Поставчанка и многодетная мама Анастасия Подпрятова награждена орденом Матери

Главное Общество

Дзеці – наша найвялікшая радасць і гонар

У гэтым, ледзь стрымліваючы слёзы радасці, прызналася пастаўчанка Анастасія Падпратава падчас уручэння ёй ордэна Маці. Гледзячы на танклявую, нібы падлетак, маладую жанчыну, не толькі мне цяжка было паверыць, што перад намі мнагадзетная мама. Анастасія з усмешкай запэўнівае: «Усё так і ёсць»

Высокую дзяржаўную ўзна­гароду Анастасіі ў сераду ўручыў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чым­бург.

— Ордэн Маці — найвышэйшая адзнака жанчыны ў нашай краіне. Дзякую вам за тое, што вы не проста нарадзілі, але і годна выхоўваеце пяцярых дзетак, — не шкадаваў шчырых слоў Станіслаў Уладзіміравіч. — Няхай яны заўжды будуць паслухмянымі, а калі стануць дарослымі — падтрымліваюць і не забываюць сваіх бацькоў, самааддана клапоцяцца пра вас з мужам, як гэта робіце зараз вы. Жадаю вам моцнага здароўя, жыць душа ў душу, а галоўнае — ганарыцца сваімі дзецьмі.

З высокай дзяржаўнай узнагародай Анастасію Падпратаву віншуюць Станіслаў Чымбург і Наталля Седзюкевіч

— Беларускі саюз жанчын далучаецца да віншаванняў!— гаварыла старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Седзюкевіч. — Жаночага вам шчасця, няхай радасныя падзеі ў жыцці будуць бясконцымі і акрыляюць, а дзеці заўжды радуюць, растуць надзейнымі памочнікамі. Будзьце для іх самым дарагім чалавекам!

Дома мамінай узнагародзе радуюцца 15-гадовы Раман, Іаана (5 гадоў), Варвара (4), Макар (3) і Яраслава (1,8), а таксама муж Ігар. Для кожнага Насця знаходзіць асаблівыя словы, расказваючы пра сваю сям’ю. Старэйшы сын захапляецца спортам, аддаючы перавагу футболу і практыкаванням на турніках. Іаана не па ўзросце разважлівая і мэтанакіраваная, не можа дачакацца, калі сядзе за школьную парту. Ужо ведае алфавіт, умее лічыць, цікавіцца англійскай мовай. Варвара — рухавая, любіць спяваць і танцаваць, марыць займацца каратэ. Макар праяўляе інтарэс да машын, Яраслава ўжо ва ўсю «шчабеча». Тата, які працуе прадаўцом у прыватніка, вельмі добры, балуе дзетак нават больш, чым матуля.

— Раман з гэтага года вучыцца ў пастаўскім каледжы, усе астатнія выхоўваюцца дома — у нас міні-садок, — расказвала Анастасія Падпратава. — Я адна ў бацькоў, заўсёды марыла пра браціка і сястрычку. Можа, таму і хачу, каб мае дзеці не былі адны ва ўсім свеце, а падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну адно аднаго. Праўда, вялікую шчаслівую сям’ю я ўяўляла сабе дзесьці з трыма дзецьмі. Таму, калі зацяжарыла пятым, запанікавала. Але лічу, што калі Бог дае такі падарунак, то ад яго нельга адмаўляцца. Зразумела, турбот хапае: трэба прыбраць у кватэры, памыць бялізну, усіх накарміць… Амаль увесь мой дзень і праходзіць на кухні. Але я ўжо не ўяўляю іншага жыцця. Дзеці — наша найвялікшая радасць і гонар.

Па словах Анастасіі, яны вельмі дружныя паміж сабой, паслухмяныя. Заўсёды цалуюць і абдымаюць адно аднаго і маму з татам перад сном. Бацькі іх вучаць быць ветлівымі, шчырымі, паважаць старэйшых і вельмі радуюцца, калі бачаць плён свайго выхавання. У хуткім часе ў Насці і Ігара прыемных клопатаў стане яшчэ больш — у сям’і чакаецца папаўненне.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.