Профсоюзы устроили праздник для воспитанников Социально-педагогического центра и детей из приемных семей

Общество

Сшыткі, алоўкі, добры настрой ад Ромбіка і Вясёлкі атрымалі выхаванцы Сацыяльна-педагагічнага цэнтра і дзеці з прыёмных сем’яў.

Свята на заканчэнне летніх канікулаў для іх арганізавалі прафсаюзы. Ладзілася яно на базе СТК «Азёркі». Сюды госці прыехалі на мікрааўтобусе фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Іх сустракалі старшыні: раённага аб’яднання прафсаюзаў — Іна Далецкая, работнікаў АПК — Васілій Катовіч, прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму — Валянціна Друсь, прадстаўнік райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Зоя Харэцкая. Іна Далецкая прывітала выхаванцаў і выхавальнікаў СПЦ, прыёмных бацькоў і дзяцей.

Усмешкі азарылі твары малых, калі пад вясёлую музыку на пляцоўку выбеглі яркія клоўны Вясёлка і Ромбік, у ролі якіх выступілі работнікі Юнькаўскага сельскага клуба Алёна Зубко і Валерый Жук’ян. Яны падрыхтавалі насычаную анімацыйную праграму, падчас якой забаўлялі дзетак конкурсамі, гульнямі, танцамі. Затым усе селі за стол і на свежым паветры частаваліся піцай, цукеркамі, сокамі, кавуном, дыняй. Усе прысмакі набытыя за кошт сродкаў райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Падчас свята ў Азёрках

— Жнівень — гарачы час для прафсаюзаў, — гаварыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая. — Па ўсёй краіне праходзяць розныя акцыі, мэта якіх — дапамагчы бацькам сабраць дзяцей у школу.  Кожны год актыўна ўключаюцца ў дабрачыннасць і прафсаюзныя арганізацыі, якія ўваходзяць у склад нашага раённага аб’яднання. Яны набываюць канцылярскія тавары, школьныя прылады, ­адзенне, абутак і перадаюць выхаванцам Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна, дзецям з малазабяспечаных, няпоўных, мнагадзетных сем’яў, а таксама тым, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. У марафон «Сабраць партфель у школу» ўключыліся практычна ўсе прафарганізацыі. Так, члены пярвічных прафарганізацый 1-га ваеннага шпіталя, цэнтра банкаўскіх паслуг №217 у Паставах «Белаграпрамбанка», райкам прафсаюза работнікаў АПК набылі канцтавары, інвентар для кухні, сродкі гігіены, салодкія падарункі для СПЦ. Прафарганізацыя лясгаса купіла партфелі, напоўніла іх алоўкамі, сшыткамі і школьнымі прыладамі і перадала дзецям з сацыяльна небяспечных сем’яў.

— Падчас акцый «Прафсаюзы — дзецям», «З дабром — ад прафсаюзаў»  важна не толькі пера­даць дзецям неабходныя рэчы, але і пакінуць у іх сэрцах свята, — зрабіў заключэнне Васілій Катовіч. — З гэтай мэтай і ладзілася сённяшняе мерапрыемства. Усе прысутныя на ім засталіся задаволенымі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.