Конструктивный диалог объединил участников регионального форума «Беларусь единая»

Общество

Канструктыўны дыялог аб’яднаў удзельнікаў рэгіянальнага форуму «Беларусь адзіная», які на гэтым тыдні прайшоў у Наваполацку.

На ім эксперты ў галіне эканомікі, сацыялогіі, паліталогогіі, міжнародных адносін абмяркоўвалі з палітычным актывам Віцебшчыны, якой кожнаму з удзельнікаў бачыцца Беларусь у найбліжэйшай перспектыве і што кожны гатоў зрабіць для яе развіцця. Дыялог сапраўды быў адкрытым, канструктыўным, а дзесьці вострым і правакуючым, што называецца, без купюр. У якасці спікераў выступалі вядомыя ўсёй краіне эксперты Вадзім Гігін, Аляксандр Шпакоўскі, Аляксей Дзермант, Аляксей Аўдонін і Анастасія Баброва. Яны не проста дзяліліся сваім досведам, але і задавалі аўдыторыі пытанні, адказвалі на тыя, што ў працэсе абмену думкамі ўзнікалі ў слухачоў. Тэмы абмяркоўваліся розныя: саюзнае і партыйнае будаўніцтва, змены ў Канстытуцыю, камплектацыя новага органа прадстаўнічай дэмакратыі — Усебеларускага народнага сходу, санкцыі, ключавыя аспекты кансалідацыі грамадства, прынцыпы палітычнай трансфармацыі, удзел грамадскіх аб’яднанняў у жыцці краіны і многія іншыя. Эфектыўнасць такога фармату абмеркавання і яго запатрабаванасць у грамадстве не выклікаюць сумненняў, а абагуленыя вынікі форму стануць арыенцірам у развіцці Беларусі.

Прадстаўнічай на форуме была і дэлегацыя Пастаўшчыны. У яе склад увайшлі кіраўнікі органаў дзяржулады, дэпутаты, дырэктарскі корпус арганізацый і прадпрыемстваў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і СМІ. Усяго 26 чалавек. «ПК» папрасіў удзельнікаў дыялогу падзяліцца ўражаннямі.



Серыю рэгіянальных форумаў, прысвечаных Году народнага адзінства, 20 жніўня распачаў Брэст. Віцебская вобласць да дыялогу з экспертнай суполкай далучылася ў апошні дзень лета. Завяршыць сустрэчы з палітычным актывам краіны плануецца напярэдадні Дня народнага адзінства, які сёлета будзем святкаваць упершыню.



Іна Краўчук, дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі:

— Як педагога мяне не пакінула раўнадушнай тэма выхавання дзяцей і моладзі, разважанні пра тое, як прывіць ім пачуццё патрыятызму, а не вырацісць абыякавых да лёсу Айчыны спажыўцоў. Вельмі кранула выступленне мамы дваіх дзяцей, якая выказала меркаванне, што сучасная моладзь не ведае, што такое стваральная праца, не ведае гісторыі сваёй краіны. Каб выправіць становішча, неабходна аб’яднаць намаганні. Разам з тым хачу зазначыць, што ўсё пачынаецца з сям’і. І калі там трансліруюцца адны думкі, а ў школе іншыя, дзіця, як правіла, шукае кропку апоры ў чымсьці трэцім. І тут не дапамогуць не насычаныя мерапрыемствамі школьныя будні, ні грунтоўныя веды настаўніка.

З цікавасцю слухала разважанні экспертаў пра партыйнае будаўніцтва. Зараз у краіне налічваецца 15 партый, іх рэйтынг вагаецца ад 1 да 3%. Таму размова пра тое, ці патрэбна нам «штампаваць» новыя, выклікала дыскусію. Дарэчы, як і гатоўнасць самага масавага і ўплывовага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» трансфармавацца ў палітычную партыю.

Ключавых тэм было шмат, і ўсе, пачынаючы з падрыхтоўкі да ўнясення змяненняў у Канстытуцыю і заканчваючы  пытаннем, што рабіць са смяротным пакараннем, надзвычай актуальныя. А ў цэлым асноўнай мэтай дыялогу была кансалідацыя грамадства, згуртаванасць беларусаў на аснове ідэй суверэнітэту і незалежнасці краіны.

Юрый Кісялёў, старшыня Юнькаўскага сельскага Савета:

— Найперш хачу адзначыць прафесіяналізм спікераў. Адчуваліся грунтоўныя веды, уменне ўнікнуць у сутнасць пытання, растлумачыць глыбінны сэнс з’яў, якія адбываюцца ў грамадстве. Сваю пазіцыю яны падавалі даходліва і аргументавана. Атрыманы досвед будзе карысным у інфармацыйнай рабоце з людзьмі. Спадабаўся і фармат сустрэчы: у працэсе  гутаркі з удзельнікамі форуму эксперты не чыталі лекцыю альбо даклад, а выбудоўвалі паўнавартасны дыялог. Улада на месцах выдатна бачыць, чым жывуць людзі на «зямлі», улічвае іх запыты ў сваёй рабоце. Таму такая зваротная сувязь з прадстаўнікамі навукі мае бясспрэчную значнасць, абнадзейвае, што ўсе канструктыўныя прапановы знойдуць адлюстраванне ў законатворчасці, фарміраванні праграм развіцця краіны. Тэорыя і практыка павінны быць непарыўнымі.

Усе акрэсленыя на форуме тэмы — запыт часу, і ў іх рашэнне неабходна ўключацца на ўсіх узроўнях ужо зараз: ці гэта будзе партыйнае будаўніцтва, ці камплектаванне Усебеларускага народнага сходу, ці механізм сацыялізацыі прадпрымальніцтва. Абмяркоўваючы ўражанні ад форуму на зваротнай дарозе, адзінадушна сышліся на думцы, што такія сустрэчы неабходна ладзіць як мага часцей.

Кацярына Малевіч, першы сакратар райкама БРСМ:

— На рэгіянальным форуме ўзнімалася шмат актуальных для нашага грамадства пытанняў, абмяркоўвалася перспектыва развіцця краіны на найбліжэйшыя гады. Ажыўленая дыскусія разгарнулася вакол дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. І я як маладзёжны лідар Пастаўшчыны хачу выказацца найперш на гэту тэму. У адрас нашага грамадскага аб’яднання прагучала нямала крытык, маўляў, БРСМ недастаткова ўвагі надае стваральнай працы, а толькі займаецца правядзеннем забаўляльных мерапрыемстваў, робіць упор на каляровую «карцінку» ў «Інстаграме», а таксама бяздзейнічаў падчас мінулагодніх жнівеньскіх падзей, больш за тое — «упусціў» моладзь. Не адмаўляю, што недапрацоўкі ёсць, але з заўвагамі згодная толькі часткова. Напрыклад, мы актыўна развіваем студатрадаўскі і валанцёрскі рух, рэалізуем карысныя для грамадства праекты. Сёлета ў студэнцкія атрады райкам БРСМ працаўладкаваў каля 160 юнакоў і дзяўчат. Гэта лічба магла б быць і вышэйшай, але, з аднаго боку, не ўсе сельгасгаспадаркі і прадпрыемствы раёна гатовы прыняць на працу моладзь, з іншага — яна сама часам адмаўляецца ад прапановы, лічачы будучы заробак нізкім.

Так, моладзь ХХІ стагоддзя немагчыма ўявіць без смартфонаў. Гэту з’яву неабходна прыняць і накіраваць у правільнае рэчышча. Падчас 44-га з’езда нашай арганізацыі былі акрэслены асноўныя мэты і задачы на пяцігодку. У прыватнасці, з’явіўся новы кірунак работы — прававое выхаванне. Але хачу адзначыць, што раздзяліць адказнасць з БРСМ за выхаванне грамадзяніна-патрыёта павінны сям’я і навучальныя ўстановы. Бо дасягнуць намечанага можна толькі зладжанай работай, асабістым прыкладам і нестандартным падыходам.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.