Мясную продукцию ОАО «Новосёлки-Лучай» теперь можно купить и в аг. Опса

Важное Общество

У «навасёлкаўцаў» – чарговае наваселле

Мясная прадукцыя ААТ «Навасёлкі-Лучай» даўно палюбілася жыхарам Пастаўшчыны і іншых рэгіёнаў. Да нядаўняга часу яе можна было набыць у сямі фірменных магазінах гаспадаркі. 21 верасня расчыніў свае дзверы яшчэ адзін — у аграгарадку Опса Браслаўскага раёна. На ўрачыстым адкрыцці гандлёвага аб’екта пабывала і карэспандэнт «ПК».

Дарога ад Пастаў да Опсы няблізкая — 65 кіламетраў. Яна праходзіць праз гарадскі пасёлак Відзы, дзе на цэнтральнай вуліцы таксама адкрыты «навасёлкаўскі» магазін. Працуе ён ужо тры гады, і за гэты час займеў шмат прыхільнікаў як сярод мясцовых жыхароў, так і сярод тых, хто пастаянна праязджае праз Відзы.

Знайсці новы магазін у Опсе аказалася проста: ён размясціўся па суседстве з прыгожым касцёлам Святога Іаана Хрысціцеля ў цэнтры вёскі, літаральна за два крокі ад дарогі з Пастаў на Браслаў. Рух машын тут досыць інтэнсіўны: праз Опсу праязджае нямала дачнікаў і турыстаў, а таксама грама­дзян, якія накіроўваюцца на міжнародны пункт пропуску «Урбаны» на граніцы з Літоўскай Рэспублі­кай. Таму месца для гандлёвага аб’екта вельмі перспектыўнае.

Няма сумненняў, што пастаяннымі наведвальнікамі новага магазіна будуць і самі жыхары населенага пункта, якіх тут каля паўтысячы. Некалькі дзясяткаў з іх прыйшлі па навасёлкаўскую прадукцыю роўна ў час адкрыцця магазіна — апоўдні.

Прысутных прывітала кіраўнік спраў Опсаўскага сельвыканкама Людміла Лях.

Безумоўна, для нас, мясцовых жыхароў, гэта падзея вельмі прыемная, — гаварыла яна. — Новы магазін створыць у нашым населеным пункце здаровую канкурэнцыю тым аб’ектам гандлю, якія ўжо ёсць. Важна, што гэта месца ў цэнтры вёскі стала добраўпарадкаваным, прыгажэйшым, бо раней будынак выглядаў непрывабна. А за тое, што 2 чалавекі атрымалі тут работу, — асаблівы дзякуй. Няхай усё атрымаецца ў вашай новай справе: будуць і пакупнікі, і прыбытак.

На адкрыцці магазіна прысутнічаў і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель. Ён выказаў словы ўдзячнасці дырэктару сельгаспрадпрыемства Юрыю Шымчыку, які ініцыяваў адкрыццё новага гандлёвага аб’екта, а таксама будаўнікам — яны менш чым за год выканалі капітальны рамонт будынка: накрылі новы дах, абнавілі фасад, абуладкавалі памяшканне магазіна — адным словам, зрабілі яго максімальна ўтульным і зручным для пакупнікоў.

Пасля таго як ксёндз Эдвард Ахрамовіч асвяціў новы аб’ект, а мясцовая паэтка Тэрэза Крумплеўская зачытала ўласны верш, першыя наведвальнікі зрабілі свае першыя пакупкі. Яны набывалі не толькі ахалоджаную мясную прадукцыю, але і малочную, крупы, хлеб, саладосці, якія, як і іншыя тавары, таксама ёсць тут у асартыменце. Была ў іх і магчымасць пакаштаваць навасёлкаўскага салёнага сала і каўбас — работнікі сельгаспрадпрыемства зладзілі ў гонар наваселля дэгустацыю.

Гэта ўжо другі наш гандлёвы аб’ект у Браслаўскім раёне, — адзначыў Славамір Шапель. — Падвозіць сюды свежую прадукцыю будзем, як і ў Відзы,  два разы на тыдзень. Вопыт гандлю ў Браслаўскім раёне паказаў, што тут таксама высока цэняць натуральныя прадукты нашай гаспадаркі. Дарэчы, хутка іх можна будзе купляць і ў Дунілавічах: там ужо вядзецца рамонт памяшкання, у якім размесціцца яшчэ адзін наш магазін.

Людзі разыходзіліся, дзяліліся ўражаннямі. Многія адзначалі, што такі магазін тут быў сапраўды неабходным. Бо калі ёсць канкурэнцыя і выбар, то выйграе ад гэтага ў першую чаргу пакупнік.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.