С хорошими результатами вернулась поставская команда с областных соревнований по спортивному ориентированию

Спорт

На першынстве вобласці – першы

9—10 верасня адбыліся 39-я абласныя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні сярод дзіцяча-юнацкіх каманд. Яны прайшлі ў вёсцы Паграбянка Сенненскага раёна і былі прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Пятра Міронавіча Машэрава. Сярод 10 каманд-удзельніц былі і пастаўчане, якія вярнуліся дадому з важкімі дасягненнямі.

На Сенненшчыну з нашага горада адправіліся 15 чалавек ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. Усе яны актыўна займаюцца ў турыстычным клубе «Магелан», што працуе пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Кіруе ім педагог дадатковай адукацыі Уладзімір Кароль. Ён і расказаў «ПК» пра вынікі і ўражанні ад нядаўніх абласных спаборніцтваў.

Данііл Бондар, вучань СШ №2 імя Н. Асяненкі

Гэта былі два шыкоўныя дні ў вельмі маляўнічым месцы, — ­расказваў Уладзімір Пятровіч. — Здорава, што мае падапечныя змаглі пабываць на Сенненшчыне і пазмагацца з моцнымі сапернікамі. Невялікае хваляванне прысутнічала: усё ж такі мы ўдзель­нічалі ў гэтых спаборніцтвах упершыню. Але тым больш прыемным стаў поспех нашай каманды. Вучань СШ №2 імя Н. Асяненкі Данііл Бондар аказаўся першым на спрынтарскай дыстанцыі ва ўзроставай групе М-14 (у яе ўваходзілі юнакі 2007—2008 гадоў нараджэння). Алеся Ворса з СШ №1 стала трэцяй на сярэдняй дыстанцыі — яна спаборнічала з дзяўчатамі 2009-2010 гадоў нараджэння.

Уладзімір Кароль упэўнены, што гэтаму поспеху паспрыялі летнія зборы па спартыўным арыентаванні, якія прайшлі ў жніўні ў Глыбоцкім раёне. Да суседзяў «магеланаўцы» хутка адправяцца зноў — 25 верасня адбудзецца першынство Глыбоцкага раёна па спартыўным арыентаванні.

— Поспехі старэйшых школьнікаў натхняюць на плённую працу дзяцей, якія толькі-толькі ўключыліся ў работу нашага клуба, — упэўнены Уладзімір Кароль. — У верасні ў «Магелане» набрана новая група, у якую ўвайшлі 15 вучняў з розных школ горада. Па-ранейшаму будзем займацца на базе СШ №2 і шчыраваць над тым, каб год ад году вынікі пастаўчан на прадстаўнічых спаборніцтвах былі як мага вышэйшымі.

Іна Сняжкова
Фота Уладзіміра Караля



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.