ОАО «Новоселки-Лучай» присуждено 2-е место по выращиванию масличных культур на Витебщине

Сельское хозяйство

Беларускі «аліўкавы» з навасёлкаўскіх палёў

У ААТ «Навасёлкі-Лучай» азімы рапс сёлета вырошчвалі на 630 гектарах. Пры сярэдняй ураджайнасці 24,8 цэнтнера з гектара тут намалацілі больш за 1 500 тон. Па выніках абласнога спаборніцтва сельгаспрадпрыемству прысуджана 2-е месца па вырошчванні алейных культур.

З намалоту новага ўраджаю ў першую чаргу выканалі дзяржзаказ — здалі 102 тоны, — расказваў дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. — Яшчэ 100 — прадалі. Алейнае насенне сёлета мела добрую цану — 1 500 рублёў за тону. Для параўнання: за тону пшаніцы плацілі 380, гароху — 570 рублёў. Астатняе насенне перапрацоўваем у сваім падсобным цэху. Рапсавы алей прадаём. Ён выкарыстоўваецца для выпуску маргарыну, маянэзу. А макуха ідзе на вытворчасць камбікорму для буйной рагатай жывёлы.

Дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык з галоўным аграномам Аленай Касцюк і камбайнерам Артурам Вартазаранам

Рапс — адна з культур, якія дынамічна развіваюцца ў раслінаводстве, — гаварыла галоўны аграном гаспадаркі Алена Касцюк.Але і вырошчваць яго няпроста. На адным полі можна сеяць не часцей чым раз на пяць гадоў. Добрымі папярэднікамі рапсу з’яўляюцца канюшына, іншыя шматгадовыя травы, зерневыя і зернебабовыя. З восені ўносім гліфасаты, а таксама фосфар і калій, вясной дасканала апрацоўваем глебу і ўзбагачаем яе азотам. Сеем суперэлітнае і элітнае насенне беларускага сорту «імперыял», практыкуем і гібрыды замежнай вытворчасці. Спачатку насенне ў невялікай колькасці (каля 100 кілаграмаў) набываем у рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры. Расход на гектар складае ад 3,5 да 5 кілаграмаў. На наступны год маем свайго насення ў дастатковай колькасці. Строга прытрымліваемся тэхналагічных параметраў. Важна, каб раслінкі добра ўкараніліся і ў зіму ўвайшлі моцнымі. Калі восень доўгая і цёплая, уносім ростарэгулятар, які садзейнічае раскушчванню. Зімой хвалюемся, каб раслінкі не пашкодзіў мароз. Не на карысць ім і зацяжная вясна.

Рапсавы алей па сваіх біяхімічных уласцівасцях не ўступае аліўкаваму і лічыцца адным з найлепшых харчовых раслінных тлушчаў.

Немалаважную ролю адыгрывае і чалавечы фактар. Сяўбу рапсу ў Навасёлках давяраюць аднаму з найвопытнейшых і адказных механізатараў — Юрыю Татарчуку. Мінеральныя ўдабрэнні ўносілі Уладзімір Скавародка, Ігар Масінкевіч, Генадзій Анкудовіч. Пасевы трэба своечасова апрацоўваць ад шкоднікаў і хвароб. Гэта клопат Алега Чумакова. Сёлета гаспадарка набыла высокапрадукцыйны самаходны апырсквальнік «Грым Максі». На новым агрэгаце механізатар дабіваецца высокай выпрацоўкі.

Пасевы пастаянна маніторым, — працягвала Алена Касцюк. — Стараемся не ўпусціць тэрміны хімпраполкі, апрацоўкі, уборкі. На камбайнах выкарыстоўваем такое абсталяванне, як рапсавы стол, з дапамогай якога ўдаецца пазбегнуць празмерных страт насення. Важны этап — дапрацоўка. Калі насенне перасушыць, яно страціць алеіс­тасць, калі недасушыць — пакрыецца цвіллю. Сёлета яго сушылі на «Лідзе» аператары зернесушылкі Аляксей Касарэўскі, Аляксей Зямчонак, Пётр Ясінскі і Юрый Качан.

Бягучай восенню ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» азімы рапс пасеялі на 800 гектарах, павялічыўшы пасевы амаль на 200 га. Ёсць разлік, што ў наступным годзе культура прынясе гаспадарцы немалы прыбытак.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.