Под защиту государства передано в Поставском районе сразу 12 детей из 5 семей

Общество

Пад абарону дзяржавы перададзена ў раёне адразу 12 дзяцей з 5 сем’яў.

Такое рашэнне прынята на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якое адбылося 14 верасня. У той жа дзень дзяцей забралі з сем’яў і змясцілі ў прытулак Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна. Мера жорсткая, але непазбежная, паколькі дзеці знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Да гэтага іх бацькам неаднойчы даваліся шансы выправіць яго, але тыя не справіліся са сваімі абавязкамі.

Раман Ч. і Аксана М. з райцэнтра рашэннем суда Пастаўскага раёна ад 12 красавіка 2018 года былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Маці так і не аднавілася ў іх. Бацька, здавалася б, зрабіў правільныя вывады, змяніў свой лад жыцця, прыняў усе меры да таго, каб вярнуць сына, і праз два гады суд аднавіў яго ў бацькоўскіх правах. Аднак цярпення ў мужчыны хапіла ненадоўга. Сёлета ў адносінах да сям’і ўжо двойчы праводзілася сацыяльнае расследаванне. Раман неаднойчы знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, на вачах у дзіцяці скандаліў з жонкай, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Хлопчык часта начаваў то ў бабулі, то ў роднага дзядзькі. Камісія па справах непаўналетніх прыйшла да вываду, што далейшае знаходжанне непаўналетняга ў сям’і пагражае яго здароўю і жыццю і прыняла рашэнне змясціць дзіця ў прытулак.

У Ірыны Т. з аг. Кураполле трое дзяцей: 15-ці, 10-ці і 7 гадоў. У жніўні бягучага года рашэннем каардынацыйнага савета райвыканкама прызнана, што яны знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Хаця шлюб іх бацькоў афіцыйна не скасаваны, але фактычна ён распаўся. Бацька плаціць аліменты на ўтрыманне дзяцей. Маці жыве з сужыцелем, яны абое не працуюць. У кватэры не зроблены рамонт, брудна, раскіданыя рэчы, у калідоры і дзіцячым пакоі няма асвятлення. Не было ніякага паліва, маецца запазыча­насць па плаце за электраэнергію. У кватэры збіраюцца кампаніі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, распіваюць спіртныя напіткі. Кругом валяюцца цыгарэты, акуркі, запалкі.


…Асабіста мяне расчуліў 16-гадовы падлетак, які са слязамі на вачах гаварыў:
«Мама ў нас адна. Не забірайце нас з братам ад яе. Яна выправіцца»…


Хіба ў такой абстаноўцы павінны жыць дзеці? Безумоўна, не. А яны са жніўня і не жылі разам з маці. Іх прытуліла ў сябе сястра Ірыны. Маці, напэўна, даражэйшы сужыцель, чым родныя дзеці. У выніку яны аказаліся ў прытулку.

У жыхаркі райцэнтра Юліі  Ц. двое непаўналетніх дзяцей ад першага шлюбу і двое — ад другога (грамадзянскага). Але адказнай і клапатлівай маці яна так і не стала. Двое старэйшых дзяцей яшчэ ў 2014 годзе прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, зараз — усе чацвёра. А ўсё з-за таго, што бацькі злоўжываюць спіртным, у прысутнасці дзяцей скандаляць паміж сабой, не стварылі для іх належных умоў.

А вось яшчэ адна гора-маці — пастаўчанка Валянціна Ф. Нягледзячы на тое, што двое яе сыноў ужо двойчы змяшчаліся ў прытулак, належных вывадаў яна не зрабіла. Праўда, на нейкі час мяняла свае паводзіны, пераставала піць, наводзіла ў доме элементарны парадак, запэўнівала, што зробіць усё магчымае для годнага іх выхавання. Дзяцей вярталі ў сям’ю, але маці не стрымлівала сваіх слоў. Мала таго што ў доме бруд і беспарадак, дык яшчэ і парушаюцца правілы пажарнай бяспекі. Валянціна працягвае злоўжываць алкаголем, у доме збіраюцца сумніўныя кампаніі.

На пасяджэнні камісіі жанчына клялася змяніць свае паво­дзіны, прасіла не забіраць дзяцей. Аднак ёй ужо не верылі, бо чулі такія запэўніванні не раз. Асабіста мяне расчуліў 16-гадовы Валянцінін сын, які са слязамі на вачах гаварыў: «Мама ў нас адна. Не забірайце нас з братам ад яе. Яна выправіцца». Падлетка шкада. Але каб яго і брацікава жыццё было ў бяспецы, а маці нарэшце ўсвядоміла, што ўсяго за крок стаіць ад страты дзяцей назаўсёды, і прыменена такая мера, як прызнанне іх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Пасяджэнне камісіі пачалося ў райвыканкаме, а завяршылася ў Курапольскім сельскім Савеце. Акрамя Ірыны Т., пра якую гаварылася вышэй, разглядаліся і іншыя сем’і. У дачыненні да Веры Ч. таксама прынята строгае рашэнне: двое яе непаўналетніх сыноў прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і змешчаны ў прытулак. Маці плакала наўзрыд. Але жанчыне раней даваўся шанс не давесці сітуацыю да крытычнай. Сацыяльна небяспечным становішча ў сям’і прызнана 1 ліпеня. З таго часу нічога ў лепшы бок не змянілася. Вера не працуе. Ра­зам з сужыцелем яны не задавальняюць асноўных жыццёвых патрэб дзяцей, у доме і вакол яго антысанітарыя.

Вялікі рускі пісьменнік Леў Талстой пісаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя адна да другой, а кожная нешчаслівая — нешчаслівая па-свойму. У дадзеным выпадку няшчасце аднолькавае — бе­задказныя, бяздзейныя бацькі. Адабранне дзяцей і змяшчэнне іх на паўгода ў прытулак — не канчатковы прысуд, а магчымасць выправіць свае паводзіны, абуладкаваць быт і вярнуць дзяцей у сям’ю. Грэшна не скарыстацца ёй.

Марына Нагановіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:

— Дзяржава аказвае вялікую падтрымку бацькам у выхаванні дзяцей. Асабліва адчувальная яна ў мнагадзетных сем’ях. Пры нараджэнні трэцяга дзіцяці яны атрымліваюць сямейны капітал у размеры 22 500 рублёў, права на атрыманне льготных крэдытаў або аднаразовых субсідый на будаўніцтва жылля, 75% якіх пагашае дзяржава, а калі ў сям’і чацвёра і больш дзяцей — то ўсе 100%. Штомесяц выплачваецца адрасная дапамога. Дзеці атрыміва­юць бясплатнае харчаванне ў садках і школах. Аднак не ўсе бацькі правільна распараджаюцца гэтымі сродкамі. Нямала такіх фактаў, калі яны фактычна жывуць за рахунак сваіх дзяцей, ды ў дадатак злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Асабліва трывожыць жаночы алкагалізм.

Калі мы часова адбіраем дзяцей ад гора-бацькоў, у камісіі распрацоўваецца план работы з імі. У яго выкананні задзейнічана паўтара дзясятка суб’ектаў прафілактыкі (усе яны прадстаўляюць дзяржаўныя органы). Але хіба дзяржава, а не бацькі павінны клапаціцца пра сваіх непаўналетніх дзяцей? Таму звяртаюся да мам і тат: даражыце сваімі дзецьмі, любіце і клапаціцеся пра іх! Вы далі ім жыццё, дык зрабіце ж усё для таго, каб яно было годным.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.