Накануне нового учебного года педагоги района собрались на традиционное августовское совещание

Образование

Прызначэнне высокае, адказнасць вялікая ў сучаснага настаўніка

Здаецца, зусім нядаўна ў школах раёна прагучаў апошні званок, мінулі хваляванні ад выпускных экзаменаў, а сёння навучальныя ўстановы зноў расчынілі свае дзверы. Напярэдадні новага навучальнага года педагогі раёна сабраліся ў раённым Доме культуры на традыцыйную жнівеньскую нараду.

У ёй удзельнічалі каля 400 педагогаў Пастаўшчыны, прадстаўнікі раённай улады, духавенства. У фае РДК разгарнулася выстава-прэзентацыя праектаў па захаванні сямейных каштоўнасцей і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, прысвечных Году народнага адзінства, якія рэалізоўваліся ў школах. Дасягненні і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі раёна сталі цэнтральнай тэмай канферэнцыі. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава расказаў пра вынікі работы аддзела і ўстаноў адукацыі за 2020/2021 навучальны год. У сваім выступленні ён засяродзіў увагу на якасці дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Адзначыў, што важным інструментам развіцця педагагічнай культуры з’яўляюцца конкурсы прафесійнага майстэрства, удзел педагогаў у рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і іншыя. На абласным этапе выставы педагогі Пастаўшчыны заваявалі 9 дыпломаў, на рэспубліканскім — 5.

 

Станіслаў Чымбург уручае Падзяку старшыні райвыканкама Славаміру Каранеўскаму

Вялікая работа праводзіцца педагогамі па выяўленні і падтрымцы таленавітых вучняў. Многія з іх паказваюць высокія вынікі на прадметных алімпіядах, розных конкурсах і фестывалях. У раённым этапе алімпіяд па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 307 навучэнцаў. Найбольшую колькасць дыпломаў атрымалі навучэнцы гімназіі (29), Варапаеўскай СШ (21), СШ №1 (19), СШ №3 (13), СШ №2 (12). Найлепшыя вынікі на абласным этапе паказалі вучні настаўнікаў: гісторыі і грамадазнаўства — Л. А. Брэскай, геаграфіі і біялогіі — А. А. Гарнага (абое — Варапаеўская СШ),  фізкультуры і здароўя — А. Л. Вавінскага (СШ №3), рускай мовы і літаратуры —  Л. Т. Расохі, геаграфіі — І. М. Пракаповіча (абое — гімназія).

На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі дыплом II ступені заваявала  вучаніца гімназіі Лізавета Афанасьева (выкладчык — І. М. Пракаповіч), а навучэнка СШ №3 Аляксандра Жыдкая ўдастоена дыплома III ступені па фізкультуры і здароўі (выкладчык — А. Л. Вавінскі). Прызёры заахвочаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Дырэктар Варапаеўскай СШ Віктар Жук з настаўнікамі гісторыі і матэматыкі Ліліяй Брэскай і Надзеяй Кухальскай, педагогам-арганізатарам Юліяй Гваздзеўскай

Асноўнай задачай агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца стварэнне ўмоў для навучання і развіцця кожнага вучня ў адпаведнасці з яго індывідуальнымі асаблівасцямі. Педагагічныя калектывы вырашаюць задачы па павышэнні якасці адукацыі праз укараненне профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі. У мінулым навучальным годзе профільным навучаннем было ахоплена больш за 80% вучняў 10—11 класаў. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца матэматыка, руская і англійская мовы.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізаваны класы прафесійнай накіраванасці: у гімназіі — педагагічнай, у Варапаеўскай і Навасёлкаўскай сярэдніх школах — аграрнай. Сёлета адкрыты аграклас у Камайскай СШ.

З узнагародамі Ірына Ліпніцкая, Таццяна Русалоўская і Раіса Рыхліцкая

Праведзена значная работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, умацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Выкананы капітальны і бягучы рамонты будынкаў, набыта тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, спартыўны інвентар, добраўпарадкаваны прышкольныя і тэрыторыі дзіцячых садоў, спартыўныя і гульнёвыя пляцоўкі. На гэта затрачана 943 169 рублёў сродкаў з раённага бюджэту, пазабюджэтных, спонсарскіх і папячыцельскіх саветаў.

Прысутных на нарадзе прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Ён адзначыў, што сёння, калі Беларусь ідзе шляхам мадэрнізацыі і навацыйнага развіцця, народнай гаспадарцы патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты. А першапачатковыя веды закладваюцца ў школе. Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, забеспячэнне іх сучаснай аргтэхнікай і інфармацыйнымі тэхналогіямі — прыярытэтны кірунак у рабоце раённай улады. На гэтыя мэты выдзяляецца 35% гадавога бюджэту раёна.

З улікам сучасных умоў гаспадарання і дэмаграфічных працэ­саў ажыццяўляецца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Яна но­сіць планавы характар, садзейнічае стварэнню роўных умоў для навучання, сацыялізацыі і самарэалізацыі падрастаючага пакалення. Сёлета ў нашым раёне, згодна з планам аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі і рашэннем райвыканкама, у яслі-сад рэарганізавана Юнькаўская яслі-сад—базавая школа і ў яслі-сад—базавую школу — Гуцкая базавая. Аптымізаваны Ярэўскі яслі-сад, Андронаўская яслі-сад—базавая школа і БШ №5  г. Паставы. Усе работнікі, якія трапілі пад аптымізацыю, працаўладкаваны.

Раённая нарада настаўнікаў прайшла пасля Рэспубліканскага педагагічнага савета і абласной канферэнцыі настаўнікаў, у якіх удзельнічаў Павел Трава, іншыя прадстаўнікі сістэмы адукацыі раёна. На іх гаварылася, што сістэма адукацыі павінна развівацца ў інтарэсах грамадства і дзяржавы. Патрабуецца яе абнаўленне: больш увагі неабходна ўдзяляць фарміраванню высокамаральнай асобы, якая будзе мець высокае пачуццё патрыятызму, адказнасці за свой лёс і лёс сваёй краіны. Важная роля ў выхаванні падрастаючага пакалення па-ранейшаму належыць сям’і, ключавой фігурай застаецца класны кіраўнік. Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу — знайсці і ліквідаваць усе прабелы ў выхаванні і навучанні дзяцей у школах, а бацькоў зра­біць сваімі саюзнікамі.

Сваім вопытам па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення падзяліліся загадчыца ясляў-сада №6 Наталія Руткоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №4 Алена Сцяпанава, настаўнік геаграфіі Варапаеўскай СШ Аляксандр Гарны. Пра эпідсітуацыю і неабходнасць вакцынацыі супраць COVID-19 расказала галоўны санітарны ўрач раёна Святлана Рассеева.

На завяшэнне нарады вялікай групе работнікаў сістэмы адукацыі былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды.

Сетка ўстаноў адукацыі раёна:

  • Сярэднія школы – 7
  • Гімназія
  • Яслі-сад–сярэднія школы – 2
  • Яслі-сад–базавыя школы – 3
  • Яслі-сады – 12
  • Сацыяльна-педагагічны цэнтр
  • Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання
  • Раённы цэнтр дзяцей і моладзі

Кадравы склад:      

  • Усяго педагогаў – 684
  • Працуюць у школах і гімназіі – 461
  • З вышэйшай адукацыяй – 485 (92,1%)
  • Вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 361 (78,3%)

Сёлета за парты селі 3 508 навучэнцаў, з іх 369 – першакласнікі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.