіміравіч Казаровец, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Зянон Валянцінавіч Лоўкіс і іншыя. З многімі  навукоўцамі наш музей падтрымлівае сувязь, у зносінах гэта вельмі простыя, сціплыя, адкрытыя людзі, якімі мы ўсе можам ганарыцца.

Размова на сустрэчы вялася пра падрыхтоўку педагагічных кадраў, дзейнасць пастаўскага педвучылішча, нашых славутых землякоў-навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Акрамя дырэктара музея, перад прысутнымі выступілі захавальніца фондаў Дзіна Вялічка, старшы навуковы супрацоўнік Валянціна Друсь. Сустрэча стала карыснай усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

Спаборнічалі ў сяброўскай атмасферы

Да Дня народнага адзінства былі таксама прымеркаваны лёгкаатлетычны забег і велапрабег. Абодва спартыўныя мерапрыемствы былі аб’яднаны ў адно і адбыліся 17 верасня.

У 14 гадзін на плошчы Камсамольскай у Паставах сабралася каля сотні прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку. Больш за палову з іх адправіліся на трохкіламетровую дыстанцыю на веласіпедах, астатнія — бягом.

Фінішавалі спартсмены-аматары каля брацкай магілы па вуліцы Чырвонаармейскай. У памяць пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны актывісты БРСМ у той дзень запалілі лампадкі.

У парку насупраць адбылося ўзнагароджанне пераможцаў лёгкаатлетычнага забегу (веласіпедысты паміж сабой не спаборнічалі). Сярод юнакоў 1-е месца заняў Уладзіслаў Врублеўскі, які служыць у 1-м РТЦ, сярод дзяўчат перамагла вучаніца СШ №3 Аляксандра Жыдкая. Акрамя ўладальнікаў трох першых месцаў, на п’едэстал гонару таксама падняліся самая малодшая і самы старэйшы ўдзельнікі забегу — 12-гадовая Ірына Гаўрыловіч і Іван Кумішча, якому 62 гады. Усе пераможцы адзначаны дыпломамі і сувенірамі ад арганізатараў мерапрыемства — аддзела спорту і турызму райвыканкама і райкама БРСМ.

Спорт аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту, розных прафесій. І сённяшняе мерапрыемства толькі пацвярджае гэта, — адзначыў начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі. — Прыемна, што нашу ініцыятыву падтрымалі не толькі школьнікі, але і прадстаўнікі розных калектываў Пастаўшчыны: рэабілітацыйнага цэнтра «Ветразь», ЖКГ, каледжа, раёна газазабеспячэння, АУС, 1-га радыётэхнічнага цэнтра… Дзякуй усім, хто выйшаў на дыстанцыю і сваім прыкладам паказаў, што спорт — гэта і здарова, і здорава!

Гэта зямля твая і мая

Пад такой назвай у раённым Доме культуры прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны Дню народнага адзінства. Сярод гледачоў на ўрачыстасці былі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Станіслаў Чымбург, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, ваеннаслужачыя, моладзь, шматлікія гараджане.

Сёння ў нашай краіне асабліва ўрачысты дзень, — гаварыла, вітаючы прысутных, вядучая Алена Слядзеўская. — Мы адзначаем свята, якое аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту, нацыянальнасцей, веравызнанняў, поглядаў, — гэта Дзень народнага адзінства. Згода, талерантнасць, узаемаразуменне, павага адно да аднаго — тыя каштоўнасці, да якіх ва ўсе часы імкнецца кожны чалавек. І нішто так не аб’ядноўвае людзей, як жаданне быць шчаслівымі і жыць у міры і згодзе.

Падчас канцэрта свае творчыя нумары гледачам падарылі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны ансамбль «Паазер’е», народны ансамбль народнай песні «Вітанне», народны ансамбль беларускай песні «Маладзіца», танцавальны калектыў «Детство», узорная цыркавая студыя «Каскад», Ганна Антух, Злата Ярашэвіч, Ірына Сеганкевіч і іншыя выканаўцы. На сцэну выйшлі і ансамбль барабаншчыц, танцавальны калектыў дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, валанцёры і актывісты БРСМ, якія паказалі сумесны нумар «Маладая Беларусь».

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.