Фоторепортаж: В Шумилино прошли областные «Дажынкі-2021»

Главное Сельское хозяйство

Нашы ў Шуміліне

У суботу Шуміліна, якое значна папрыгажэла да свята, сустракала абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021».

У гарадскім пасёлку, дзякуючы маштабнаму фуруму аграрыяў, абнавілі больш за 100 аб’ектаў. Некаторыя з іх незадоўга да святочнага шэсця калоны дэлегацый раёнаў і ўрачыстага адкрыцця фестывалю наведала афіцыйная дэлегацыя Віцебшчыны разам з ганаровымі гасцямі. У яе склад увайшлі старшыні аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў Мікалай Шарснёў і Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта Беларусі Валерый Бельскі, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла, старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін і многія іншыя. Прысутнічалі на свяце і тытулаваныя спартсмены — прызёры Алімпійскіх гульняў у Токіа Іван Літвіновіч, Максім Недасекаў і галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па скачках на батуце Вольга Власава.

Маршрут дэлегацыі пралёг праз рэканструяваны гарадскі сквер, там да воінскага пахавання былі ўскладзены кветкі. Спыніліся афіцыйныя асобы і ля Алеі славы, дзе ўстаноўлена больш за 30 стэл з фотаздымкамі землякоў — Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы. Затым гасцей свята сустракалі навучэнцы СШ №1 імя Героя Савецкага Саюза П. Акуціёнка, якія падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне пра гісторыю развіцця адукацыі на Віцебшчыне. Працягнула тэму нарада па выніках пяцігадовай работы па рэалізацыі ў вобласці праекта «Школа будучыні». Значны ўклад у мадэрнізацыю ўстаноў адукацыі даў свой плён: Віцебская вобласць займае 2-е месца пасля Мінска па колькасці пераможцаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Павінна з’явіцца «школа будучыні» і ў Паставах. Базай, дзе будуць створаны ўмовы для якаснай адукацыі, абрана СШ №1. Пры гэтым было падкрэслена, што ўсе выдаткаваныя на сферу адукацыі сродкі накіраваны на падрыхтоўку дзяцей, якія потым прыкладуць усе намаганні, каб працаваць на карысць свайго рэгіёна, а не з’язджаць з яго.

Больше фото в наших группах
в Одноклассниках и ВКонтакте

Наступны пункт прыпынку — рэканструяваны стадыён райцэнтра. Створаныя тут за апошні год умовы пасадзейнічаюць умацаванню спартыўнай базы гарпасёлка, выхаванню цэлай плеяды новых спартсменаў. Тут жа адбыліся спаборніцтвы па сілавых відах практыкаванняў і стрытболе, у якіх удзельнічалі і пастаўчане. У Цэнтры культуры, які таксама наведалі высокія госці, усіх чакала выстава снапоў, падрыхтаваная майстрыхамі кожнага раёна Віцебскай вобласці. Можна было паспрабаваць самому змалоць муку на жорнах. Не саступалі ў прыгажосці снапам і дажыначныя караваі. Галоўны сімвал свята, які заважыў ажно 100 кілаграмаў, прыгатавалі на «Віцебскхлебпраме». Унушальнай была і выстава сельскагаспадарчай тэхнікі. На ёй дэманстраваліся самыя розныя ўзоры машын і механізмаў.

Насычанай праграмай здзіў­лялі гасцей «Дажынак» канцэртныя пляцоўкі. Адна размясцілася каля мясцовага чыгуначнага вакзала. Імправізаваны перон тут стварылі пастаўскія культ­работнікі. Запальвалі яны і на тэматычнай пляцоўцы «Брэнд раёна» каля Шумілінскага Цэнтра культуры. У цэнтральным парку размясціліся адразу 2 зоны: ваенна-патрыятычная «Дарогі вайны — дарогі Перамогі» і маладзёжная. Паказальныя выступленні сілавікоў, гандлё­выя рады, выстаўка рэтра-тэхнікі — усё вабіла гасцей.

А галоўнымі героямі свята сталі пераможцы сёлетняга жніва. Іх урачыстае ўшаноўванне распачалося ў будынку райвыканкама. Узнагароды атрымалі работнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія занялі 2-е і 3-е месцы ў абласным спаборніцтве за дасягненне найлепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, рапсу, нарыхтоўцы кармоў.

Неаднойчы гучалі апладысменты і ў гонар прадстаўнікоў нашага раёна. У намінацыі «Сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы рапсу» 2-е месца прысу­джана ААТ «Навасёлкі-Лучай». Яго дырэктар Юрый Шымчык атрымаў дыплом і грашовую прэмію. У намінацыі «Сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на нарыхтоўцы травяных кармоў на камбінаваных рулонных прэс-падборшчыках-упакоўшчыках» 2-е месца ў трактарыста ААТ «Камайскі-агра» Валерыя Руткоўскага, 3-е — у трактарыста ААТ «Кураполле-агра» Аляксандра Яначкіна. Абодва заахвочаны падзячнымі лістамі і грашовымі прэміямі. Старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік атрымаў «Знак Пашаны» Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А трактарыст-машыніст малаказавода Юрый Жамойдзь — дыплом таварыства з абмежаванай адказнасцю «Спамаш».

Прадоўжылася ўзнагароджванне найлепшых работнікаў на ўрачыстым адкрыцці абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі, якое адбылося на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Яму папярэднічала відовішчная тэатралізаваная пастаноўка пра багатую гісторыю Шуміліншчыны. Зводны хор Віцебскай вобласці выканаў песню-хвалу «Хлеб — усяму галава», госці свята слухалі яе стоячы. Па традыцыі дажыначны сноп новага ўраджаю ўручылі кіраўніку рэгіёна Мікалаю Шарснёву. Валерый Бельскі зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам урачыстасці.

Сёлета сельгаспрадпрыемствы Віцебшчыны намалацілі больш за 780 тысяч тон збожжа, — адзначыў на цырымоніі Мікалай Шарснёў. — Бягучы сезон для нашай вобласці, як і для ўсёй краіны, стаў не самым спрыяльным. Чаканы вынік, дзеля якога было ўкладзена нямала матэрыяльных сродкаў і каласальных людскіх намаганняў, на жаль, не дасягнуты. Недабор да мінулага года склаў 25%. У апошні час прырода робіць нам не падарункі, а, наадварот, сюрпрызы ў выглядзе анамалій. Такім чынам, неабходна зрабіць выснову і перабудаваць работу раслінаводчай галіны з улікам умоў надвор’я.

Кіраўнік вобласці лічыць неабходным рабіць стаўку на вырошчванне не толькі збожжавых і зернебабовых культур, але і азімай свірэпіцы. Яшчэ адна важная задача на найбліжэйшы час — зрабіць аграрную галіну прэстыжнай. Мікалай Шарснёў падзякаваў працаўнікам вёскі за іх самаадданую працу, сардэчна павіншаваў усіх са святам аграрыяў і ўручыў узнагароды тым, хто дабіўся найлепшых вынікаў і стаў пераможцам абласнога спаборніцтва. На галоўную сцэну ў ліку іншых падняўся Юрый Шымчык. Яму ўручана Падзяка Прэм’ер-міністра Беларусі. Кіраўнік сяргеевіцкага аддзялення СП «Дунілавічы-агра» Алена Кісялёва адзначана нагрудным знакам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».

Эстафета «Дажынак» перададзена Глыбокаму.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара

Больше фото в наших группах
в Одноклассниках и ВКонтакте



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.