С любовью к детям: «Белая Русь» поздравила многодетную семью Пасечник с началом учебного года и новосельем

Общество

«Белая Русь» – з любоўю да дзяцей

Сёлетняе 1 Верасня ў Пасечнікаў было вельмі мітуслівым: напярэдадні сям’я пераехала з уласнага ў дом сямейнага тыпу, дзеці абуладкоўвалі свае пакоі, раскладвалі рэчы… На наступны дзень, вярнуўшыся з урачыстай лінейкі, усе разам чакалі гасцей. З падарункамі да іх завіталі старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Павел Трава, яго намеснік Іна Краўчук, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Ніна Каспяровіч. Яны павіншавалі сям’ю з пачаткам новага навучальнага года і наваселлем, уручылі дзецям ранцы са школьнымі прыладамі.

У Таццяны і Юрыя пяцёра сыноў. Больш за 10 гадоў таму, калі старэйшыя сталі самастойнымі, яны рашыліся ўзяць прыёмнае дзіця — чатырохгадовага Дзіму з дзіцячага прытулку ў Паставах. Пазней высветлілася, што яго малодшая сястрычка Даша знаходзіцца ў дзіцячым доме ў Віцебску. Забралі і яе. А каб дзяўчынцы не было сумна сярод хлопчыкаў, узялі Свету.

Сям’я Пасечнік у новым доме

Сёння Пасечнікі выхоўваюць 9 дзяцей. Родныя, Улад і Арсеній, вучацца адпаведна ў 10 і 7 класах. Дзіма, якога ўсынавілі паўтара года таму, — пяцікласнік. Сям’ю папоўнілі Ваня і Саша 2008 года нараджэння, Маргарыта — 2012-га.

— Кіраўніцтва аддзела па адукацыі прапанавала нам перакваліфікавацца з прыёмных баць­коў у бацькоў-выхавальнікаў і пераехаць у дом сямейнага тыпу, — расказвалі Таццяна і Юрый. — Доўга думалі, разважалі і нарэшце згадзіліся. Старэйшыя сыны — Дзмітрый, Ілья і Антон — жывуць асобна.

Выхаванне — справа вельмі складаная. Некаторыя з прыёмных дзяцей, да таго ж, маюць праблемы са здароўем. Пасечнікі ўсіх стараюцца вучыць не толькі самастойнасці ў быце, але і дабрыні, спагадзе, шчырасці, павазе да дарослых, адказнасці за свае ўчынкі. Усе дзеці паміж сабой вельмі дружныя.

— Кожнаму дзіцяці для поўнага і гарманічнага развіцця неабходна расці ў сям’і, — гаварыў Павел Трава. — Але, на вялікі жаль, ёсць дзеці, якія з-за розных абставін гэтага пазбаўлены. Каб вярнуць дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, магчымасць жыць у атмасферы любові, шчасця і клопату, у нашай краіне развіты інстытут замяшчальнай сям’і. Таццяна і Юрый зарэкамендавалі сябе клапатлівымі бацькамі. Яны ўмеюць знайсці падыход да кожнага дзіцяці, нягледзячы на тое, што ўсе розныя, са сваім характарам і звычкамі. Адаптацыя дзяцей, якія перададзены на выхаванне сям’і Пасечнік, праходзіць паспяхова. Сёння мы пагутарылі з выхаванцамі дома сямейнага тыпу, пацікавіліся іх захапленнямі, штодзённымі справамі. Адчуваецца, што ў сям’і пануе добразычлівая атмасфера.

Пакуль гутарыла з дарослымі, дзеці з цікаўнасцю разглядвалі тое, што было ў рукзаках. Затым паклікалі Таццяну і Юрыя, каб паказаць ім фарбы, алоўкі, сшыткі, альбомы. Глядзела на шчаслівыя твары дзетак — і радавалася, што яны трапілі да такіх клапатлівых бацькоў, як Пасечнікі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.