Ольге Метелице из аг. Курополье 71 год, но ее работоспособности могут позавидовать многие молодые

Общество

Раскісаць няма калі

Вользе Мяцеліцы з аграгарадка Кураполле 71 год. Але яе працаздольнасці могуць пазайздросціць многія маладыя.

Не сакрэт, што кадравая праблема ў галіне жывёлагадоўлі ў раёне існуе. Таму працавітыя і адказныя работнікі ферм заўсёды запатрабаваныя. Менавіта з ліку такіх Вольга Іосіфаўна.

У Кураполле з Глыбоччыны яна пераехала з мужам і дачкой 32 гады назад — сагітавалі сябры, якія перабраліся сюды раней. Прывабіла, што праўленне тагачаснага калгаса «Пра­грэс» паабяцала сям’і дом. І хоць ён быў даволі сціплы, затое ў вельмі прыгожым месцы — на водшыбе вёскі, ля рэчкі. У ім Мяцеліцы жывуць і зараз. І ўсе 32 гады жанчына працуе ў жывёлагадоўлі. У тым ліку на працягу 19-ці даіла кароў.

Вольга Мяцеліца

Калі дасягнула пенсійнага ўзросту, магла б пакінуць працу на сельгаспрадпрыемстве і заняцца толькі ўласным падвор’ем. Аднак гэта не ў характары Вольгі. Пасля назначэння пенсіі яна яшчэ тры гады даіла кароў, а потым перайшла на цялятнік. Працавалі разам з дачкой Тамарай. Удзвюх даглядалі 220 цялят на дарошчванні. Механізаваным было толькі выдаленне гною. З усім іншым спраўляліся ўручную. У тым ліку і кармы падвозілі на кані. А тры гады назад Вольга Іосіфаўна перайшла праца­ваць у іншы будынак, дзе цяляткі ўтрымліваюцца ў так званых доміках-прафілакторыях. У групу, якую даглядае, яны паступаюць на дарошчванне з трохтыднёвага ўзросту і ў залежнасці ад таго, як прыбываюць у вазе, утрымліваюцца 2-3 месяцы. Механізацыі — ніякай. Даглядчыца ўручную раздае корм цяляткам, поіць іх, ачышчае клеткі ад гною, падсцілае салому. А гадаванцаў больш за 70. Можаце ўявіць, колькі з імі клопатаў?

— Вольга Мяцеліца — вельмі шчырая працаўніца, — характарызавала жывёлавода галоўны ветурач ААТ «Кураполле-агра» Жанна Радулевіч. — Яна не проста спраўляецца з работай, а перажывае за кожнае цялятка, нібыта за малое дзіця. Нават выхадных не бярэ, бо нікому не давярае сваіх гадаванцаў.

— Проста я вельмі люблю жывёлу, — прызнаецца сама Вольга Іосіфаўна.— І стараюся як найлепш дагледзець яе. — Некаторыя мяне не разумеюць, нават папікаюць: «Колькі яшчэ будзеш хадзіць на ферму?! Даўно магла б адпачываць». Адказваю, што адпачну на тым свеце.

Акрамя цялятніка, у жанчыны хапае і дамашніх клопатаў. Мяцеліцы трымаюць на падвор’і карову, свіней, курэй, да нядаўняга часу былі і авечкі. Спраўляцца з уласнай гаспадаркай дапамагае муж, які таксама працаваў у жывёлагадоўлі, а зараз на пенсіі. Але і ў самой спраў шмат.

— Прыйшоўшы з фермы, крыху адпачну — і наперад: на кухню, у цяпліцу, хлеў, на агарод, — кажа.

— А здароўе не падводзіць? — пытаюся.

— Дык яно ад настрою зале­жыць, — смяецца. — За працай мне раскісаць няма калі.

У той дзень, калі я наведалася ў Кураполле, з групы Вольгі Мяцеліцы якраз забіралі падрошчаных ёй цялятак, а на іх месца завозілі маленькіх. Таму клопатаў у жывёлавода было асабліва шмат. Але гэта ніколькі не псавала Іосіфаўне настрою, а толькі дадавала актыўнасці. І, гледзячы на яе, дзейсную, імклівую, ані не верылася ў яе пашпартныя даныя. Напэўна, праўду кажуць, што кожнаму чалавеку столькі гадоў, на колькі ён сябе адчувае.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.