Команда ЖКХ Поставского района победила в областном конкурсе профмастерства озеленителей

Важное Общество

Профі  зялёнага будаўніцтва

Каманда УП ЖКГ Пастаўскага раёна стала пераможцай абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства па прафесіі рабочы зялёнага будаўніцтва.

Сёлета конкурс прафмайстэрства праходзіў у Шуміліне і меў назву «Мы адзіныя». Яго арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама і абкам Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Удзел у ім прынялі 8 каманд з розных раёнаў Прыдзвіння. Пастаўшчыну прадстаўлялі кветкаводы Вольга Гайдукевіч і Марына Кароль, рабочы зялёнага будаўніцтва Яўгеній Шчарбатых. Такім складам яны ўдзельнічаюць другі год запар. Усе выдатна ведаюць сваю справу: Вольга працуе ў сферы ЖКГ 17 гадоў, Марына і Яўгеній — па 10.

Вольга Гайдукевіч, Яўгеній Шчарбатых і Марына Кароль

Конкурс складаўся з некалькіх этапаў, — расказвалі камунальнікі. — На ўсе 10 пытанняў тэарэтычнай часткі мы адказалі правільна, справіўшыся з заданнем за 3 хвіліны. На практычную частку адводзілася 2 гадзіны. За гэты час неабходна было стварыць клумбу 3х3 метры. 30% плошчы кампазіцыі павінен быў займаць дэкор, астатнюю — кветкі. За невыкананне прапорцый здымаліся балы. Потым была абарона работ. Мы чыталі верш, які спецыяльна для конкурсу напісала наша калега — кладаўшчыца Яніна Сарданава.

Кампазіцыя, створаная камандай УП ЖКГ Пастаўскага раёна

Над кампазіцыяй для конкурсу пастаўчане думалі ўсім калектывам загадзя. У выніку было вырашана зрабіць яе ў выглядзе карты Беларусі, дзе кожнай вобласці адпавядаў бы канкрэтны гатунак кветак. Для Віцебскай выбралі чырвоныя бягоніі, для Мінскай — аранжавыя аксаміткі, Брэсцкую высадзілі бардовай гейхерай, Гомельскую — зялёным плектрантусам, Гро­дзенскую воб­ласць упрыгожылі фіялетавымі званочкамі, а Магілёўскую — белымі. Контур «карты» выклалі з цынерарыі. Упрыгожылі клумбу 2 белакрылыя лебедзі з металу, пенапласту, дроту і цюлю. Вялікі ўклад у іх выраб унёс майстар па добраўпарадкаванні Мікалай Кісялёў. На гэтых птушках спыніліся невыпадкова: яны здаўна лічацца сімвалам вернасці, бо ствараюць пару адзін раз на ўсё жыццё і фактычна з’яўляюцца адзіным цэлым. Такая арыгінальная задумка спадабалася журы, і яно прысудзіла нашым камунальнікам 1-е месца. 2-е дасталася шумілінцам, а 3-е між сабой падзялілі прадстаўнікі з Полацка і Гарадка.

Каманда ўзнагароджана дыпломам і кубкам, а кожнаму з нас уручылі грамату і падарунак, — працягвалі пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства. — Апроч гэтага, абласны прафсаюз павінен пералічыць нам 10 базавых велічынь. Мы хоць і маем багаты практычны вопыт, але ўдзел у такіх мерапрыемствах дазваляе ўбачыць і ацаніць ідэі нашых калег па афармленні клумбаў, пагутарыць з імі на прафесійныя тэмы. А якія эмоцыі нас перапаўнялі, калі мы даведаліся, што перамаглі!

Палюбавацца работамі найлепшых кветкаводаў вобласці змогуць не толькі жыхары горада, але і ўсе ўдзельнікі свята «Дажынкі», якое сёння праходзіць у Шуміліне.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара і Вольгі Гайдукевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.