На торжественной линейке в Воропаевской СШ побывал председатель райисполкома Сергей Чепик

Важное Образование

Кожнаму класу – першакласныя веды

Сельскія вучні не менш таленавітыя і перспектыўныя, чым гарадскія. Гэта каторы год запар пацвярджа­юць школьнікі з Варапаева, паказваючы на раённых і абласных этапах алімпіяд вельмі высокія вынікі.

Такі поспех — заслуга вопытнага, зладжанага педкалектыву, які варты гонару і ўвагі. Пра гэта, выступаючы на ўрачыстай лінейцы ў Варапаеўскай СШ, гаварыў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён стаў удзельнікам сапраўднага свята ведаў, якое прайшло ярка і творча.

З-за неспрыяльнага надвор’я лінейка адбылася не ў школьным двары, як звычайна, а ў актавай зале. Гасцямі мерапрыемства, акрамя Сяргея Чэпіка, былі старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская, старшы механік Варапаеўскай дыстанцыі пуці Ігар Статута, дырэктар мясцовай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко Ігар Гваздзеўскі і іншыя.

Першым перад педагогамі, вучнямі, іх роднымі выступіў гаспадар школы — яе дырэктар Віктар Жук.

— Здаецца, толькі ўчора мы падводзілі вынікі мінулага навучальнага года і на свяце апошняга званка жадалі паспяховай здачы іспытаў нашым выпускнікам, — гаварыў Віктар Мікалаевіч. — Час праляцеў хутка, і яны ўжо студэнты. 12 чалавек з ліку выпускнікоў (а гэта 70% класа) паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, астатнія — у сярэднія. Вучні былі моцныя, у многім дзякуючы ім летась школа добра праявіла сябе на раённым этапе алімпіяд: па агульнай колькасці прызавых месцаў мы саступілі толькі гімназістам. А вясеннія алімпіяды для 7—8 класаў паказалі, што падрастае годная змена выпускнікам, што і ў меншых школьнікаў ёсць патэнцыял. Спадзяюся, нам удасца не толькі паўтарыць, але і перавысіць дасягненні, якія ў нас раней былі.

Віктар Мікалаевіч таксама падзякаваў школьнікам, якія ў складзе вучнёўскіх брыгад правялі вялікую работу па падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года. Удзельнічалі ў рамонце і бацькі, і яны таксама заслужылі слоў удзячнасці.

Сяргей Чэпік уручае першакласнікам кнігі «Беларусь —наша Радзіма»

Дырэктар школы ўручыў па­дзяку вучаніцы 11 класа, валанцёру атрада «Добрае Сэрца» Аляксандры Зябчанцы і членскія білеты БРСМ навічкам арганізацыі. Затым слова ўзяў Сяргей Чэпік.

— Думаю, многія з 11-класнікаў ужо вызначыліся, па якім шляху ісці далей, — адзначыў Сяргей Васільевіч. — Спадзяюся, што гэты выбар правільны. Калі яшчэ сумняваецеся, куды паступаць, добра падумайце наконт сельскагаспадарчых спецыяльнасцей. У нашай краіне патрэбны людзі ўсіх прафесій. Не абавязкова ўсім быць «айцішнікамі», хтосьці павінен вырошчваць хлеб і карміць краіну. Я ніколі не саромеўся, што скончыў сельскагаспадарчую ВНУ, працаваў у гэтай галіне. Так, праца на зямлі няпростая, але вельмі патрэбная ў нашай аграрнай краіне.

Да свята ведаў старшыня райвыканкама падарыў школе 11 сістэмных блокаў для кабінета інфарматыкі. Для вучняў гэты падарунак вельмі каштоўны, бо камп’ютарнаму класу было вельмі патрэбна перааснашчэнне: ранейшая тэхніка не дазваляла ў поўнай меры выконваць праграму навучання па інфарматыцы.

Падарункі ў той дзень атрымалі і 22 першакласнікі. Сяргей Чэпік разам з іншымі ганаровымі гасцямі ўручыў ім кнігі «Беларусь — наша Радзіма», а выпускнікі парадавалі малых размалёўкамі, канцтаварамі, кнігамі…

Першакласніца і выпускнік далі першы званок — і неўзабаве вучні і настаўнікі разышліся па класах. Першы ў новым навучальным годзе ўрок для варапаеўцаў, як і для ўсіх школьнікаў краіны, меў назву «У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнасці краіны» і быў прысвечаны Году народнага адзінства. Гэтыя словы былі напісаны і на дошцы ў класе, дзе пасля лінейкі сабраліся старшакласнікі. Настаўнікі геаграфіі і беларускай мовы і літаратуры Аляксандр Гарны і Мікалай Атрахімовіч прапанавалі падлеткам інтэлектуальную гульню на гістарычную тэму.

Сёлетняе свята ведаў таксама ўжо гісторыя. Пазаўчора ў педагогаў і вучняў пачаліся напружаныя, але разам з тым насычаныя радасцямі школьнага жыцця дні. Няхай іх уновым навучальным годзе будзе як мага больш.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.