Поставчане победили в IV республиканских соревнованиях по шотокан каратэ-до «Беларусь синеокая»

Спорт

Прынялі гасцей і перамаглі іх

У нядзелю, 29 жніўня, у спартыўнай зале СШ №1 адбыліся IV рэспубліканскія спаборніцтвы па шатакан каратэ-до «Беларусь синеокая». Яны былі прымеркаваны да 40-годдзя маладзёжнага ваенна-спартыўнага клуба «Азімут». Увесь гэты час яго ўзначальвае Сяргей Сядых. Ён быў на спаборніцтвах галоўным суддзёй і падзяліўся сваімі ўражаннямі ад турніру.

У спаборніцтвах удзельнічалі 53 спартсмены ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў. У Паставы яны прыехалі з Гродна, Мастоў, Карэлічаў, Зэльвы, Жодзіна, Смалявічаў, Калодзішча і Мінска. Ганаровымі гасцямі турніру сталі старшыня Беларускай федэрацыі шатакан каратэ-до, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Андрэй Вількін (7 дан), тэхнічны дырэктар федэрацыі, заслужаны майстар спорту, шматразовая чэмпіёнка свету, Еўропы і Рэспублікі Беларусь, самая тытулаваная спартсменка ў СНД у гэтым відзе спорту Святлана Вількіна (6 дан). На адкрыцці прысутнічаў і начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі.

Сяргей Сядых з аднымі з самых юных удзельнікаў турніру — Русланам Селіванавым і Іванам Паповым

— Рэспубліканскі турнір па каратэ-до ў Паставах апошні раз праводзіўся ў 2015 годзе, — адзначыў Сяргей Сядых. — Яго арганізацыя — справа клопатная і адказная, але вынік таго варты. Юным спартсменам такія спаборніцтвы даюць выдатны вопыт, а трэнеры ў сваю чаргу могуць праверыць сілы падапечных.

Турнір праходзіў на працягу ўсяго дня, пераможцаў выяўлялі ў розных узроставых і кваліфікацыйных групах. Пастаўчане занялі шэраг прызавых месцаў і сталі ўладальнікамі «золата» ў камандным заліку, крыху апярэ­дзіўшы каманду з Мінска. Трэцімі сталі госці са Смалявічаў.

— Наша каманда была самая шматлікая — 18 чалавек,— працягваў Сяргей Генадзьевіч. — Рады, што «азімутаўцы» не разгубіліся і паказалі ўсё, на што здольныя. Асабліва прыемна было, калі высокі вынік паказвалі тыя, хто на трэніроўках выглядаў досыць сціпла. Але 1-е месца ў камандным заліку — ніяк не выпадковасць. З сярэдзіны ліпеня дзеці прыходзілі на трэніроўкі 6 разоў на тыдзень. Моцнай матывацыяй для іх было не прайграць у родных сценах.

З пастаўчан на турніры асабліва сябе праявілі Іван Папоў, Раман Тамілін, Ілья Конеў, Дзяніс Вештарт і іншыя. Усяго ў «Азімуце» цяпер займаецца 20 чалавек. З новага навучальнага года да іх могуць далучыцца і іншыя — у верасні ідзе набор у падрыхтоўчыя групы па шатакан каратэ-до (для дзяцей 4—6 гадоў) і малодшыя (ад 7 гадоў). Трэніроўкі ў іх праходзяць 2 і 3 разы на тыдзень адпаведна. Можна запісацца і ў групу па рукапашным баі. Туды прымаюцца любыя ахвотныя ва ўзросце ад 14 гадоў.

Вучыць рукапашнаму бою таксама Сяргей Сядых. Цяпер ён заняты яшчэ і арганізацыяй мерапрыемства, прымеркаванага да 40-гадовага юбілею «Азімута». На ім будуць прысутнічаць і ветэраны клуба, і цяперашнія яго выхаванцы. Урачыстасць запланавана на лістапад.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.