Кадры: новые директора в СШ №2 г.Поставы, Новоселковской СШ и РЦДМ

Образование

Ластоўская Алена Іванаўна — дырэктар Навасёлкаўскай СШ імя А. Валодзькі

Нарадзілася ў 1969 годзе ў вёсцы Васевічы Пастаўскага раёна. У Віцебскім дзяржаўным педінстытуце імя С. Кірава атрымала спецыяльнасць «Настаўнік рускай мовы і літаратуры». Працоўную дзейнасць пачала ў Старадворскай базавай школе. З 2000 года была там намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У 2005-м узначаліла калектыў. У 2018-м школу закрылі, і Алена Ластоўская заняла пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Навасёлкаўскай сярэдняй школы.

1 верасня загадам начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама і па ўзгадненні з галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама назначана дырэктарам гэтай школы.

— 13 гадоў я ўзначальвала Старадворскую базавую школу. Перайшоўшы ў Навасёлкаўскую, працавала намеснікам па выхаваўчай рабоце. Удзячная новаму педкалектыву за падтрымку. Якія планы? Працягваць тыя добрыя традыцыі, якія тут закладзены. Школа носіць імя Героя Сацыялістычнай працы Алега Валодзькі. Гэта абавязвае працаваць на высокі вынік. Таму будзем прымнажаць набытае, ажыццяўляць задуманае, абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу.


Кісялёва Наталля Сяргееўна — дырэктар СШ №2 імя Н. Асяненкі

Нарадзілася ў 1971 годзе ў вёсцы Бабічы Глыбоцкага раёна. Закончыла Віцебскі дзяржаўны педінстытут імя С. Кірава па спецыяльнасці «Педагогіка і методыка пачатковага навучання» і па накіраванні прыехала працаваць у СШ №2 настаўніцай пачатковых класаў. З 2007 па 2014 год займала пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў пачатковых класах, з 2014-га — па вучэбнай.

25 жніўня загадам начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама і па ўзгадненні з галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама назначана дырэктарам сярэдняй школы №2 імя Н. Асяненкі.

У нашай школе — багатыя традыцыі. Будзем іх захоўваць і прымнажаць. А таксама наладжваць цесныя ўзаемаадносіны з сем’ямі навучэнцаў, разам працаваць над павышэннем якасці адукацыі, фарміраваннем цвёрдай грамадзянскай пазіцыі і духоўна-маральных каштоўнасцей у школьнікаў. Працягнем работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школы і наладжванні сувязей з шэфскімі арганізацыямі.


Ромель Валянціна Міхайлаўна — дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі

Нарадзілася ў 1966 годзе ў вёсцы Стан Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1986 годзе закончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Гісторыя» і ўладкавалася настаўніцай гэтага прадмета і выхавальнікам групы падоўжанага дня ў Нагаўскую васьмігадовую школу Мядзельскага раёна. З 1988 года працоўная дзейнасць В. М. Ромель звязана з Пастаўшчынай. Была выхавальнікам у дзіцячых садах горада, вызваленым сакратаром камітэта камсамола сярэдняй школы №1. З 1997 года — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №5, у 2012-м узначаліла яе калектыў.

1 верасня загадам начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама і па ўзгадненні з галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама назначана дырэктарам раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Задумак для работы шмат. Многае ўжо рэалізуецца. Абноўлены кабінеты ў цэнтры, устаноўлены мультыборд. Ён будзе выкарыстоўвацца для работы з наведвальнікамі групы ранняга развіцця: з дапамогай мультфільмаў, гульняў малыя пачнуць паглыблена вывучаць англійскую мову. З практыкі работы ў школе ведаю, што дзецям няпроста даецца беларуская мова. Хацелася б стварыць такую групу і па яе паглыбленым вывучэнні. З кастрычніка павінен прыступіць да работы лагапед. Яго паслугі ў горадзе запатрабаваныя. Абновім клас для заняткаў танцамі: заменім падлогу, люстэркі, набудзем двух’ярусны прафесійны станок.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.